• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Індэкс свабоды слова-2026. Сітуацыя — найгоршая за апошнія 25 гадоў

    Беларусь звыкла займае месца ў апошняй дваццатцы рэйтынгу — 165‑е. За год краіна паднялася на адну прыступку, але не з прычыны нейкіх паляпшэнняў у медыйнай сферы — некаторыя з суседзяў-аўтсайдараў «апярэдзілі» ў пагаршэннях.

    Так выглядае Індэкс свабоды прэсы ў 2026 годзе

    Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF), апублікавала штогадовы Індэкс свабоды прэсы-2026. За 25 гадоў назіранняў сярэдні рэйтынг краін ніколі не быў настолькі нізкім.

    Упершыню ў гісторыі Сусветнага індэкса свабоды прэсы арганізацыі «Рэпарцёры без межаў»  сітуацыя больш чым у палове краін свету аказваецца ў катэгорыях «складаная» або «вельмі складаная».

    Увядзенне законаў, якія абмяжоўваюць свабоду прэсы, у тым ліку ў межах палітыкі ўмацавання нацыянальнай бяспекі тых ці іншых краін, пачынаючы з 2001 года, прывяло да паступовага пагаршэння становішча са свабодай інфармацыі, у тым ліку — у дэмакратычных краінах.

    У RSF зазначаюць, што паказчык «права» больш за іншыя знізіўся ў гэтым годзе, што адлюстроўвае растучую колькасць судовых пераследаў супраць журналістаў і СМІ.

    «Прапаноўваючы гістарычную перспектыву ў межах 25-га, юбілейнага, рэйтынгу, RSF не проста робіць гістарычны экскурс, але спрабуе зазірнуць і ў будучыню, наўпрост задаючы пытанне: да якога моманту мы зможам мірыцца з задушэннем журналістаў і СМІ, з паступовым знішчэннем свабоды прэсы? Бо ў той час як метады нападу на свабоду прэсы становяцца ўсё больш складанымі і разнастайнымі, іх аўтары сёння нават не хаваюцца: гэта аўтарытарныя дзяржавы, палітыкі, якія іх падтрымліваюць або не ў сілах ім што-небудзь супрацьпаставіць, драпежныя эканамічныя сілы, лічбавыя платформы, якія выйшлі з‑пад кантролю — усе разам яны нясуць непасрэдную і сур’ёзную адказнасць за тое, што адбываецца, — зазначае Ан Бокандэ, рэдакцыйная дырэктарка RSF. — У падобным кантэксце сядзець склаўшы рукі становіцца ў некаторым родзе саўдзелам. Ужо недастаткова заяўляць аб прынцыпах — неабходная актыўная палітыка па абароне, яна павінна быць галоўным механізмам выпраўлення сітуацыі».

    На думку дырэктаркі, для пачатку неабходна пакласці канец крымінальнаму пераследу журналістаў за іх працу: злоўжыванне законамі аб нацыянальнай бяспецы, стратэгічныя судовыя іскі, сістэматычныя перашкоды правядзенню журналісцкіх расследаванняў, раскрыццю фактаў і імёнаў.

    Механізмы абароны застаюцца занадта слабымі, міжнароднае права — дэградуе, беспакаранасць — квітнее. Неабходныя цвёрдыя гарантыі і рэальныя санкцыі.

    «Сёння ініцыятыва ў руках дэмакратычных дзяржаў і іх грамадзян. Менавіта яны павінны перашкодзіць тым, хто хоча ўсталяваць закон маўчання. Аўтарытарызм заразны, але не з’яўляецца непазбежнасцю», — заяўляе Ан Бокандэ.

    Пяць ключавых фактаў Індэкса свабоды прэсы-2026  

    • Сярэдняя ацэнка ўсіх краін свету ніколі не была такой нізкай. Больш за палову краін свету (52,2 %) апынуліся ў катэгорыі «складанае» або «вельмі складанае», тады як у 2002 годзе яны былі ў пераважнай меншасці (13,7 %).
    • З пяці паказчыкаў, якія выкарыстоўваюцца для ацэнкі стану свабоды прэсы ў свеце (эканоміка, права, бяспека, палітыка, культура і грамадства), менавіта паказчык права мацней за ўсё пагоршыўся за апошні год.
    • ЗША (64‑е месца) страцілі 7 месцаў, у шэрагу краін Лацінскай Амерыкі рэйтынг прасеў асабліва моцна.
    • Нарвегія ўжо дзясяты год запар займае першае месца у рэйтынгу, а Эрытрэя ўжо тры гады займае апошняе.
    • Постасадаўская Сірыя (141‑е месца) больш за ўсіх паднялася у рэйтынгу 2026 года ў параўнанні з папярэднім годам (+ 36).

    «Рэпарцёры без межаў» кажуць пра такія змены: «Журналістаў па-ранейшаму забіваюць або саджаюць у турмы за іх працу, аднак драпежныя тактыкі супраць свабоды прэсы відазмяняюцца — сёння памірае сама журналістыка, задушаная палітычным дыскурсам, які бачыць у журналістах ворага, яна пакутуе ад усё менш спрыяльнай для СМІ эканамічнай кан’юнктуры і ад юрыдычнага ціску, пры якім законы, што абмяжоўваюць свабоду слова, выкарыстоўваюцца як інструмент супраць прэсы».

    У 2002 годзе 20 % насельніцтва планеты жыло ў краінах, у якіх становішча са свабодай прэсы лічылася «добрым». Праз 25 гадоў толькі 1 % насельніцтва свету знаходзіцца ў такім спрыяльным становішчы.

    Войны і абмежаванні на доступ да інфармацыі

    У некаторых краінах падобнае абмежаванне свабоды прэсы звязанае з узброенымі канфліктамі, што рэгулярна ўспыхваюць, у тым ліку ў Іраку (162‑е месца), Судане (161‑е месца) і Емене (164‑е месца).

    У іншых краінах сітуацыя застаецца нязменнай у выніку кіравання там дыктатарскіх рэжымаў

    У прыватнасці, падобная сітуацыя захоўваецца ў Кітаі (178‑е месца), КНДР (179‑е месца) або Эрытрэі (180‑е месца). У апошняй журналіст Давіт Ісаак ужо 25 гадоў знаходзіцца ў турме без суда і следства.

    Усходняя Еўропа — Цэнтральная Азія: зніжэнне рэйтынгу па ўсім рэгіёне

    У 2026 годзе рэгіён Усходняя Еўропа — Цэнтральная Азія застаецца на перадапошнім месцы Сусветнага рэйтынгу свабоды прэсы, у той час як блок Еўрасаюз+Балканы захоўвае першае месца, нягледзячы на пагаршэнне ўмоў для прафесійнай дзейнасці журналістаў.

    За выключэннем Косава, дзе назіраецца паляпшэнне (84‑е месца, +15), хоць краіна і застаецца сярод найгоршых у Еўропе, на Заходніх Балканах пераважае тэндэнцыя да пагаршэння сітуацыі. Нягледзячы на сваё імкненне да членства ў ЕС, Албанія (83‑е месца, ‑3), Боснія і Герцагавіна (90‑е месца, ‑4) і Сербія (104‑е месца, ‑8) з’яўляюцца краінамі, варожа настроенымі да журналістаў і ўспрымальнымі да прапаганды. Сярод краін Усходняй Еўропы Малдова (31‑е месца) па-ранейшаму застаецца адзінай з рэйтынгам «даволі добра». У цэлым у краінах рэгіёна ўсе індыкатары, асабліва прававы, маюць тэндэнцыю да пагаршэння.

    Агульнае пагаршэнне сітуацыі са свабодай прэсы ў рэгіёне тлумачыцца некалькімі паралельнымі працэсамі. Рэгіён усё больш нагадвае велізарную лабараторыю з перакуленымі каштоўнасцямі, дзе законнасць штучная і працуе найперш на інтарэсы ўладаў, а не на абарону права на інфармацыю.

    Грузія (135‑е месца), дзе больш за год працягваецца крызіс дэмакратыі і адбываюцца пераследы ўдзельнікаў пратэстаў і журналістаў, якія іх асвятляюць, апусцілася на 21 пазіцыю. Рэпрэсіўныя законы, прынятыя ў апошнія гады (аб «замежных агентах», аб фінансаванні СМІ), іх палітычнае прымяненне і перашкоды ў доступе да інфармацыі сведчаць пра значнае аслабленне прававой дзяржавы.

    У Арменіі (50‑е месца), якая перайшла ў катэгорыю «праблемных», падзенне ацэнкі па параметры «права» звязанае з ростам неабгрунтаваных судовых пераследаў за «паклёп» і заканадаўчымі ініцыятывамі, накіраванымі на запалохванне СМІ.

    У Казахстане (149‑е месца, ‑8) узмацненне прававых рамак спалучаецца з ускосным ціскам, ростам пераследаў у інтэрнэце і атмасферай беспакаранасці.

    Кыргызстан (146‑е месца) таксама прытрымліваецца падобнай тэндэнцыі, уразаючы юрыдычныя гарантыі для журналістаў.

    Індэкс свабоды прэсы ў 2026 годзе

    Індэкс свабоды прэсы ў 2026 годзе

    У ніжняй частцы рэйтынгу найгоршыя вынікі ў прававой катэгорыі (ад 22 да 32 балаў са 100) паказалі Беларусь (165‑е месца), Азербайджан (171‑е месца), Расія (172‑е месца) і Туркменістан (173‑е месца).

    У Беларусі і ў РФ законы аб барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам рэгулярна выкарыстоўваюцца як падстава для крымінальнага пераследу журналістаў за іх працу.

    На гэтым фоне Украіна (55‑е месца, +7) выглядае адносным выключэннем, палепшыўшы сваё становішча ў рэйтынгу, нягледзячы на расійскую агрэсію. Гэтая пазітыўная дынаміка з’яўляецца вынікам жыццяздольнасці галіны і расследавальніцкай працы некаторых украінскіх СМІ, што спрыяе ўмацаванню празрыстасці палітычнага жыцця краіны.

    Усходняя Еўропа і Блізкі Усход застаюцца самымі небяспечнымі рэгіёнамі для журналістаў

    Пра гэта сведчыць вынік пуцінскай Расіі (172‑е месца), якая працягвае агрэсіўную вайну супраць Украіны і застаецца сярод найгоршых краін для свабоды прэсы.

    Іран (177‑е месца, ‑1) таксама застаецца ў апошняй дзясятцы — у краіне над журналістамі, акрамя пераследу з боку рэжыму, навісае дадатковая пагроза ў сувязі з вайной, якую ЗША і Ізраіль вядуць на тэрыторыі краіны.

    Паступовае скарачэнне свабоды прэсы пад уплывам змены ўлады або ўзмацнення існуючага палітычнага рэжыму

    Падобная сітуацыя склалася ў Ганконгу (140‑е месца), які за 25 гадоў спусціўся на 122 пазіцыі ўніз у выніку пераходу пад юрысдыкцыю Пекіна, у Сальвадоры (143‑е месца), што на 105 ніжэй, чым у 2014 годзе, або ў Грузіі (135‑е месца), дзе ў апошнія гады моцна ўзмацніліся ганенні на журналістаў (-75 месцаў з 2020 года).

    На Блізкім Усходзе Саудаўская Аравія (-14 месцаў) перамясцілася ўніз у выніку рэгулярных выпадкаў гвалту ў дачыненні да журналістаў, у тым ліку пакарання смерцю Туркі аль-Джасера.

    У супрацьвагу гэтаму — сітуацыя ў Сірыі, дзе з падзеннем рэжыму Башара Асада ў снежні 2024 года пачаліся палітычныя пераўтварэнні, у выніку якіх краіна паднялася з 177-га на 141‑е месца.

    Крымінальныя пераследы журналістаў дасягнулі піку

    Значэнне параметра «права» з 2025 па 2026 год пагоршылася больш чым у 60 % краін (110 са 180). Гэта тычыцца Індыі (157‑е месца), Егіпта (169‑е месца), Ізраіля (116‑е месца), Грузіі (135‑е месца).

    Крымінальныя пераследы, якія абапіраюцца на злоўжыванне законамі аб надзвычайным становішчы і звычайным заканадаўствам, сталі агульнасусветнай з’явай.

    Злоўжыванне законамі аб нацыянальнай бяспецы прывяло да рэзкага падзення прававога паказчыка ў 2026 годзе  

    У ЗША, праз 25 гадоў пасля тэрактаў 11 верасня 2001 года, пашырэнне ахопу законаў аб вайсковай таямніцы і аб нацыянальнай бяспецы стала спосабам забараніць асвятленне грамадска важных сюжэтаў.

    Расія (172‑е месца) стала спецыялістам па выкарыстанні законаў аб барацьбе з тэрарызмам, сепаратызмам і экстрэмізмам. У красавіку 2026 года 48 журналістаў у Расіі знаходзіліся пад вартай.

    Падобны падыход таксама ў Беларусі (165‑е месца), М’янме (166‑е месца), Нікарагуа (168‑е месца) і Егіпце (169‑е месца).

    Ціск на грамадскія СМІ, неабгрунтаваныя судовыя іскі

    Пагаршэнне параметра «права» таксама звязанае са «стратэгічнымі судовымі іскамі супраць грамадскіх дзеячаў» (SLAPP-іскі), у тым ліку ў Балгарыі (71‑е месца), Гватэмале (128‑е месца) або Францыі (25‑е месца).

    У Інданезіі (129‑е месца), Сінгапуры (123‑е месца) і Тайландзе (92‑е месца) эліта карыстаецца заканадаўствам у сваіх мэтах.

    Больш чым у 80 % прааналізаваных краін механізмы абароны недастатковыя.

    Рэгламент ЕС аб свабодзе прэсы (EMFA) рэгулярна парушаецца нацыянальнымі ўладамі ў Венгрыі (74‑е месца), Славакіі (37‑е месца), Літве (15‑е месца) ці Чэхіі (11‑е месца).

    Палітычны і крымінальны гвалт на амерыканскім кантыненце

    З 2022 года 28 краін кантынента зрушыліся ўніз (-14 балаў).

    Дональд Трамп (ЗША, 64‑е месца) зрабіў нападкі на прэсу часткай сваёй сістэматычнай практыкі.

    Скарачэнні ў USAGM прывялі да закрыцця або праблем у такіх СМІ, як «Голос Америки» (VOA) і «Радыё Свабода» (RFE/RL).

    У Эквадоры (125‑е месца) і Перу (144‑е месца) адбыліся забойствы журналістаў.

    На Кубе (160‑е месца) і ў Нікарагуа (168‑е месца) медыяпрастора ў руінах.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае

    Праўленне БАЖ прыняло рашэнне па справе намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага

    26.08.2026
    Акцэнты

    Мониторинг пророссийской пропаганды в государственных телевизионных СМИ Беларуси. Январь – февраль 2026

    Основная цель мониторинга – определить и зафиксировать наличие, объем, содержание и форму пророссийской пропаганды, в том числе антизападной и антиукраинской пропаганды и интеграционной риторики, в ведущих белорусских государственных телевизионных СМИ.
    14.07.2026
    Акцэнты

    Праваабаронцы прызналі Юрыя Трашчынскага палітвязнем

    Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі апублікавалі сумесную заяву, датычную гукарэжысёра Юрыя Трашчынскага, абвінавачанага паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса Беларусі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні». Гукарэжысёру інкрымінавалася супрацоўніцтва з радыёстанцыяй «Беларускае Радыё Рацыя», якую КДБ 16 студзеня 2024 года абвясціў «экстрэмісцкім фармаваннем».
    21.07.2026
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.