Старонкі незалежнага выдання Hrodna.life у Instagram і Х абвесцілі «экстрэмісцкімі»
Міністэрства інфармацыі Беларусі 4 жніўня ў чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У гэты пералік дадалі акаўнт у Х з назвай Hrodna.life (ідэнтыфікатар https://x.com/HrodnaL). Рашэнне лічыць яго «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў 30 ліпеня 2026 года суд Ленінскага раёна Гродна.
31 ліпеня 2026 года той самы суд Ленінскага раёна Гродна пастанавіў лічыць «экстрэмісцкім» і кантэнт Instagram-акаўнта з назвай hrodna.mylove (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/hrodna.mylove). Таксама «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» быў прызнаны лагатып гэтай старонкі, згодна з апісаннем на сайце Мінінфармацыі ён уяўляе сабой «літару «Н» белага колеру з кропкай чырвонага колеру на шэрым фоне».
Абодва інтэрнэт-рэсурсы звязаны з незалежным анлайн-выданнем Hrodna.life, заснаваным у 2016 годзе на базе выдання «Твой стыль». Медыя асвятляе падзеі ў Гродне, гісторыю горада, падзеі сацыяльнага, палітычнага і культурніцкага жыцця. У лістападзе 2022 года КДБ Беларусі прызнаў выданне Hrodna.life «экстрэмісцкім фармаваннем».
Ужо другі раз у «экстрэмісцкі» спіс на сайце Міністэрства інфармацыі ўключылі Instagram-акаўнт незалежнага фотаагенцтва LookByMedia. Гэтым разам паводле рашэння суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы ад 31 ліпеня 2026 года. Некалькі дзён таму падобнае рашэнне было прынята судом Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.
У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі і некалькі друкаваных выданняў. Гэта зборнікі вершаў вядомага барда Аляксандра Баля і кніга расійскага журналіста Алега Кашына «Добейте выживших. Истоки и смысл русского трампизма». Іх пастанавіў лічыць «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Кастрычніцкага раёна Мінска, рашэнне было прынятае 31 ліпеня 2026 года.
Алег Кашын — гэта расійскі палітычны журналіст і пісьменнік. Ён працаваў у выданнях «Коммерсантъ», «Известия», «GlobalRus», вядомы вострымі рэпартажамі пра моладзевыя палітычныя рухі і праблемы расійскай палітыкі. З 2016 года ён жыве ў Лондане.
@bajmedia