• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    The Human Thread — гранты National Geographic да 100 000 USD (дэдлайн — 1 снежня)

    Nation­al Geo­graph­ic прапануе людзям ад 18 гадоў з розных краін распавесці гісторыі праз фатаграфію, кіно, журналістыку, падкасты, вусную гісторыю і іншыя медыя. Арганізатары аддаюць перавагу тым, хто сам належыць да супольнасці, пра якую расказвае, або мае з ёй даўнія і трывалыя сувязі.

    Заяўку падаюць па-англійску. Як Prin­ci­pal Inves­ti­ga­tor (кіраўнік(-ца) праекта) пазначаюць таго, хто сам стварае праект або выбудоўвае з матэрыялу гісторыю. У форме трэба выбраць асноўную дысцыпліну «Sto­ry­telling» і напрамак «Human His­to­ries and Cul­tures». Падавацца могуць і Nation­al Geo­graph­ic Explor­ers, і тыя, хто яшчэ не ў супольнасці. Атрымальнікі(-цы) падтрымкі з COVID-19 Emer­gency Fund for Jour­nal­ists і ўдзельнікі(-цы) Young Explor­er Pro­gram могуць падавацца на Lev­el I.

    Тэмы, якія арганізатары(-кі) прыводзяць як прыклад (спіс не закрыты):

    • Археалагічныя помнікі, роспісы або руіны і супольнасці нашчадкаў, якія жывуць побач з імі сёння;
    • Людзі і групы, якія вяртаюць да жыцця знікаючыя веды — мовы, рамёствы, старыя спосабы земляробства — і прыстасоўваюць іх да XXI стагоддзя;
    • Змены старажытных рэлігійных традыцый і духоўных практык у глабальным свеце — ад рытуалаў у сучасных гарадах да веры ў лічбавай прасторы;
    • Схаваныя або забытыя гістарычныя пласты ў сённяшніх ландшафтах, паказаныя візуальна — напрыклад, праз 3D-рэканструкцыю ці імерсіўную фатаграфію;
    • Міграцыі людзей, ідэй і традыцый праз тысячагоддзі і іх сённяшнія адгалоскі.

    Фармат — любы, у тым ліку на некалькіх платформах: фатаграфія, дакументальнае кіно, кароткія відэа, 3D-рэканструкцыі; падкасты, архівы вуснай гісторыі, дакументаванне музычнай спадчыны; вялікія журналісцкія матэрыялы, лічбавыя і імерсіўныя гісторыі; выставы, варкшопы з супольнасцю, публічныя інсталяцыі. Конкурс адкрыты і для аўтараў(-рак) на раннім этапе кар’еры, і для дасведчаных.

    Што прапануецца:

    • Грант Lev­el I — да 20 000 USD (≈ 17 000 EUR) на праект працягласцю год. Для тых, хто раней не атрымліваў фінансавання ад Nation­al Geo­graph­ic;
    • Грант Lev­el II — да 100 000 USD (≈ 86 000 EUR) на праект да двух гадоў. Для больш дасведчаных аўтараў(-рак);
    • Статус Nation­al Geo­graph­ic Explor­er — доступ да супольнасці, навучання і сеткавых магчымасцяў фонду.

    Грошы выдзяляюць на праект паводле бюджэту. Ці можна закласці ў яго ўласны ганарар, у публічным апісанні не пазначана — праверце бюджэтныя рэкамендацыі Nation­al Geo­graph­ic.

    Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):

    • Пачаць праект не раней чым праз шэсць месяцаў пасля дэдлайну, гэта значыць не раней за чэрвень 2027 года;
    • Законным шляхам атрымаць усе дазволы, патрэбныя ў краіне, дзе ідзе праца;
    • Пасля праекта здаць фінальную справаздачу і медыяматэрыялы — без гэтага нельга падавацца на наступныя гранты фонду.

    Для заяўкі патрэбныя:

    • Акаўнт на Fund­ing Por­tal Nation­al Geo­graph­ic;
    • Апісанне праекта, бюджэт і звесткі пра партнёраў(-рак);
    • Партфоліа ранейшых медыяпраектаў.

    Крытэрыі ацэнкі:

    • Партфоліа з паспяховымі медыяпраектамі, якое паказвае тэхнічны досвед і веданне тэмы: сайт, Vimeo, Insta­gram або PDF (да закрытых спасылак трэба даць доступ або пароль);
    • Публікацыі ў рэдагаваных выданнях з праверкай фактаў — міжнародных або мясцовых — і наватарскі падыход да медыя;
    • Свежая ідэя: гісторыя, пра якую не чытаюць кожны дзень, зразумелая шырокай аўдыторыі;
    • Ню­ансаваны погляд без чорна-белых і састарэлых схем;
    • Выразна апісаная аўдыторыя і план, як да яе дайсці;
    • Рэалістычны бюджэт, які пакрывае ўсё апісанае ў праекце (з пазнакай, што аплачваецца з іншых крыніц), і аплата працы каманды — у тым ліку людзей з мясцовай супольнасці, калі яны ўдзельнічаюць;
    • Абгрунтаванне, навошта ў праекце кожны(-ая) ўдзельнік(-ца) каманды;
    • Мапа ўдзельнікаў(-ц): людзі, групы і супольнасці па-за камандай, якія ўплываюць на праект або на якіх ён уплывае;
    • План ацэнкі ўплыву праекта — абавязковы для ўсіх заявак;
    • Сумесная праца з супольнасцю, а не проста збор матэрыялу: размова з карэннымі народамі і мясцовымі супольнасцямі яшчэ да таго, як план зафіксаваны; павага да іх досведу, аўтаноміі, сістэм ведаў і інтэлектуальнай уласнасці;
    • Дазволы супольнасці для праектаў пра сакральныя або закрытыя веды: хто з прадстаўнікоў(-ніц) супольнасці дае згоду і як будуць вырашацца атрыбуцыя, доступ і абмежаванні на публічны паказ;
    • Гатоўнасць вярнуць гісторыю ў супольнасць, з якой яна паходзіць;
    • Цікавасць да супольнасці Nation­al Geo­graph­ic Explor­ers і досвед удзелу ў калектывах, калабарацыях або ментарскіх праграмах.

    Дэдлайн: 1 снежня 2026 года.

    Да 23:59 EST (2 снежня 2026 года, 05:59 CET). Пра вынікі паведамяць з траўня па верасень 2027 года.

    Пытанні можна задаць праз кнопку Con­tact Us на старонцы конкурсу або ў Sup­port Cen­ter Nation­al Geo­graph­ic.

    Арганізатар: Nation­al Geo­graph­ic Soci­ety (Вашынгтон, ЗША) пры падтрымцы Lil­ly Endow­ment Inc.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.