Вызвалілі палітзняволеную Яніну Пазняк, дачку журналіста Кірыла Пазняка
Палітзняволеная Яніна Пазняк выйшла на волю 16 верасня 2026 года ў выніку візіту ў Мінск Джона Коўла, спецпасланніка прэзідэнта ЗША.

Яніна Пазняк. Фота: з асабістага архіва
26 чэрвеня 2026 года Мінскі гарадскі суд вынес прысуды журналісту Кірылу Пазняку і ягонай дачцэ Яніне Пазняк. Іх прызналі вінаватымі паводле двух крымінальных артыкулаў: 361–1 КК — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» і 369–1 «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».
Кірыла Пазняка пазбавілі волі на 3,5 гады. Дакладны тэрмін Яніне невядомы — блізкія былі супраць агалошвання дэталяў па яе справе. Вядома, што абвінавачанне прасіла пакараць дваццацігадовую Яніну Пазняк пазбаўленнем волі тэрмінам на 3 гады.
Пазнякоў затрымалі 3 верасня 2025 года. На наступны дзень КДБ прызнаў YouTube-канал «Платформа 375», які стварыў Кірыл Пазняк, экстрэмісцкім фармаваннем. У крымінальнай справе і журналіст, і ягоная дачка прызнаны арганізатарамі. Уся віна Яніны палягала ў тым, што яна зарэгістравала канал у сацсетцы TikTok.
Пасля затрымання і да суда дзяўчыну амаль дзесяць месяцаў утрымлівалі пад вартай у следчым ізалятары.

Спецпасланніца МЗС Літвы па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю Аста Андрыяўскене апублікавала на сваёй старонцы ў Facebook першыя фота палітвязняў з мяжы
YouTube-канал «Платформа 375» быў зарэгістраваны ў красавіку 2021 года. У 2021–2022 гадах канал правёў некалькі анлайн-дэбатаў паміж праўладнымі прапагандыстамі і іх апанентамі, якія вымушана з’ехалі з краіны. Апошні эфір адбыўся 3 снежня 2022 года, з боку Мінска удзел у ім прымалі Рыгор Азаронак (СТБ) і Юрый Церах («СБ. Беларусь сегодня»), з Варшавы з імі дыскутавалі Алег Талерчык (сузаснавальнік арганізацыі былых супрацоўнікаў сілавых структур ByPol) і Дзяніс Дудзінскі (тэлевядоўца, шоўмэн).
23 студзеня 2026 года праваабарончая супольнасць Беларусі заявіла аб прызнанні палітычнай зняволенай дачкі журналіста Яніны Пазняк.
@bajmedia