«Без подпісу, таму што нельга»: журналістка Надзея С. — пра новы эксперыментальны праект
Новы праект Надзеі С. «Без подпісу, таму што нельга» знаходзіцца на скрыжаванні журналістыкі, дакументальнага сторытэлінгу і арт-практыкі. У ім дзве незнаёмыя квір-жанчыны — адна з Беларусі, другая ў эміграцыі — абменьваюцца рукапіснымі лістамі. У інтэрв’ю БАЖ Надзея расказвае, з якімі выклікамі сутыкнулася падчас рэалізацыі праекта, і разважае, ці ёсць у беларускай журналістыцы месца для эксперыментаў.

Фота: Т.К.
Квір-тэматыка ў творчасці
Надзея С. — псеўданім, які выкарыстоўваецца па просьбе суразмоўніцы, каб захаваць ананімнасць. Яна практычна ўсё сваё свядомае жыццё займаецца напісаннем тэкстаў. Дзяўчына скончыла журфак БДУ, аднак прафесійных перспектыў у гэтай сферы для сябе тады не ўбачыла і вырашыла будаваць кар’еру ў рэкламе.
У 2022 годзе Надзея пакінула Беларусь і пасялілася ў Варшаве. Там яна перайшла на фрыланс і пачала супрацоўнічаць з рознымі медыя, паралельна развіваючы ўласныя праекты. Але даволі хутка сутыкнулася з праблемай, якая шмат у чым вызначае магчымасці незалежных аўтарак:
— Аказалася, што на іх [праекты. — Заўв. рэд.] вельмі складана шукаць грошы. З квір-тэматыкай — яшчэ складаней, — прызнаецца Надзея. — Напрыклад, беларускія дэмакратычныя сілы абсалютна дакладна — наўмысна ці не — вельмі рэдка яе падтрымліваюць. Пра гэта не кажуць наўпрост, проста адмахваюцца: «Гэта не наша тэма».
Цяпер сітуацыя паступова змяняецца, але знаходзіць фінансаванне ўсё яшчэ складана. Таму мае праекты хутчэй нерэгулярныя і з’яўляюцца тады, калі ўдаецца знайсці магчымасці для іх рэалізацыі.
Значная частка працы і творчасці Надзеі так ці інакш прысвечаная квірнасці:
— Паколькі я сама квір-чалавек, для мяне важна гаварыць пра гэта і паказваць гэта ў медыя, у тым ліку рабіць квір-тэматыку больш заўважнай, — кажа Надзея.
Нягледзячы на цяжкасці, яна працягвае працаваць над уласнымі ініцыятывамі. Адной з іх стаў праект «Адчыні».
Надзея даўно хацела пачаць здымаць відэа для YouTube, і ёй удалося ўвасобіць гэтую ідэю ў жыццё, спрадзюсаваўшы серыю дакументальных кароткаметражных фільмаў пра жыццё квір-людзей у эміграцыі.
У кожным выпуску журналістка прыходзіць у госці да гераінь, знаёміцца з іх паўсядзённым жыццём, задае пытанні пра сексуальнасць, міграцыю, адносіны і ўспрыманне ўласнага цела.
Яшчэ адна сфера, з якой цесна звязаная Надзея, — культура. Цікавасць да тэатра з’явілася ў яе падчас вучобы на журфаку. З таго часу прайшло ўжо дзесяць гадоў, але яна працягвае рэгулярна ўдзельнічаць у розных нефармальных тэатральных пастаноўках як акторка.
У кастрычніку 2026 года Надзея стала суарганізатаркай фестывалю беларускай квір-культуры «BelQueerFest 2.0». Разам з камандай яна плануе і далей развіваць гэты кірунак, у тым ліку працаваць над беларускім архівам пры квір-музеі ў Варшаве:
— У нас ёсць матэрыяльны архіў: дакументы і іншыя матэрыялы, якія можна паглядзець і пагартаць. Наша задача — алічбаваць іх, размясціць на сайце і такім чынам архіваваць беларускую квір-культуру, якая, на жаль, застаецца нябачнай.
Па розныя бакі мяжы
Сярод апошніх праектаў Надзеі — «Без подпісу, таму што нельга», створаны для GPress. У ім дзве незнаёмыя квір-жанчыны, якія знаходзяцца па розныя бакі беларуска-польскай мяжы, праз напісаныя ад рукі лісты адна да адной паступова знаёмяцца і знаходзяць нешта агульнае. Змест праекта фарміруецца непасрэдна ў працэсе гэтага ліставання. Такi медыяфармат для сучаснай беларускай журналістыкі — можна сказаць, рэдкасць. Менавіта таму мне захацелася пагаварыць з Надзеяй пра тое, як з’явілася ідэя праекта і што стаіць за стварэннем падобных эксперыментальных фарматаў.
— Я часта ўдзельнічаю ў адукацыйных і праваабарончых праграмах. На адной з такіх праграм я прыдумала ідэю праекта, — кажа Надзея.
Я ўжо чатыры гады ў міграцыі і не езджу ў Беларусь, таму што для мяне гэта небяспечна. Аднак людзі працягваюць жыць там сваім жыццём. Але я ўвогуле нічога не ведаю пра іх, акрамя таго, што часам расказваюць сябры, якія прыязджаюць з Беларусі. Шчыра кажучы, усё роўна мала што зразумела. Таму што інфармацыю я, як правіла, атрымліваю з навін, а там звычайна пішуць пра нешта негатыўнае. Нічога добрага ў навінах не з’яўляецца. Праз гэта складваецца пэўны вобраз: усё вельмі дрэнна.
Мне захацелася паглядзець на сітуацыю інакш, знайсці нейкія сувязі. Таму што дыстанцыя паміж намі, мне здаецца, пастаянна павялічваецца, асабліва ўнутры квір-супольнасці.
Мы ведаем пра закон аб «прапагандзе ЛГБТ». Ведаем, што людзі зараз у экстранным парадку эвакуіруюцца. Да кагосьці прыходзяць з праверкамі, выклікаюць у органы. Многія з тых, хто застаўся жыць у Беларусі, пераходзяць ва ўнутраную міграцыю. І да іх яшчэ складаней дабрацца. Яны з’язджаюць з вялікіх гарадоў, купляюць дамы або вяртаюцца ў свае вёскі.
Мая задача заключалася ў тым, каб паспрабаваць звязаць паміж сабой квір-людзей, якія з’ехалі з Беларусі, і тых, хто працягвае жыць у краіне.
Пошук гераінь i пытаннi бяспекi
— Як адбываўся пошук гераінь для праекта? Ці былі нейкія складанасці?
— Было складана знайсці людзей, якія пагадзіліся б на гэта. Спачатку я пыталася ў знаёмых, і яны дзяліліся сваімі кантактамі. Не так ужо проста знайсці квір-людзей у Беларусі, я табе скажу, якія былі б даступныя і зацікаўленыя ў тым, каб з кімсьці ліставацца.
Адмаўляліся з розных прычын. Адна дзяўчына не стала ўдзельнічаць, таму што ў яе быў цяжкі эмацыйны стан. Яна сказала, што для яе гэта занадта складана.

Фота: Т.К.
Іншая дзяўчына палічыла, што знаходзіцца ў дастаткова прывілеяваным становішчы ў Беларусі: у яе ёсць праца, адносіны. Таму яна вырашыла, што мне патрэбны іншы чалавек, які перажывае другога кшталту жыццёвыя абставіны.
Яшчэ я шукала патэнцыйных герояў у розных чатах. Мне прапаноўвалі кантакты, мы звязваліся, але потым яны адмаўляліся ад удзелу. Як я разумею, яны не адчувалі сябе ў дастатковай бяспецы. Таму што, блін, насамрэч страшна!
У выніку мне ўдалося знайсці адну гераіню. Але ў працэсе зносін з ёй я разумела, што нам неабходны спецыяльны пратакол бяспекі. Гэта першы, стартавы этап — тое, з чаго мы павінны пачынаць, калі працуем з людзьмі з Беларусі. Тут я скарысталася дапамогай праваабарончай арганізацыі, якая займаецца пытаннямі гіпербяспекі.
— Як вы забяспечвалі бяспеку?
— Паколькі лісты пішуцца ад рукі, гераіня, якая жыве ў Беларусі, спытала: «Ці будуць лісты апублікаваныя ў тым выглядзе, у якім я іх напісала?» Я адказала, што не. Нават па почырку можна ўстанавіць асобу чалавека: гэта абсалютна індывідуальная характарыстыка. Таму праект выйшаў у лічбавым выглядзе, а самі лісты заставаліся ў гераінь. Мы не рызыкавалі адпраўляць іх поштай.
Але было складана не толькі з пошукам гераіні ў Беларусі. Тут, у Польшчы, таксама сутыкнуліся з праблемай: ты пішаш людзям, яны адказваюць, што праект цікавы, але потым у нейкі момант адмаўляюцца ўдзельнічаць.
— То-бок нават тыя, хто зараз знаходзіцца ў эміграцыі, таксама неахвотна згаджаліся ўдзельнічаць?
— Так, але мы можам толькі здагадвацца, з якіх прычын. У выніку мне ўдалося знайсці двух чалавек, і я радая, што паміж імі з’явілася нейкая камунікацыя. Калі ты чытаў перапіску, то там сапраўды нават нешта пачало зараджацца. Гэта вельмі прыкольна.
— Ты першапачаткова шукала менавіта жанчын для ўдзелу ў гэтым праекце? Ці гендарная ідэнтычнасць удзельніц не мела для цябе значэння?
— Мне хацелася падсвяціць менавіта жаночы вопыт. Паколькі я ўспрымаю ўсё праз свой асабісты досвед, мне хацелася б у медыяпрасторы даваць больш голасу жанчынам. Таму ў першую чаргу я шукала гераінь сярод іх.
Пры гэтым першапачаткова мой пошук быў шырэйшы: я праводзіла даследаванне сярод квір-людзей з рознымі ідэнтычнасцямі. Звярталася да розных персон, не толькі да тых, хто ідэнтыфікуе сябе як жанчыну. У выніку ўсё склалася менавіта так, як я і хацела.
Як лісты сталі асновай праекта
— Як ты зразумела, што хочаш рэалізаваць праект менавіта праз асабістае ліставанне? Ці разглядала ты іншыя варыянты?
— Сапраўды ёсць розныя журналісцкія фарматы: інтэрв’ю, артыкулы і іншае. Але я сумнявалася ў тым, наколькі яны эфектыўныя і наколькі сапраўды дапамагаюць дасягнуць мэты — зблізіць людзей адно з адным.
Гэта была адна з маіх унутраных звышзадач — хаця б крыху скараціць гэтую дыстанцыю. Нават калі гэта атрымаецца зрабіць толькі паміж гэтымі двума людзьмі, якія ўдзельнічаюць у ліставанні. Фармат лістоў падаўся мне цікавым, таму што гэта дастаткова асабіста і шчыра. Мне здаецца, калі я пішу камусьці ліст, гэта зусім іншае адчуванне, чым адпраўка тэкставага паведамлення ў месенджары. Я па-іншаму раскрываюся, па-іншаму пішу і ў цэлым інакш давяраю аркушу паперы і таму, што на ім напісана.
Мне захацелася паспрабаваць нешта новае. У мяне ў цэлым заўсёды такі падыход: я шмат эксперыментую, у тым ліку з фарматамі. Нейкія класічныя штукі ў маёй працы таксама могуць быць, але мне цікава спрабаваць новае. Даследаваць, якія спосабы падачы інфармацыі ўвогуле могуць існаваць у медыя.

Калаж з праекта «Без подпісу, таму што нельга». Аўтарка: Iрына A.
— Гэта праўда, што ўдзельніцы перапіскі абсалютна не знаёмыя і нават не ведаюць імёнаў адна адной?
— Так, усё так. Усё, што яны ведаюць адна пра адну, — гэта ўсё, што ведаем пра іх мы. Яны цалкам ананімізаваныя адна для адной. Адзінае, што вядома гераіням, — яны знаходзяцца па розныя бакі мяжы.
— Калі ты ўпершыню атрымала і прачытала лісты ад дзяўчат, што ты адчула? Якія ў цябе былі эмоцыі?
— Калі я атрымала першы ліст, то падумала: «Клас, супер, справа пайшла!»
Калі пачытаць першыя лісты, то яны вельмі асцярожныя, акуратныя. Ты пішаш незнаёмаму чалавеку і думаеш: «Што яму расказаць? Чым увогуле можна з ім падзяліцца?» Мне здаецца, што давер, як і ў жыцці, хутчэй паступова нарастае, чым узнікае адразу.
Калі я ўбачыла другі і трэці ліст, шчыра, я проста віскатала ад радасці! Я сапраўды бачыла дыялог двух людзей паміж сабой, якія перапісваюцца і знаходзяць нейкія кропкі судакранання. Для мяне гэта была велізарная радасць. Я была шчаслівая ад таго, што раблю гэты праект, і ад таго, што ў мяне атрымалася выбудаваць паміж імі гэтую сувязь. Я ўбачыла вынік сваёй ідэі і сваёй працы. Падумала: «Ваў, нічога сабе!»
Калі працягваць гэты праект і перапіску далей, то, мяркую, давер будзе толькі расці з часам. Чым больш ты пішаш іншаму чалавеку, атрымліваеш ад яго адказы, чым больш даведваешся падрабязнасцей пра яго жыццё і дзелішся чымсьці сваім, тым вышэйшым становіцца давер. Варта трымаць у галаве, што ў гэтым праекце былі пэўныя рызыкі для ўсіх удзельнікаў. Як для гераінь, так і для мяне.
— Паколькі гэта ўсё ж такі асабістая перапіска, мы, як чытачы, бачым поўны змест лістоў? Ці даводзілася табе нешта рэдагаваць у іх змесце перад публікацыяй?
— Чытач бачыць лісты дакладна ў тым выглядзе, у якім я ўбачыла іх на паперы. Там няма ніякай рэдактуры. Усё, што было напісана, мы і бачым у выніковай публікацыі.
— Яшчэ адна незвычайная асаблівасць праекта — тое, што першы і другі лісты выйшлі асобнай публікацыяй, а наступная частка перапіскі публікавалася крыху пазней, нібыта працяг серыяла. І я як старонні чытач чакаў, што ж удзельніцы напішуць адна адной далей, чым падзеляцца ў наступным лісце. Ці была ў цябе такая задумка першапачаткова?
— Так, ты абсалютна правільна зразумеў гэтую ідэю. Хаця я б не назвала гэта серыялам у звыклым разуменні. Але гэта дакладна пра пачуццё чакання.
Успомні, калі ты апошні раз атрымліваў ліст у канверце. Ёсць жа гэтае прадчуванне: што там будзе ўнутры? Напісанне ліста, чаканне, атрыманне адказу — усё гэта адзін цэласны працэс і адзіны досвед, які я хацела б, каб мы ўсе адчулі.
Візуальная мова праекта
— Нельга не адзначыць візуальнае афармленне праекта: выніковыя публікацыі з перапіскамі гераінь суправаджаюцца калажамі. Як з’явілася ідэя выкарыстоўваць менавіта калажны стыль? Хтосьці дапамагаў табе ў рэалізацыі?
— Калажы рабіла не я, а мастачка і фатографка Ірына А. Яна якраз калажыстка, гэта яе профіль.

Калаж з праекта «Без подпісу, таму што нельга». Аўтарка: Iрына A.
Я была ў яе на майстар-класе па калажах. Так мы і пазнаёміліся. Калі я разважала над ідэяй праекта, мне прыйшла ў галаву думка, што, паколькі я выкарыстоўваю такі аналагавы фармат, як лісты, калажы вельмі блізкія гэтай канцэпцыі.
Калажы Іра таксама выконвала ў аналагавым фармаце, а ўжо пасля мы іх алічбоўвалі. Мне хацелася, па-першае, захаваць аналагавы метад працы над праектам. А па-другое, калажы самі па сабе вельмі асабістыя. Мне здаецца, у гэтым фармаце ёсць дзе разгарнуцца.
Сэнс калажу заключаецца ў тым, што ты бярэш розныя элементы, збіраеш іх па кавалачках, злучаеш іх і ствараеш з гэтага цэласнае выказванне. Мне здаецца, гэта вельмі блізка да той задачы, якую я перад сабой паставіла, — аб’яднанню людзей. Таму калажы так добра ўпісаліся ў праект. Мне вельмі падабаецца тое, што з гэтага атрымалася.
Што будзе з праектам далей
— Наколькі вынік супаў з першапачатковымі чаканнямі?
— Слухай, ёсць, вядома, свае нюансы, нейкія ўнутраныя моманты, але гэта асобная гісторыя. Насамрэч праект атрымаўся менавіта такім, якім я яго задумвала. Мне ўдалося рэалізаваць першапачатковую ідэю і ўвасобіць яе ў жыццё. Гэта вельмі крута і прыемна. Але я ўсё роўна думаю пра тое, ці можа гэты праект жыць далей і што з ім можна зрабіць.
— Ці ўбачым мы яшчэ лісты ад гэтых гераінь?
— Так, я хацела б, каб праект працягваўся. Яны нават пыталіся мяне пра гэта. Усё залежыць ад рэсурсаў, якімі я валодаю. Першапачаткова гэта быў проста эксперымент: паглядзець, як ён пойдзе, ці атрымаецца ўвогуле рэалізаваць такую публікацыю ў медыя. Пакуль праект прайшоў тэставы этап.
Але цяпер я думаю, што было б суперкрута сабраць больш падобных матэрыялаў, знайсці дадатковых герояў і зрабіць з гэтага выставу. Каб там былі сапраўдныя лісты і сапраўдныя калажы. Хочацца ператварыць праект у яшчэ больш аналагавую гісторыю, давесці гэтую аналагавую канцэпцыю да канца.
Таму што я стамілася ад інтэрнэту, стамілася ад паўсюднага выкарыстання ШІ, стамілася ад адсутнасці блізкага кантакту ў рэальнасці. Таму мяне зараз цікавяць фарматы і праекты, у якіх можна знайсці гэты кантакт. Хочацца дакранацца, глядзець і размаўляць. Менавіта дзеля гэтага праект і прыдумваўся: каб людзі сустрэліся, паразмаўлялі і чымсьці падзяліліся адно з адным. Было б вельмі крута дадаць у праект яшчэ і такую магчымасць.
Калі мы чытаем нешта ў медыя, як правіла, мы робім гэта ў адзіноце — са сваіх тэлефонаў або камп’ютараў. Мы ўсё роўна застаёмся адны, калі спажываем гэтую інфармацыю. А такія фарматы, як выставы і афлайн-мерапрыемствы, прадугледжваюць сустрэчу людзей. І гэта менавіта тое, чаго я хачу.
«Эксперыменты — гэта прывілей»
— Як табе здаецца, ці мае патрэбу сучасная журналістыка ў падобных эксперыментальных фарматах?
— Гэта складанае пытанне. Мы гаворым пра беларускую журналістыку?
— Так, у першую чаргу пра яе.
— Мне здаецца, што эксперыменты — гэта ў цэлым прывілей.

Калаж з праекта «Без подпісу, таму што нельга». Аўтарка: Iрына A.
Ёсць пэўныя законы і фарматы, якія працуюць у журналістыцы. У цяперашнім становішчы незалежнай беларускай журналістыкі, асабліва той, якая працуе ў эміграцыі, эксперыментаваць такім чынам — сапраўдная раскоша.
Як мінімум, мы ведаем, што ёсць праблемы з рэсурсамі, фінансаваннем і людзьмі. Ёсць пытанні і да ўмоў, у якіх працуюць журналісты: яны атрымліваюць не вельмі высокія заробкі.
Мы разумеем, што беларускія журналісты — дастаткова ўразлівая група. Буйныя медыярэсурсы, як правіла, працуюць у межах пэўных стандартаў. Я маю на ўвазе не гэтыя этычныя журналісцкія стандарты, наконт якіх можна спрачацца, а стандарты фарматаў.
Гэта навіны, інтэрв’ю, аналітычныя матэрыялы ў класічных відэа- і тэкставых фарматах — гэта практычна ўсё, што я бачу ў журналістыцы ад буйных медыя. Яны вельмі мала працуюць з іншымі фарматамі і з эксперыментальнымі праектамі.
— Як ты лiчаш, чаму так адбываецца?
— З аднаго боку, магчыма, на гэта проста няма рэсурсаў. З іншага боку: можа быць, яны не ўмеюць ці не хочуць эксперыментаваць? Тут можна меркаваць што заўгодна.
Але нейкія эксперыментальныя фарматы ўсё ж такі з’яўляюцца. Напрыклад, мне вельмі спадабаўся праект «Пукст на поўначы», які нядаўна выйшаў на Reform.news. Яны запусцілі невялікі серыял, у якім Сяргей Пукст расказвае пра Скандынавію.
Кінематаграфіст Арцём Лобач зрабіў дакументальнае ютуб-шоў з андэграўдным музыкам Сяргеем Пукстам
Я лічу, што гэта добры прыклад эксперыменту, які з’явіўся ў беларускіх медыя. Ці гатовыя астатнія да такіх фарматаў? Не ведаю. Гэта вельмі складана. Беларуская журналістыка, я табе зычу поспеху!
@bajmedia