Літаратурны падкаст «Спіс на лета» распачынае другі сезон
Кандыдатка філалагічных навук, выкладчыца, перакладчыца Марына Казлоўская і паэтка, арт-менеджарка Дар’я Бялькевіч запускаюць другі сезон літаратурнага падкаста «Спіс на лета». На сайце Wir.by ужо даступны першы выпуск.

Кандыдатка філалагічных навук Марына Казлоўская і арт-менеджэрка Дар’я Бялькевіч. Калаж зроблены БАЖ пры дапамозе ChatGPT
«Спіс на лета» — падкаст пра беларускую літаратурную класіку. У новым выпуску вядоўцы прапануюць пагаварыць пра адну з выбітных постацей беларускай літаратуры мінулага стагоддзя.
«Уладзімір Дубоўка прадстаўлены ў школьнай праграме двума вершамі, адзін з якіх вы, хутчэй за ўсё, ведаеце на памяць.
Прапануем паслухаць пра галоўную постаць беларускіх бурапенных дваццатых, пра чалавека з найцікавейшай і найскладанейшай біяграфіяй, — тлумачаць аўтары падкаста.
— «Залатая асенняя раніца», «Пальцы жоўтых кляновых лістоў», верас і цягнікі, авангардныя эксперыменты ў паэзіі і санеты Шэкспіра і Байрана, а таксама пра тое, як захоўваць годнасць у бесчалавечных абставінах, бо «жабрацтва духу — не вялікі гонар»».
Першы сезон падкаста налічваў 12 выпускаў. Сярод іх былі размовы пра Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Багдановіча і іншых класікаў беларускай літаратуры.
Падкаст дасяжны для праслухоўвання на YouTube, Apple Podcasts, Yandex Music, Spotify, Castbox.
@bajmedia