Гродзенская пракуратура сёлета накіравала ў суды 75 заяў аб прызнанні інтэрнэт-рэсурсаў «экстрэмісцкімі»
З улікам таго, што ў заявах пракурора горада часам былі згаданыя не адзін, а некалькі рэсурсаў, іх колькасць сягае за сотню. Абсалютную большасць гэтых заяў разглядаў суд Ленінскага раёна Гродна.

Выява зроблена БАЖ пры дапамозе ChatGPT
Так, сёлета ў красавіку гэты суд прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» акаўнты Belsat in English у сацсетках Х і Facebook, а таксама акаўнты «БелНовости» ў Telegram і Instagram, прычым разам з лагатыпам.
У ліпені суд Ленінскага раёна Гродна пастанавіў лічыць «экстрэмісцкім» кантэнт акаўнта ў Х выдання Hrodna.life, у жніўні — навінавую старонку ў Instagram з назвай look.at.grodno, сайт польскага часопіса Gosc Niedzielny разам з сацсеткамі і лагатыпам, у верасні — Telegram-акаўнты «Салідарнасць – сувязь з рэдакцыяй» і «Реклама NEXTA 2», Telegram-боты «Редакция NEXTA» і «Рэдакция Медиазоны Беларусь».
У верасні паводле заяў з гарадской пракуратуры Гродна «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» былі прызнаны праваабарончы Telegram-акаўнт MAYDAY MOGILEV, Telegram-боты «Реклама Tribuna.com» і «Редакция “БГ”».
Як паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Гродзенскай вобласці, за дзесяць месяцаў 2026 года суд Ленінскага раёна горада Гродна прызнаў «экстрэмісцкімі» матэрыяламі інфармацыйную прадукцыю, размешчаную:
- у 65 Telegram-чатах, ботах і каналах;
- у 26 акаўнтах ці супольнасцях у сацыяльнай сетцы Facebook;
- на 7 старонках у сацыяльнай сетцы Instagram;
- на 7 каналах на відэахостынгу YouTube;
- у 4 акаўнтах у сацыяльнай сетцы TikTok;
- у 3 акаўнтах у сацыяльных сетках «ВКонтакте», «Х», Threads і інш.;
- на 3 інтэрнэт-сайтах.
Пераважна гэта навінавыя інтэрнэт-рэсурсы, старонкі ў сацсетках, якія належаць журналістам, праваабаронцам, апазіцыйным актывістам або структурам.
У адпаведнасці з судовымі рашэннямі гэтыя інтэрнэт-рэсурсы ўключаныя ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, і за любое ўзаемадзеянне з імі (уключаючы захаванне спасылак) чытачам і гледачам пагражае адміністрацыйная адказнасць.
@bajmedia