У Вільні пачалася канферэнцыя «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты»
Падчас канферэнцыі таксама пройдзе ўзнагароджанне прэміяй «Вольнае слова». Гэтым разам на цырымоніі прысутнічае адзін з заснавальнікаў прэміі Андрэй Аляксандраў, які два дні таму быў вызвалены з‑за кратаў.

На канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ
На канферэнцыі будзе весціся пра ўмовы і стандарты працы беларускіх медыя сёння, давер аўдыторыі, выклікі і поспехі недзяржаўных выданняў.
У межах мерапрыемства запланаваныя дзве панэльныя дыскусіі: «Якасць журналістыкі ва ўмовах абмежавання свабоды слова» і «Журналісцкія расследаванні ў 2026 годзе: прарывы, пытанні, праблемы».

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец выступае з вітальным словам на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ
Падчас адкрыцця старшыня БАЖ Андрэй Бастунец зазначыў, што ў канферэнцыі ўжо маецца пэўная традыцыя:
«Летась да нас прыйшлі журналісты, толькі вызваленыя з‑за кратаў. Яны паглядзелі на фота — мы ладзілі традыцыйную выставу зняволеных калег. І сёлета мы тут бачым Андрэя Аляксандрава, які толькі-толькі выйшаў на волю».

Былы палітзняволены Андрэй Аляксандраў выступае на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ
«Дзякуй, што вы ёсць і што вы працягваеце журналісцкую справу. Я адчуваў вашу падтрымку штодня. Я ведаў, што вы робіце. Я ведаў: людзі працуюць, справа працягваецца. Можна быць спакойным. Мы мацней за абставіны, мы разам. І сёння мне вельмі прыемна быць у кампаніі нармальных людзей, нават з валасамі на галаве», — з фірмовым гумарам прамовіў Андрэй Аляксандраў.
Калі год таму, на мінулай канферэнцыі, экс-палітвязні бачылі свае фота — якія, на шчасце, ужо можна было прыбраць з выставы, то сёння на знак салідарнасці падчас канферэнцыі праходзіць выстава калажоў. Яны былі створаныя месяц таму падчас майстар-класу на МедыяКэмпе, кожны калаж — гэта гісторыя вобразаз пра канкрэтнага палітвязня. Калаж у гонар Людмілы Чэкінай, на шчасце, ужо неактуальны для сённяшняй выставы.

Калаж, прысвечаны Людміле Чэкінай, на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ
Перад пачаткам уласна канферэнцыі Андрэй Бастунец урачыста выправіў лічбу палітзняволеных журналістаў у апісанні выставы калажаў — з 20 палітзняволеных на 15. «Найхутчэй — да нуля», — зазначыў ён.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец сімвалічна выпраўляе лічбу палітзняволеных журналістаў у апісанні выставы на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ
У другой палове дня адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу БАЖ «Вольнае слова». «Рады, што сёння тут будзе адзін з айцоў заснавальнікаў конкурсу — Андрэй Аляксандраў», — дадаў Андрэй Бастунец.
@bajmedia