• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Зняволеныя кажуць яму: Схадзі пачытай на TUT. BY». Як адбывае тэрмін следчы, які закрыў найбуйнейшы партал краіны

    У канцы 2022 года быў затрыманы Дзмітрый Даліннік — на той момант начальнік упраўлення па расследаванні злачынстваў у фінансава-крэдытнай сферы цэнтральнага апарату Следчага камітэта. Менавіта гэты сілавік узначальваў следчую групу па «справе TUT.BY».

    Высокапастаўленага супрацоўніка асудзілі за хабар і адправілі ў папраўчую калонію № 3 «Віцьба». Раней крыніцы паведамлялі пра прысуд у 14 гадоў пазбаўлення волі. Аднак «Люстэрку» стала вядома, што тэрмін Далінніка значна меншы. Журналісты таксама даведаліся падрабязнасці жыцця экс-следчага за кратамі: іншыя зняволеныя далі яму красамоўную мянушку, а сам ён разлічвае ў хуткім часе перавесціся на «хімію».

    Як адбывае тэрмін следчы, які закрыў Tut.by

    Экс-кіраўнік следчай групы па «справе TUT. BY» Дзмітрый Даліннік на семінары для натарыусаў. Мінск, Беларусь, 6 верасня 2018 года. Фота: belnotary.by

    Следчыя-карупцыянеры стараліся абыходзіць бокам»

    Гэтую гісторыю «Люстэрку» расказаў Андрэй (імя змененае), знаёмы з сітуацыяй. Перш за ўсё мужчына падкрэслівае: у публікацыі «Люстэрка» пра прысуд Дзмітрыю Далінніку была дапушчаная недакладнасць. Паводле звестак Андрэя, былому сілавіку прызначылі пакаранне ў дзевяць гадоў пазбаўлення волі.

    Як сцвярджае крыніца, на 14 гадоў асудзілі Андрэя Кажэўнікава — іншага карупцыянера з органаў, таксама датычнага да палітычных рэпрэсій. У 2011‑м гэты чалавек выступаў дзяржабвінаваўцам на працэсе за арганізацыю акцыі пратэсту пасля выбараў 2010 года, а пазней, у 2020 годзе, кантраляваў працу следчых Мінска, патрабаваў актыўней ужываць меру стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту да ўдзельнікаў нядзельных маршаў па арт. 342 КК.

    Што да Далінніка, у калоніі яго сустрэлі непрыязна.

    — Каля паловы ўсіх зняволеных у «Віцьбе» — былыя супрацоўнікі сілавых структур, — расказвае Андрэй. — Па прыездзе Даліннік адразу трапіў у атрад 5/6, дзе яго тут жа сустрэлі даволі насцярожана, ведаючы яшчэ з «прагонаў» (інфармацыйны ліст або пасланне ад аўтарытэтных зняволеных (злодзеяў у законе), якое перадаецца па турмах і змяшчае важныя рашэнні або правілы. — Заўв. рэд.) навіны з СІЗА пра тое, што ён пастаянна хлусіць пра сябе і сваё мінулае. Пры гэтым усе разумелі, хто менавіта прымаў рашэнні па «справе TUT.BY».

    У асноўным да яго надзіва паставіліся негатыўна ўсе катэгорыі адразу: і звычайныя крымінальнікі, бо ведалі, што ён па бязмежаку саджаў людзей (такіх не любяць), і «актывісты» (зняволеныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. — Заўв. рэд.), бо Даліннік адразу ж пачаў спрабаваць стаць для іх сваім.

    Палітычныя зняволеныя прадэманстравалі да яго абыякавасць і грэблівасць. Калі нехта заўважаў, што іншыя размаўляюць з ім, то агульнапрынятым было падысці да гэтага чалавека і альбо зрабіць заўвагу, альбо папярэдзіць і каротка расказаць біяграфію Далінніка.

    Мужчына дадае, што вестка пра прыбыццё такога вядомага чалавека вельмі хутка разляцелася па «Віцьбе».

    — Па зоне знайшлося шмат інфармацыі пра іншыя палітычныя і не толькі справы, якія вёў Даліннік, дзе рэальнай нагодай было проста жаданне розных чыноўнікаў забраць у прадпрымальнікаў грошы на ўласныя мэты або проста адабраць бізнес, — адзначае суразмоўца. —

    Інфармацыі настолькі шмат, і яна пацвярджалася адусюль, што нават следчыя-карупцыянеры стараліся абыходзіць Далінніка бокам. Пры гэтым у зоне адначасова знаходзіліся чацвёра яго былых падначаленых-следчых, асуджаных па «палітычных» артыкулах, якія таксама не размаўлялі з ім увогуле.

    «Схадзі і пашукай адказ на TUT. BY»

    Андрэй кажа, што практычна адразу Дзмітрый Даліннік атрымаў мянушку, якую яму далі іншыя зняволеныя.

    — У атрадзе 5/6 было шмат былых супрацоўнікаў, якія добра ведалі яго біяграфію і рэпутацыю, — прыгадвае Андрэй. — Яны былі ўпэўненыя, што з Даліннікам лепш увогуле не мець справы.

    А палітычныя проста адкрыта кпілі з яго і адразу між сабой далі яму мянушку TUT.BY. Пры гэтым пастаянна жартавалі пры ім пра тое, які гэта добры партал быў. Калі Даліннік пра нешта пытаў, яму маглі сказаць схадзіць і пашукаць адказ на TUT.BY.

    Але да лютасці яго ніхто не даводзіў: «Віцьба» — даволі інтэлігентная зона, канфлікты нікому не былі патрэбныя, за іх каралі, таму ўсё абыходзілася злоснымі падколкамі і з’едлівым сцёбам.

    Управделами Лукашенко хранит «экстремистскую» статью, а КГК — фотографии. Нашли наследие TUT.BY в неожиданных местах

    Паводле Андрэя, Даліннік нават спрабаваў супрацьстаяць сваёй новай рэпутацыі сярод зняволеных.

    — Інфармацыю пра датычнасць да закрыцця TUT.BY ён называў чуткамі, казаў, што гэта хлусня і ў той справе ён усе рашэнні прымаў па законе, хоць у асяроддзі, дзе шмат былых супрацоўнікаў, у гэта ніхто не верыў, бо людзі ведаюць спецыфіку справаў. Першы час Даліннік увогуле казаў некаторым зняволеным, што быў у прынцыпе супраць улады, — расказвае Андрэй.

    Намаганні Далінніка не прынеслі выніку. Стаўленне да яго засталося ранейшым.

    — Яго рэпутацыя заставалася максімальна негатыўнай, — сцвярджае Андрэй. — Даліннік заслужыў непавагу з боку літаральна ўсіх: карупцыянераў, крымінальнікаў, «актывістаў», блатных, якія жывуць па турэмных паняццях, і, вядома, палітычных. Прычым ён працаваў днявальным у каранціне — гэта месца, дзе ён сам жа ціснуў іншых зняволеных, якія прыбываюць у зону.

    Чуткі пра хабар, атрыманы двойчы

    Акрамя ролі ў знішчэнні TUT.BY у калоніі актыўна абмяркоўвалі і саму крымінальную справу, праз якую Даліннік апынуўся за кратамі.

    — Хадзілі чуткі, што такі маленькі тэрмін (для следчых дзевяць гадоў — гэта мала, улічваючы, што ён займаў самую верхнюю прыступку ў СК) Даліннік атрымаў таму, што даў паказанні на іншых удзельнікаў сваёй справы, а таксама па іншых крымінальных справах, — дзеліцца Андрэй. — Былі і чуткі пра суму хабару, за які яго пасадзілі, — нібыта 300 тысяч даляраў. Прычым узяць яго хацелі двойчы з аднаго чалавека. Раней той ужо даў яго, а праз нейкі час Даліннік з падзельнікамі прыйшлі яшчэ раз, і пацярпелы звярнуўся ў КДБ.

    Марина Золотова: «TUT. BY жив: он живет в наших читателях»

    «Разлічвае выйсці з калоніі праз паўтара года»

    Відаць, зразумеўшы, што знайсці агульную мову з іншымі вязнямі не атрымаецца, былы начальнік упраўлення Следчага камітэта пачаў выбудоўваць адносіны з кіраўніцтвам выпраўленчай установы.

    — Да адміністрацыі ён дэманстратыўна «ўлізваўся» ў давер, актыўна паказваў сваю гатоўнасць узяцца за любую працу, заняць любую пасаду, выканаць любую каманду. Прычым самі супрацоўнікі адміністрацыі казалі, што ён крыху перайграе ў сваім жаданні дагадзіць, — адзначае Андрэй.

    Паводле суразмоўцы, Даліннік імкнецца зарэкамендаваць сябе ўзорным зняволеным у вачах начальства для таго, каб неўзабаве пакаранне яму змякчылі.

    — Ён вучыўся ў ПТВ (гэта вялікая прэферэнцыя ў зоне, палітычных туды ўвогуле не пускаюць), то-бок год замест працы хадзіў нібыта на вучобу, дзе было цёпла, і па сутнасці нічога там не рабіў. А пасля гэтага разлічваў заняць пасаду «актывіста» (днявальнага ці нейкую падобную) і перавесціся ў калонію-пасяленне або на «хімію». Фактычна ён разлічвае выйсці з калоніі праз паўтара года, — мяркуе Андрэй.

    Адзначым, што злачынства, за якое быў асуджаны Дзмітрый Даліннік (атрыманне хабару, ч. 3 арт. 430 КК РБ), адносіцца да катэгорыі асабліва цяжкіх. Згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам, перавод такой асобы ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу магчымы толькі пасля адбыцця дзвюх трацін прызначанага судом тэрміну.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.