• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дональд Трамп упершыню трапіў у спіс «Драпежнікаў свабоды прэсы». Лукашэнка там ад 2004 года

    Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) апублікавала 2 лістапада, у Міжнародны дзень барацьбы з беспакаранасцю за злачынствы супраць журналістаў, партрэты 33 драпежнікаў свабоды прэсы, якія ў 2026 годзе нападалі на журналістаў і СМІ. Што іх аб’ядноўвае? Аднолькавая нянавісць да свабоды прэсы.

    Галерэя драпежнікаў прэсы-2026. RSF

    Галерэя драпежнікаў прэсы-2026. RSF

    Фаварыт гонкі драпежнікаў

    «Іх метады розныя, але мэты аднолькавыя: прымусіць замаўчаць незалежныя галасы і растаптаць свабоду інфармацыі. Забойствы, турэмныя тэрміны, дыскрэдытацыя, прапаганда, выкарыстанне арміі троляў… Усе сродкі добрыя, каб прымусіць апанента замаўчаць. Гэта іранічны рэйтынг, які, тым не менш, дэманструе разнастайнасць і жорсткасць стратэгій, што прымяняюцца супраць журналістыкі», — зазначаюць у RSF.

    «Рэпарцёры без межаў» называюць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа фаварытам гонкі драпежнікаў цягам апошняга года, Трамп «цалкам заслужыў сваё месца ў галерэі драпежнікаў».

    Трамп, «магчыма, і не звяртаецца да такіх жа смяротных метадаў, як некаторыя іншыя «драпежнікі», але ён трывала замацаваў за сабой месца ў гэтым клубе рэпрэсіўных дзеячоў і сіл, мэтанакіравана імкнучыся падчас свайго другога прэзідэнцкага тэрміну ператварыць журналістыку ў палітычную прапаганду ў Злучаных Штатах, якія цяпер займаюць 64‑е месца ў Сусветным індэксе свабоды прэсы паводле версіі RSF».

    У RSF адзначаюць, што наступ Трампа на прэсу ўсё часцей выходзіць за межы рыторыкі і дзяржаўнай палітыкі, выяўляючыся ў тым ліку ў фізічных абмежаваннях, якія накладаюцца на журналістаў.

    RSF: Трамп набліжаецца да ўключэння ў спіс «драпежнікаў свабоды прэсы»

    «Каб падарваць давер да СМІ і выкарыстаць на сваю карысць іх эканамічныя праблемы»

    У спісе фігуруюць даўнія ворагі прэсы — Уладзімір Пуцін (Расія), Даніэль Артэга (Нікарагуа) і Аляксандр Лукашэнка. Апошні трывала замацаваўся ў галерэі драпежнікаў з 2004 года.

    «Сёлета, як і раней, свае месцы захавалі такія структуры, як Армія абароны Ізраіля, мексіканскія наркакартэлі і Камуністычная партыя Кітая, якія працягваюць сумную практыку сілавога ціску на журналістаў. Урад Біньяміна Нетаньяху пры дапамозе Арміі абароны Ізраіля праводзіць рэпрэсіўную палітыку ў дачыненні да журналістаў у сектары Газа, на Заходнім беразе ракі Іардан і нават у Ліване, — кажуць у RSF. — Кітай пад кіраўніцтвам Сі Цзіньпіна застаецца для журналістаў самай вялікай турмой у свеце. Што да мексіканскіх наркакартэляў, то яны падтрымліваюць атмасферу страху ў фармальна «мірнай» краіне, дзе сёлета забойствы журналістаў адбываліся штомесяц. Новы ўдзельнік гэтай катэгорыі — прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі, пры рэжыме якога толькі за апошнія некалькі тыдняў былі затрыманыя журналісты-фактчэкеры сайта «Матсаддаш», а таксама закрыты папулярны навінавы сайт «Мада Маср».

    У катэгорыі «Права» да такіх драпежнікаў, як прэм’ер-міністр Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган або кангламерат кампаній індыйскага бізнесмена Гаўтама Адані, далучыўся прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. Усе яны робяць усё магчымае, каб пераследаваць прэсу, ініцыюючы супраць журналістаў і СМІ неабгрунтаваныя судовыя працэсы.

    Свабодзе прэсы таксама сур’ёзна пагражаюць дзеянні тых, хто штодня працуе над тым, каб падарваць давер да СМІ і выкарыстаць на сваю карысць іх эканамічныя праблемы. У катэгорыі «Грамадства» такія структуры, як Батальён хуткага інфармацыйнага рэагавання (BIR‑C) у Буркіна-Фасо або «OpIn­dia» ў Індыі, указваюць на іншую трывожную тэндэнцыю: пачасціліся хакерскія атакі, якія ажыццяўляюцца з ведама ўладаў або па іх замове і маюць на мэце распаліць нянавісць да СМІ, што сталі мішэнню гэтых атак. У Аргенціне Хаўер Мілей, які заяўляў, што «мы недастаткова ненавідзім журналістаў», увасабляе гэтую тэндэнцыю: паводле расследавання RSF, усяго за 47 дзён у красавіку і маі 2026 года ў акаўнце ў сацыяльнай сетцы X было апублікавана больш за 1600 паведамленняў, «негатыўна скіраваных на журналістаў».

    У эканамічнай сферы буйныя тэхналагічныя карпарацыі, такія як «Alpha­bet» і «Meta», уплывовыя мільярдэры, такія як Бідзіна Іванішвілі або Венсан Балёрэ, а таксама палітычныя дзеячы, такія як Уладзімір Табак, дэманструюць разнастайнасць эканамічных стратэгій «драпежнікаў», скіраваных на аслабленне незалежных СМІ, ускладненне ім доступу да фінансавання і падрыў рэдакцыйнай незалежнасці.

    Хто яшчэ ў антырэйтынгу RSF?

    Генеральны дырэктар RSF Тыбо Брутэн кажа:

    «Спіс драпежнікаў — гэта антырэйтынг RSF, нешта накшталт кінапрэміі «Залатая маліна», якой адзначаюць найгоршыя дасягненні ў кіно. Толькі ў нашым выпадку ўзнагароды атрымліваюць за найгоршыя дзеянні або спробы дзейнічаць супраць прэсы. Гэты спіс не прэтэндуе на поўную аб’ектыўнасць, але ў ім прадстаўлены толькі тыя людзі і арганізацыі, якія на працягу мінулага складанага года прадэманстравалі відавочнае імкненне нашкодзіць журналістыцы.

    І варта камусьці, па чыім сыходзе мы не будзем шкадаваць, пакінуць гэты спіс — напрыклад, Алі Хаменеі (Іран), Нікаласу Мадура (Венесуэла), Віктару Орбану (Венгрыя) або Аляксандру Вучычу (Сербія), — як на яго месца адразу з’яўляецца новы прэтэндэнт.

    Калі ж гаварыць больш сур’ёзна, то ў дадатак да Сусветнага індэкса свабоды прэсы RSF, у якім мы штогод ацэньваем змены сітуацыі са свабодай прэсы ў розных краінах, існуе і гэтая галерэя драпежнікаў. У ёй сітуацыя паказаная пад іншым вуглом, а таксама названыя асобы, адказныя за яе пагаршэнне.

    За статыстыкай, пагаршэннем сітуацыі і перашкодамі ў працы прэсы стаяць канкрэтныя людзі. Яны могуць дзейнічаць з дапамогай фізічнага або рыторы́чнага гвалту, заканадаўства, пагроз, анлайн-маніпуляцый ці эканамічнага ціску, але ўсіх гэтых драпежнікаў аб’ядноўвае адно: жаданне перашкодзіць журналістам выконваць сваю працу, пазбавіць грамадзян права на свабодныя і незалежныя крыніцы інфармацыі.

    RSF нічога не выдумляе: для кожнага з драпежнікаў ствараецца партрэт на своеасаблівую дошку ганьбы з апісаннем яго дзейнасці, рыторыкі і асноўных метадаў, якія ён выкарыстоўвае. Назваць драпежнікаў, зрабіць іх метады агульнавядомымі і апісаць іх злачынствы — значыць адмовіцца мірыцца з падобнымі нападкамі.

    У адказ тым, хто хоча прымусіць прэсу замаўчаць, RSF і надалей будзе называць па імені тых, хто забівае журналістыку».

    ПАЛІТЫКА

    1. Ільхам Аліеў (Азербайджан) — Усходняя Еўропа/Цэнтральная Азія (УЕЦА)
    2. Аляксандр Лукашэнка (Беларусь) — УЕЦА
    3. Уладзімір Пуцін (Расія) — УЕЦА
    4. Даніэль Артэга (Нікарагуа) і Роса Мурыльё — Лацінская Амерыка
    5. Хайбатулла Ахундзада (Афганістан) — Паўднёвая Азія
    6. Мухузі Кайнеругаба (Уганда) — Афрыка
    7. Дональд Трамп (ЗША) — Паўночная Амерыка

    СІЛАВЫЯ СТРУКТУРЫ

    1. Армія абароны Ізраіля (Ізраіль) — Блізкі Усход
    2. Камуністычная партыя Кітая (Кітай) — Усходняя Азія
    3. Картэль «Новае пакаленне Халіска» і іншыя картэлі (Мексіка) — Лацінская Амерыка
    4. Хунта ў Буркіна-Фасо — Афрыка
    5. Мухамед бін Салман (Саудаўская Аравія) — Блізкі Усход
    6. Абдэль Фатах ас-Сісі (Егіпет) — Афрыка
    7. М23 (ДР Конга) — Афрыка
    8. Хунта Мамадзі Думбуя (Гвінея) — Афрыка

    ПРАВА

    1. Брэндан Кар (ЗША) — Паўночная Амерыка
    2. Рэджэп Таіп Эрдаган (Турцыя) — Еўропа
    3. Джон Лі Качхіу (Ганконг) — Усходняя Азія
    4. Раскамнагляд РФ (Расія) — УЕЦА
    5. Кангламерат «Адані» (Індыя) — Паўднёвая Азія
    6. Касым-Жамарт Такаеў (Казахстан) — УЕЦА

    ЭКАНОМІКА

    1. Кампаніі «Alpha­bet» і «Meta» (ЗША) — Паўночная Амерыка
    2. Бідзіна Іванішвілі (Грузія) — УЕЦА
    3. Уладзімір Табак (Расія) — УЕЦА
    4. Венсан Балёрэ (Францыя) — Еўропа
    5. Уільям Руто (Кенія) — Афрыка

    ГРАМАДСТВА

    1. Ілан Маск (ЗША) — Паўночная Амерыка
    2. «Hon­est Report­ing» (Ізраіль) — Блізкі Усход
    3. Роберт Фіца (Славакія) — Еўропа
    4. Хаўер Мілей (Аргенціна) — Лацінская Амерыка
    5. Маргарыта Сіманьян (Расія) — УЕЦА
    6. «OpIn­dia» (Індыя) — Паўднёвая Азія
    7. BIR‑C (Буркіна-Фасо) — Афрыка
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.