• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Што цяпер рабіць?» Гродзенцы абмяркоўваюць прызнанне папулярнага партала AutoGrodno «экстрэмісцкім»

    Аб прызнанні рэсурсаў Auto­Grod­no экстрэмісцкай інфармацыяй стала вядома 24 лістапада. Рэдакцыя мае намер аспрэчыць статус і паспрабаваць вярнуцца да нармальнай працы.

    Фота: Look­By­Media

    Аб прызнанні партала экстрэмісцкім паведамляюць дзяржаўныя паблікі. Карыстальнікі ў здзіўленні: яны пішуць сотні каментароў і пасты, пытаюцца аб прычынах і разважаюць, дзе цяпер шукаць інфармацыю. Hrodna.life расказвае, што вядома на дадзены момант.

    На сайце Auto­Grod­no з’явілася заглушка. Там размясцілі зварот рэдакцыі да чытачоў. У ім гаворыцца, што рэсурсы медыя прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пакуль Auto­Grod­no высвятляе падрабязнасці і просіць аўдыторыю праверыць, ці не засталося ў іх дома:

    • узнагарод з фестываляў і спаборніцтваў, арганізаваных Auto­Grod­no;
    • кубкаў;
    • маек;
    • бэйджыкаў;
    • стужак;
    • картак «Перашкаджае аўтамабіль? Патэлефануйце, адганю».

    Медыя таксама просіць праверыць галерэі тэлефонаў і фатаграфіі з фестываляў.

    Auto­Grod­no падзякавалі чытачам за “выдатныя гады” і, каб не нашкодзіць ім, прыбралі лагатып і назву рэсурсу з сацсетак. Каналам у Telegram цяпер нельга падзяліцца. Insta­gram пасля публікацыі навіны страчваў тысячы падпісчыкаў за лічаныя хвіліны.

    Auto­Grod­no быў заснаваны 20 гадоў таму. За час працы медыя аб’яднала аўтамабільнае кам’юніці, праводзіла фестывалі Sun­Day і “Лакацыя”, актыўна пісала пра гарадскія тэмы, звязаныя з транспартам.

    «Падпісчыкаў, якія лайкнулі можна кашмарыць і даіць»

    У Threads гродзенецы актыўна абмяркоўваюць тое, што здарылася — тэме прызнання Auto­Grod­no экстрэмісцкімі матэрыяламі прысвечана некалькі ветак: “Гродна!!! Хто патлумачыць з‑за чаго аўто Гродна прызналі экстрэмістамі і што цяпер рабіць?”

    Некаторыя карыстальнікі не разумеюць, дзе ім зараз чытаць навіны – пішуць, што рэсурс быў адзіным, дзе навіны падаваліся нейтральна і “па справе”. Іншыя здзіўляюцца: чаму рэсурс атрымаў статус, калі тэма палітыкі там не закраналася. Некаторыя адзначаюць, што “нічога крымінальнага” медыя не публікавала.

    “Магчыма ў іх артыкулах былі фота фота з лагатыпамі ўжо забароненых каналаў, нават калі гэтыя артыкулы старыя і да 20 года…” – мяркуе адна з удзельніц абмеркавання.

    «Гэта для таго, каб падпісчыкаў і тых, хто лайкнуў, можна было кашмарыць і даіць. Казна пустая, мілорд. Людзі – новая нафта», – выказваецца іншы каментатар.

    «Экстрэміст гэта дзядзька з бомбай на поясе! А сайты, каналы аб’яўляць экстрэмісцкімі — гэта ад недалёкага розуму і шкурнай цікавасці дзеля ўтрымання ўлады, якія самі і захапілі!» – піша яшчэ адзін удзельнік.

    Як адрэагавалі дзяржмедыя?

    Дзяржмедыя Гродна і вобласці, сярод якіх “Гродна Плюс”, “ТРК Гродна” і “Гродзенская праўда”, таксама апублікавалі навіны аб прызнанні прадукцыі Auto­Grod­no экстрэмісцкімі матэрыяламі.

    Дзяржмедыя перапосцілі відэа, у якім агучваецца рашэнне суда. Уласных каментароў ці ацэнкі здарэння не агучылі. Зрэшты, сваім меркаваннем у каментарах падзяліліся беларусы.

    «Ну зараз можна спаць спакойна, самыя небяспечныя злачынцы абясшкоджаныя», – піша каментатар.

    «Значыць годны канал, падпішуся», – выказваецца яшчэ адзін карыстальнік.

    «Калі пройдуць па ўсіх, прыйдуць і ў ТРК Гродна. Самі пра сябе такі ж артыкул напішуць», – іранізуе ўдзельнік абмеркавання.

    «Там увесь горад сядзіць на гэтым канале», – адзначае гродзенец.

    Людзі таксама абураюцца, што цяпер ім давядзецца правяраць свае падпіскі штодня, таму што спісы экстрэмісцкіх матэрыялаў папаўняюцца занадта часта.

    Гродзенскае медыяполе вычышчаюць з 2020 года

    Пасля акцый пратэсту ў 2020 годзе ўлады паступова пазбаўляюцца незалежных медыяў, якія асвятляюць падзеі ў Гродне і рэгіёне.

    Восенню 2022 года КДБ Беларусі прызнаў Hrodna.life экстрэмісцкім фарміраваннем. Такі ж статус атрымалі нацыянальныя медыі, якія мелі ў Гродне карэспандэнтаў і фрылансераў.

    Вместо гражданских медиа — районки и агрегаторы. Как за несколько лет сузился независимый медиасегмент Витебщины

    У снежні 2024 партал навінаў s13.ru прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Уладальніку сайта – Сяргею Чабоцьку, – у кастрычніку 2025 года прысудзілі 3,5 гады калоніі і штраф у 42 тыс. руб.

    Зімой 2024 гродзенскі партал Grodno.in прызналі экстрэмісцкім – сайт ліквідавалі. Праз паўтара года прапагандысты Гродна паспрабавалі стварыць аналаг парталу, які пакуль не атрымаў такой жа папулярнасці, як Grodno.in.

    На дадзены момант у Гродне засталіся два прыватныя медыі: NewGrodno.by і «Вячэрні Гродна».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.