«Казка» і «Інга»: два фільмы «Белсату» заваёўваюць міжнародныя фестывалі
Дакументальны фільм «Белсату» «Казка» рэжысёра Якуба Станкевіча адабралі ў конкурсную праграму 2‑га фестывалю NarewkaDok імя Тамары Саланевіч у Польшчы. А стужка «Інга» Кшыштафа Капчыньскага, знятая ў капрадукцыі з «Белсатам», атрымала ганаровую ўзнагароду на 38‑м Фестывалі польскага кіно ў Амерыцы ў Чыкага.

Кадр з фільму «Казка» Якуба Станкевіча. Фота: Белсат
40-хвілінная «Казка» 2025 года – гэта гісторыя мастака з Падляшша Віктара, які жыве ў зямлянцы сярод вялікага лесу. Вёска, дзе ён нарадзіўся, даўно знікла, але працягвае жыць у яго памяці. Старыя і сучасныя гістарычныя раны Віктар выказвае праз мастацтва. Як і кожная казка, гэтая гісторыя адначасова містычная, трагічная і поўная надзеі.
Якуб Станкевіч скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў у Менску. Ён вядомы фільмамі пра гістарычную памяць, нацыянальную ідэнтычнасць і штодзённае жыццё ў Беларусі, а яго стужкі вылучаюцца спакойным апавяданнем і паэтычнай мовай. Рэжысёр – лаўрэат шматлікіх міжнародных фестываляў дакументальнага кіно, з 2003 года ўваходзіць у Еўрапейскую кінаакадэмію. Цяпер ён жыве ў Польшчы.

Кадр з фільму «Інга». Фота: Белсат Doc
Фільм «Інга» адзначылі на фестывалі ў Чыкага ўзнагародай Honorable Mention for the Most Interesting Documentary Film.
Карціна расказвае пра пяцігадовую дзяўчынку, якая пасля пачатку вайны разам са сляпымі бацькамі ўцякае з Украіны ў Варшаву. У новым горадзе сям’я спрабуе наладзіць жыццё, а Інга становіцца для бацькоў правадніком у незнаёмым свеце. У нейкі момант бацька вяртаецца ва Украіну, каб скончыць справы, якія там засталіся. Паводле рэжысёра, фільм вырас з рэальнай гісторыі: вайна пачалася ў дзень, калі Інзе споўнілася пяць гадоў, і эвакуявацца сям’і дапамагла каманда з Варшаўскага ўніверсітэта. Так з’явілася кіно пра тое, як можна ўспрымаць свет, нават калі ён «перастае быць бачным».
«Інга» – супольная вытворчасць «Белсату», кампаніі Eureka Media Architekci і Польскага тэлебачання, створаная пры падтрымцы Польскага інстытута кінамастацтва. Амерыканская прэм’ера стужкі адбылася 16 красавіка на 26‑м Beverly Hills Film Festival. Раней фільм таксама атрымаў узнагароду New York Film & Female Actress Award у намінацыі «Рэжысура – кароткаметражны дакументальны фільм».
Трыумф у Ляйпцыгу: фільм «Лісты» беларускага дакументаліста Андрэя Куцілы атрымаў «Залатога голуба»
@bajmedia