• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Спецдакладчык ААН адрэагаваў на звароты пра пераслед праваабаронцы, журналістаў і адвакатаў у Беларусі

    24 лістапада Спецдакладчык ААН апублікаваў прэс-рэліз у адказ на звароты праваабарончай супольнасці. У ім эксперты ААН выказалі занепакоенасць магчымым адвольным зняволеннем праваабаронцы Уладзіміра Целяпуна і блогера Максіма Шуканава, адсутнасцю належнай медыцынскай дапамогі ў месцах зняволення, а таксама парушэннямі права журналіста, былога палітвязня Ігара Лосіка на справядлівы суд і пераследам ягоных адвакатаў.

    Фота: Niklas Jeromin / pexels.com

    Эксперты ААН заявілі пра занепакоенасць выкарыстаннем беларускага заканадаўства «аб супрацьдзеянні экстрэмізму» для крымінальнага пераследу людзей за мірнае ажыццяўленне асноўных правоў і свабод, у тым ліку права на свабоду выказвання меркаванняў, свабоду аб’яднанняў і ўдзел у вядзенні дзяржаўных спраў. 

    «Нас таксама непакоіць, што крымінальнае пакаранне за крытыку прэзідэнта стрымлівае людзей ад свабоднага выказвання сваіх меркаванняў», — заявілі эксперты.

    Уладзіміру Цяляпуну не аказваюць неабходнай медыцынскай дапамогі

    70-гадовага праваабаронцу і ўдзельніка ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Уладзіміра затрымалі ў красавіку 2026 года. Яму выставілі абвінавачванні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і «паклёпе на Лукашэнку».

    Паводле паведамленняў, яго неаднаразова вазілі на допыты ў начны час, якія праводзілі ўдзень. З‑за гэтага ў палітвязня заставалася мала часу на сон, адпачынак і прыём ежы. Акрамя таго, паводле наяўнай інфармацыі, яму не забяспечвалі неабходнага медыцынскага назірання і дапамогі, нягледзячы на цяжкі стан здароўя.

    Максім Шуканаў губляў прытомнасць і атрымліваў траўмы ў зняволенні

    Блогер Максім Шуканаў асвятляў на медыяплатформах палітычныя падзеі і вайну Расіі супраць Украіны. У 2025 годзе яго асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачванняў, звязаных з парушэннем грамадскага парадку і «экстрэмізмам».

    Паводле паведамленняў, падчас утрымання пад вартай да суда мужчына некалькі разоў губляў прытомнасць і атрымліваў траўмы. Таксама ёсць звесткі, што ён мог не мець доступу да неабходных лекаў.

    Зняволенага відэаблогера Максіма Шуканава ўключылі ў пералік «экстрэмістаў»

    Эксперты ААН адзначылі, што ўключэнне палітвязня ў пералік асобаў, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці», можа прывесці да непрапарцыйных абмежаванняў і дыскрымінацыйнага стаўлення да яго ў зняволенні.

    «Далейшае ўтрыманне Целяпуна і Шуканава пад вартай без належнай медыцынскай дапамогі можа стварыць сур’ёзную пагрозу для здароўя і жыцця абодвух», — папярэдзілі эксперты.

    Эксперты ААН звярнулі ўвагу на пераслед адвакатаў Ігара Лосіка

    Асобна эксперты разгледзелі справу журналіста Ігара Лосіка. У 2021 годзе яго асудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі пасля судовага працэсу, які цалкам праходзіў у закрытым рэжыме. У верасні 2025 года Ігар выйшаў на волю па памілаванні.

    Паводле наяўнай інфармацыі, падчас зняволення яму неаднаразова перашкаджалі сустракацца з адвакатамі і канфідэнцыйна абмяркоўваць з імі справу. Адвакат Дзмітрый Лепрэтар з’ехаў з Беларусі ў 2022 годзе, бо баяўся за сваю бяспеку. Пазней яго ўнеслі ў пералік асобаў, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці». Іншыя адвакаты, якія прадстаўлялі або спрабавалі прадстаўляць інтарэсы былога палітвязня, паводле паведамленняў, таксама сутыкаліся з запалохваннем або затрыманнямі.

    «Сігнал усім беларусам, якія давалі інтэрв’ю незалежным медыя». Юрыст Яўген Пыльчанка — пра прысуд адвакату Дзмітрыю Лаеўскаму

    Эксперты ААН звярнулі ўвагу і на практыку, калі адвакатаў абавязваюць падпісваць пад пагрозай крымінальнай адказнасці падпіску аб неразгалошванні звестак папярэдняга следства або дазнання.

    «Сістэматычнае патрабаванне даваць падпіску аб неразгалошванні звестак папярэдняга следства або дазнання пад пагрозай крымінальнай адказнасці можа падрываць права на абарону», — заявілі эксперты.

    У справе Ігара Лосіка такое абавязацельства, паводле паведамленняў, перашкодзіла ягонаму адвакату кансультавацца са знешнімі экспертамі і публічна адказваць на абвінавачванні супраць падабароннага. Аналагічнае патрабаванне, як паведамляецца, выставілі і адвакату Уладзіміра Целяпуна.

    Эксперты занепакоеныя, што такія меры могуць выкарыстоўвацца для запалохвання адвакатаў у палітычна адчувальных справах. Яны таксама ствараюць перашкоды для апублічвання магчымых злоўжыванняў і падрываюць прынцып роўнасці бакоў у судовым працэсе.

    У ААН паведамілі, што перадалі гэтыя звесткі ўраду Беларусі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.