Людміла Чэкіна на волі!
Пасля перамоващ паміж спецпасланікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам і беларускімі ўладамі, стала вядома пра вызваленне 25 палітвязняў. Сярод іх на здымку, апублікаваным спадаром Коўлам у сацсетцы Х, — былая генеральная дырэктарка Tut.by Людміла Чэкіна.

Спадарыню Чэкіну арыштавалі 18 мая 2021 года. Тады за кратамі апынуліся паўтара дзясятка супрацоўнікаў. На ўсіх завялі крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры). Рашэннем Міністэрства інфармацыі сайт з мільённымі наведваннямі быў заблакаваны, а дзейнасць шматлікага калектыву фактычна паралізаваная.
Следства доўжылася каля 20 месяцаў, увесь гэты час Людміла Чэкіна і галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава заставаліся ў СІЗА № 1 Мінска. Іншых фігурантаў цягам гэтага часу выпусцілі пад падпіскі аб нявыездзе і неразгалошванні ды асабовыя фінансавыя паручальніцтвы.

Спецпасланніца МЗС Літвы па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю Аста Андрыяўскене апублікавала на сваёй старонцы ў Facebook першыя фота палітвязняў з мяжы. Другая злева — Людміла Чэкіна
17 сакавіка 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе суддзя Валянціна Зянкевіч агучыла вердыкт: Людміле Чэкінай, як і Марыне Золатавай, прызначылі 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Яна адбывала наказанне ў гомельскай жаночай папраўчай калоніі №4.
Гайд для журналістаў: як этычна і бяспечна пісаць пра вызваленых палітвязняў
Марына Золатава была вызваленая 13 снежня 2025 года разам з групай іншых беларускіх палітвязняў у выніку сустрэчы амерыканскай дэлегацыі на чале з прадстаўніком прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам з афіцыйным Мінскам.
@bajmedia