«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: Instagram блогеркі Вольгі Такарчук і Telegram-канал «Дурніца news»
Міністэрства інфармацыі Беларусі 16 верасня ў чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Вольга Такарчук. Фота: D. Umbraso / LRT
У яго ўнеслі Instagram-акаўнт «Оля Токарчук» (ідэнтыфікатар @olya.takarchuk). Рашэнне лічыць інтэрнэт-рэсурс «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў 15 верасня 2026 года суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска.
Гэтая старонка належыць беларускай блогерцы і экс-палітзняволенай Вользе Такарчук. Блогерка атрымала шырокую вядомасць падчас грамадска-палітычных падзей у Беларусі ў 2020 годзе дзякуючы свайму YouTube-каналу.
У снежні 2021 года ёй прысудзілі паўтара года калоніі, звінаваціўшы па трох крымінальных артыкулах, характар пераследу быў палітычна матываваны. Жанчына цалкам адбыла прысуджаны тэрмін зняволення, пакінула Беларусь і працягвае блогерскую дзейнасць.
У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма ўключылі таксама Telegram-канал пад назвай «Дурніца news» (ідэнтыфікатар https://t.me/durnicanews). На ім публікуюцца гумарыстычныя відэаролікі, а таксама палітычныя навіны з Польшчы і Беларусі. Рашэнне прызнаць яго змест «экстрэмісцкім» прыняў 15 верасня 2026 года той самы суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска.
@bajmedia