Камітэт абароны журналістаў заклікаў беларускія ўлады вызваліць усіх прадстаўнікоў СМІ
Камітэт абароны журналістаў (CPJ) у адмысловай заяве прывітаў вызваленне Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава і Кірыла Пазняка. І заклікаў Беларусь неадкладна вызваліць іншых прадстаўнікоў СМІ, якія працягваюць утрымлівацца за кратамі.

Андрэй Аляксандраў выходзіць з мікрааўтобуса пасля вызвалення і дэпартацыі ў Літву. Вільнюс, 16 верасня 2026 года. Фота: Яніс Лайзанс / Reuters
«Мы вельмі рады і адчуваем палёгку, што Андрэй Аляксандраў, Дзмітрый Наважылаў і Кірыл Пазняк нарэшце выйшлі на волю.
Іх ніколі не трэба было саджаць у турму: святкуючы іх вызваленне сёння, мы таксама балюча ўсведамляем усе гады, якія яны страцілі, і жахлівыя рэчы, праз якія яны прайшлі, проста выконваючы сваю працу», — заявіла рэгіянальная дырэктарка CPJ па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Фіёна О’Браэн.
«Мы таксама думаем пра астатніх 18 журналістаў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў турме ў Беларусі. Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць іх», — дадала яна.
Нагадаем, 16 верасня ў выніку перамоваў спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла з беларускімі ўладамі было вызвалена 25 палітвязняў. Сярод іх — пяцёра журналістаў:
- медыяменеджар БелаПАН Андрэй Аляксандраў і ягоная жонка Ірына Злобіна
- дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў
- журналіст Кірыл Пазняк
- ягоная дачка журналістка Яніна Пазняк
- дырэктарка Tut.by Людміла Чэкіна
Усіх журналістаў прымусова вывезлі з Беларусі ў Літву.
Па звестках БАЖ, зараз у зняволенні ў беларускіх турмах застаюцца як мінімум 15 прадстаўнікоў і прадстаўніц медыя.
@bajmedia