Іспанскі журналіст выдаў кнігу пра Беларусь і 32-гадовае кіраванне Лукашэнкі
Кнігу пра Беларусь і Аляксандра Лукашэнку выпусціў іспанскі журналіст Аргеміна Баро, які цяпер працуе ў Нью-Ёрку. Яна называецца «Бацька народа: Падарожжа ў беларускую дыктатуру», заўважыла выданне «Зеркало».

Вокладка кнігі «El padre del pueblo: un viaje a la dictadura de Bielorrusia» / amazon.in
Асновай для кнігі сталі паездкі Баро ў Беларусь у 2012–2014 гадах, а таксама некалькі яго нядаўніх інтэрв’ю з беларускімі эмігрантамі. Як піша аўтар, яны дапамаглі «зразумець унутраную працу самай доўгажывучай аўтакратыі ў Еўропе».
У іспанскіх СМІ кнігу ўжо назвалі перасцярогай пра аўтарытарныя плыні, якія ахопліваюць свет.
«Беларусь асабліва мяне заінтрыгавала, таму што гэта быў апошні пакінуты, хоць і больш падступны, перажытак камунізму. Спроба пабудаваць утопію, якая скончылася жахлівым эксперыментам. Я вырас у дэмакратычным грамадстве, і мне было цікава паглядзець, якое жыццё пры дыктатуры і як узнікла такая сістэма», — тлумачыць Баро.
У кнізе знайшлося месца і пратэстам 2020 года, калі «новыя пакаленні прынеслі хвалю патрабаванняў свабоды, празрыстасці і абнаўлення», а Лукашэнка недаацаніў жаночы трыумвірат. «У яго было два варыянты — альбо саступіць уладу, альбо прадацца Маскве. Ён выбраў апошняе. Ківач нарэшце хіснуўся. З тых часоў Беларусь практычна стала правінцыяй Расіі», — канстатуе аўтар.
Баро падкрэслівае, што на прыкладзе Беларусі можна пабачыць, як умацоўваецца аўтарытарызм: «Большасць аўтарытарных рэжымаў умацоўваюць сябе, выкарыстоўваючы тактыку «каўбасы» — адкусваючы невялікія кавалачкі, ні адзін з якіх не занадта драматычны, каб нас устрывожыць, але якія разам вядуць нас да кропкі невяртання».
Нямецкі журналіст напісаў кнігу пра Беларусь: «2020 год пакінуў глыбокія сляды ў сэрцах»
@bajmedia