Унікальная магчымасць на трэнінгу БАЖ: лекцыя інспектара па журналісцкай этыцы Літвы Дайнюса Радзявічуса (дэдлайн — 28 лістапада)
Падчас двухдзённага трэнінгу «Што можна і нельга журналісту ў Літве», які пройдзе 3–4 снежня ў Вільні, удзельнікі змогуць паслухаць лекцыю Дайнюса Радзявічуса (Dainius Radzevičius) — дзейнага інспектара па журналісцкай этыцы Літвы, вядомага журналіста і рэдактара.

Дайнюс Радзявічус. Снежань, 2023 года. Фота: БАЖ
Хто такі Дайнюс Радзявічус?
У медыясферы Літвы ён працуе з сярэдзіны 1990‑х: быў карэспандэнтам, рэдактарам тэлеканалаў, аўтарам тэле- і радыёпраграм, выкладчыкам журналістыкі. З 2003 па 2025 год узначальваў Саюз журналістаў Літвы. У чэрвені 2025 года Сейм прызначыў яго на пасаду інспектара па журналісцкай этыцы.
Чым займаецца Служба інспектара?
Гэта дзяржаўны наглядны орган (медыяамбудсмен), які сочыць за выкананнем Закона аб інфармаванні грамадства: разглядае скаргі на парушэнне гонару, годнасці і права на прыватнасць, змагаецца з дэзінфармацыяй і можа патрабаваць выдалення або блакавання незаконнага кантэнту.
Чаму беларускім журналістам у Літве варта прыйсці?
- Інфармацыя з першых вуснаў. Вы даведаецеся пра нюансы літоўскага медыяправа не толькі ў тэорыі, але і непасрэдна ад кіраўніка органа, які ацэньвае дзеянні медыя на адпаведнасць закону.
- Праца без рызык і парушэнняў. Сустрэча дапаможа зразумець, дзе праходзіць мяжа паміж грамадскім інтарэсам і прыватнасцю, як законна выкарыстоўваць фота, персанальныя даныя і ШІ, каб пазбегнуць іскаў за дыфамацыю ў новай для вас прававой прасторы.
- Рэальныя кейсы. Акрамя лекцыі, на трэнінгу вы разбераце практычныя сітуацыі з досведу беларускіх рэдакцый у Літве.
Калі: 3–4 снежня 2026 года.
Дзе: Вільня.
Для каго: беларускія журналісты і рэдактары, якія працуюць у Літве.
Падрабязнасці праграмы і рэгістрацыя даступныя
ў асноўнай аб’яве на сайце БАЖ.
@bajmedia