• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Вільні стартаваў новы цыкл праекта «Журфак па суботах»

    «Тыя, хто скончыў папярэднія курсы, кажуць, што атрымалі больш тэорыі і практыкі, чым за пяць гадоў на журфаку ў Беларусі. Не здзіўляюся, бо на нашым журфаку выкладаюць найлепшыя беларускія журналісты, рэдактары і менеджары», — зазначыў на адкрыцці курсаў 10 кастрычніка ў Вільні старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

    Бастунец Журфак па суботах

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец падчас адкрыцця новага цыкла праекта «Журфак па суботах». Фота: БАЖ

    «Журфак па суботах» — гэта сумесны праект Кааліцыі за Устойлівы Беларускі Інавацыйны Кантэнт (КУБІК/COCOFAB), які рэалізуецца кансорцыумам Free Press for East­ern Europe, Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Press Club Belarus пры суфінансаванні з боку Еўрапейскай Камісіі.

    «Журфак па суботах» — праграма для тых, хто хоча пачаць працаваць у журналістыцы або стаць мацнейшым журналістам у сваёй рэдакцыі.

    «Галоўная задача гэтых курсаў — падрыхтоўка кадраў для незалежных беларускіх медыя. Зараз, канешне, не найлепшы час для СМІ ў выгнанні, але кадравы голад адчуваюць усе беларускія рэдакцыі. А хтосьці можа падумаць і пра свой медыйны праект», — сказаў падчас адкрыцця курсаў старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

    Выпускнікі мінулых курсаў казалі, што «атрымалі больш ведаў, тэарэтычных і практычных, чым за 5 гадоў на журфаку ў Беларусі, некаторыя пачалі стала працаваць у медыя».

    «І я гэтаму не здзіўляюся, бо, лічу, на «Журфаку па суботах» выкладаюць найлепшыя беларускія журналісты, рэдактары, менеджэры», — дадаў Андрэй Бастунец.

    Журфак па суботах

    Першыя заданні. Фота: БАЖ

    Пасля прадстаўлення ўдзельнікаў — праз творчае заданне, якое 19 навучэнцаў атрымалі ў капэртах, Наста Роўда, дырэктарка выдання «Наша Ніва» і вядоўца папулярнага шоу «Ток», пачынае курсы практычным інтэрактывам «Гульня ў ньюзрум». Навучэнцам прыйшлося дынамічна, без падрыхтоўкі акунуцца ў працу рэальнай рэдакцыі з усімі яе аддзеламі.

    Наста Роўда, Журфак па суботах

    Трэнерка Наста Роўда. Фота: БАЖ

    Чаго чакаюць студэнты?

    Аляксандр «Кусь» Клачко, былы беларускі добраахвотнік, кажа, што прыйшоў на курс, каб асвоіць прафесійныя журналісцкія інструменты для прасоўвання ў інфармацыйнай прасторы важнай для яго тэматыкі — падтрымкі ветэранаў, дабраахвотнікаў і іх сем’яў. Ён рэгулярна арганізуе Вечар памяці бою пад Лісічанскам і мае патрэбу ў якаснай відэафіксацыі ўспамінаў пабрацімаў.

    Аляксандр Клачко

    Аляксандр Клачко. Фота: БАЖ

    «Для мяне вельмі важна навучыцца тэхніцы інтэрв’ю, задаваць правільныя пытанні. Ведаеце, вось прыклад з нядаўняй практыкі. Дзяўчына, якая была парамедыкам батальёна Каліноўскага, кажа мне, што застаецца непублічнай, бо ёй важна давяраць таму, каму яна дае інтэрв’ю. І мне яна гатова распавесці пра многае, але мне самому трэба навучыцца раскрываць чалавека, задаваць важныя пытанні правільна і даносіць гэтую інфармацыю ў зразумелай форме для беларусаў», — кажа Аляксандр Клачко.

    Студэнтка факультэту «Медыя і камунікацыі» ЕГУ Вера лічыць, што «Журфак па суботах» можа дадаць шмат практычнага да таго, што яна атрымоўвае на акадэмічных занятках.

    «Выкладчыкі працуюць у рэдакцыях штодзённа, гэта людзі, якія дакладна ведаюць, як і што сёння на медыйным рынку. Да таго ж, не буду хаваць, можа быць, «Журфак па суботах» паспрыяе ў пошуках працы, дазволіць зразумець, за чым перавага і што ў маіх уменнях патрабуе ўдасканалення і г.д.», — кажа Вера.

    Сяргей даўно працуе ў медыя: «Сёння на інтэрактыве я адмовіўся ад пасады галоўнага рэдактара, бо хачу выпрабаваць сябе ў іншай якасці. На занятку я стаў шараговым журналістам, які працуе з сацсеткамі. Насамрэч, сацсеткі — гэта якраз тое, чаго я заўсёды пазбягаў у сваёй рэальнай працы. Хочацца ўсё ж зразумець, як гэта ўсё працуе».

    Журфак па суботах

    Першы занятак. Фота: БАЖ

    Ганна Севярынец, вядучая сацсетак правабарончай арганізацыі «Наш дом», навучаецца на першым курсе праграмы «Права» ў ЕГУ. Яе мэта — здабыць сістэмную медыяадукацыю:

    «Я працую з навінамі, але хочацца больш адукацыі ў сферы медыя. Хочацца больш папрацаваць з тэкстамі, навучыцца гэта рабіць самастойна, бо, напрыклад, складанне сцэнарыяў для мяне сёння з’яўляецца праблемай».

    Ганна Севярынец, Журфак па суботах

    Ганна Севярынец. Фота: БАЖ

    Актывістка, фрылансерка Алена Ляхновіч прайшла ў 2025–2026 гадах другі і трэці модуль «Журфака па суботах»:

    «Так атрымалася, што прапусціла першы. То-бок я прыйшла за базавымі ведамі, якія магла прапусціць. У мяне як у фрылансеркі шмат ідэяў, але не ўсе яны падыходзяць тым медыя, з якімі я ўжо супрацоўнічала. Хачу навучыцца прафесійна пітчыць свае ідэі рэдактарам іншых незалежных медыя. Хочацца паразмаўляць з рэдактарамі іншых выданняў і знайсці пункты сутыкнення».

    Алена Ляхновіч Журфак па суботах

    Алена Ляхновіч. Фота: БАЖ

    Што будзе цягам цыклу?

    Заняткі пройдуць афлайн у Вільнюсе і Варшаве па суботах 10 тыдняў запар: ад кастрычніка да сярэдзіны снежня.

    Навучэнцы пазнаёмяцца з сістэмай, па якой працуюць заходнія медыі. Навучыцца крэатыўна працаваць з ідэямі, інфармацыяй і аўдыторыяй. Атрымаюць больш грунтоўныя навыкі па AI, SEO, пабудове cупольнасці вакол медыя. Папрацуюць над складанымі этычнымі кейсамі.

    Журфак па суботах

    Першы занятак. Фота: БАЖ

    Кожны ўдзельнік пройдзе праз поўны цыкл працы над журналісцкім матэрыялам — ад ідэі да гатовай публікацыі і распаўсюду.

    Таксама будуць вывучацца тэмы:

    • АІ
    • User needs 2.0
    • Журналісцкая этыка
    • OCCRP guide­lines
    • Як не выгараць журналістам
    • Праца з супольнасцю
    • SMM
    • Мультымедыйнае планаванне
    • SEO-аптымізацыя

    Сярод трэнераў — практыкуючыя журналісты і рэдактары, якія маюць трэнерскую адукацыю. У Вільнюсе гэта: дырэктарка «Нашай Нівы», вядучая ТОК Наста Роўда, галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота, рэдактарка, медыяменеджарка Ірына Новік, прадстаўніца «Зялёнага парталу» Яніна Мельнікава, менеджарка PALATNO Media Зоя Хруцкая, сузаснавальнік «Бюро Медыя» Аляксандр Ярашэвіч.

    Праграму адмыслова для «Журфака» распрацавала выбітная ўкраінская журналістка і медыяменеджарка, медыякансультантка Каця Гарчынская, якая супрацоўнічае з The Wall Street Jour­nal, The Finan­cial Times, The Kiyv Post.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.