У ЗША падчас рэпартажу пра аварыю разбіўся верталёт навінавай кампаніі
У прыгарадзе Лос-Анджэлесу верталёт тэлеканала NBC4, які вёў здымку з месца ДТЗ, раптоўна ўпаў і загарэўся. Загінула журналістка.

Паліцыя і пажарныя расследуюць месца крушэння верталёта ў аўторак вечарам у Чатсуорце, прыгарадзе Лос-Анджэлесу. Фота: Раналда Баланас / Los Angeles Times
Аварыя адбылася 15 верасня ўвечары, піша Los Angeles Times. Верталёт навіншчыкаў, абсталяваны для жывых трансляцыяў, працаваў на месцы смяротнага ДТЗ з удзелам аўтобуса. Каля 19 гадзін верталёт упаў і загарэўся недалёка ад месца першай аварыі.
У выніку катастрофы загінулі тры чалавекі: журналістка Эліяна Марэна, якая вяла рэпартаж, пілот верталёта і чалавек на зямлі. Яшчэ некалькі людзей пацярпелі. Больш за 70 пажарных прыбылі на месца здарэння, каб патушыць пажар.
Прычына крушэння верталёта не называецца.
Пра катастрофу вядучыя NBC4 паведамілі ў прамым эфіры.
«Мы ведалі, што страцілі сувязь з нашымі людзьмі там, і толькі што атрымалі пацверджанне таго, што NewsChopper 4 сапраўды ўпаў крыху раней за 7 гадзін вечара ў Чатсуорце», — сказала вядучая NBC Колін Уільямс падчас эмацыйнага прамога эфіру.
«Нам спатрэбіцца некалькі хвілін, каб падумаць пра гэта, апрацаваць і перагрупавацца», — дадала яна. Пасля невялікай паўзы трансляцыя працягнулася.
@bajmedia