У Варшаве пройдзе футбольны турнір «Кубак Мелказёрава»
1 жніўня, у суботу, у Варшаве згуляюць V Турнір Беларускай Салідарнасці — Кубак Мелказёрава.

У 2022 годзе гэты аматарскі футбольны турнір быў арганізаваны ў падтрымку беларускага журналіста Аляксандра Івуліна, які тады знаходзіўся за кратамі. Турнір, вядомы як Кубак Івуліна, стаў штогадовай традыцыяй, якая аб’ядноўвае беларусаў і беларусак.
Сёлета па ініцыятыве Аляксандра Івуліна турнір перайменавалі ў Кубак Мелказёрава, у памяць пра журналіста, які заўчасна сышоў у снежні 2025 года.
«Гэты Кубак заўсёды быў пра супольнасць, салідарнасць і сапраўдныя беларускія каштоўнасці. З гэтага года ён яшчэ і пра памяць. Пра памяць пра Мікіту. Пра чалавека, з якім мы беларуселі разам. Пра чалавека, які кожную суботу даказваў, што нашае жыццё — маліна. Пра чалавека, які верыў, што сонца загляне», — пісаў Аляксандр Івулін.
Турнір адбудецца па адрасе ul. Marymoncka 34, Варшава, Акадэмія фізічнага выхавання. Пачатак — у 10.00.
Плануецца, што цягам дня за кубак будуць змагацца больш за 20 каманд. Будзе забаўляльная зона для дзяцей, кропкі з вулічнай ежай і дабрачынная латарэя ад BYSOL з падарункамі ад вядомых беларусаў.
Арганізатары запрашаюць усіх жадаючых, уваход вольны.
«Для Мікіты гэты турнір быў вельмі важны. Таму давайце і мы будзем разам у гэты дзень», — кажа Аляксандр Івулін.
Праграма Кубка — па спасылцы.
@bajmedia