• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Генпракуратуры прапанавалі вызначыць нормы ацэнкі «экстрэмісцкіх» матэрыялаў і распрацаваць панятак «прапаганда экстрэмізму»

    Генпракуратура Беларусі зладзіла круглы стол па пытаннях прававога і арганізацыйнага забеспячэння процідзеяння экстрэмізму. Удзельнікі заявілі, што праца ў гэтым кірунку ўсё яшчэ недастатковая.

    вызначыць нормы ацэнкі «экстрэмісцкіх» матэрыялаў

    Фота: Генеральная пракуратура РБ

    У мерапрыемстве, якое 20 лістапада ладзілася ў навукова-практычным цэнтры праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры, узялі таксама ўдзел прадстаўнікі Вярхоўнага cуда, Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, КДБ, Следчага камітэта, ГУБАЗіК МУС, Навукова-практычнага цэнтра Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Інстытута гісторыі НАН.

    Прысутныя абмеркавалі неабходнасць карэкціроўкі дзейнага заканадаўства і распрацоўкі новых падыходаў да шэрагу ідэалагічных пытанняў, паведаміла  ўпраўленне ўзаемадзеяння са СМІ Генеральнай пракуратуры.

    Якія змены, прапанаваныя ўдзельнікамі круглага стала, могуць чакаць беларусаў?

    Карэкціроўка Закона «Аб процідзеянні экстрэмізму» і сумежнага заканадаўства

    Паводле кіраўніцы аддзела НПЦ Генеральнай пракуратуры Алены Кароціч, «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці», нягледзячы на шматгадовую барацьбу з імі, усё яшчэ здольныя «выклікаць дэстабілізацыю ў грамадстве, падарваць асновы канстытуцыйнага ладу і незалежнасці дзяржавы».

    Алена Кароціч

    Кіраўніца аддзела НПЦ Генеральнай пракуратуры Алена Кароціч. Фота: Генеральная пракуратура РБ

    Таму яна прапанавала ўнесці карэкціроўкі ў заканадаўства. У прыватнасці, больш дэталёва распрацаваць вызначэнні, што такое «распаўсюд» і «прапаганда экстрэмізму», а таксама «заклікі» да экстрэмісцкіх дзеянняў. І выпрацаваць адпаведную сістэму пакаранняў за гэта.

    Прадстаўнік Следчага камітэта Дзмітрый Лабоцкі таксама адзначыў цяжкасці з аналізам на наяўнасць «экстрэмізму», асабліва «ва ўмовах распаўсюду інфармацыі ў інтэрнэце».

    Унясенне ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў верагодных «мадыфікаваных» назваў

    Прадстаўніца НПЦ Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Юлія Яроцкая прапанавала пры ўнясенні інтэрнэт-рэсурсаў у «экстрэмісцкі» спіс на сайце Міністэрства інфармацыі адразу дадаваць у яго «магчымыя мадыфікацыі іх назваў і лагатыпаў».

    На яе думку, гэта дапаможа «пазбегнуць фармальных шчылін для экстрэмісцкіх рэсурсаў», калі заснавальнікі мяняюць іх назвы пасля прызнання матэрыялаў «экстрэмісцкімі». Яроцкая прапануе «прапісваць» і лагатыпы інтэрнэт-рэсурсаў разам з «магчымымі далейшымі мадыфікацыямі».

    Яна ж выступіла з прапановамі канкрэтызацыі паняткаў «навуковая дзейнасць» і «адукацыйная дзейнасць» і за «размежаванне калекцыянавання гістарычных артэфактаў і прапаганды».

    «Рэжымны» падыход да бібліятэчных фондаў

    Паводле Алены Кароціч, у Беларусі ўжо існуюць спецыяльныя фонды, якія ствараюцца для захоўвання матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі. Застаецца хіба што заканадаўча замацаваць іх існаванне.

    Дзе і кім гэтыя фонды створаны, спікерка не ўдакладніла. Але наяўнасць фонду закрытых дакументаў, уключаных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, пацвердзіў і Віктар Пшыбытка, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Ён паведаміў, што гэты фонд рэгулярна папаўняецца, хаця не мае ўласнага прававога статусу на ўзроўні заканадаўчага акта.

    З’яўленне адмысловых ідэалагічных выданняў

    Пра неабходнасць выпуску «сацыяльна значных выданняў як інструмента процідзеяння экстрэмізму» выказаўся дырэктар НПЦ Генеральнай пракуратуры Ігар Мароз. Ён заявіў пра патрэбу ў «якаснай навуковай і публіцыстычнай літаратуры, якая фармуе ў грамадзян устойлівасць да дэструктыўных ідэалогій».

    Прычым стваральнікі такіх выданняў, на ягоную думку, павінны ўзгадняць з ведамствам інфармацыю, «якая выкладаецца адносна факта генацыду беларускага народа».

    Яраслаў Бязлепкін, старшы навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заявіў у гэтай сувязі пра неабходнасць вывучэння «поглядаў і пазіцый замежных апанентаў». Але не для пашырэння тэматычнага падыходу, а для іх «факталагічнай крытыкі, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе даступныя сродкі — фільмы, пасты ў сацыяльных сетках і іншыя».

    вызначыць нормы ацэнкі «экстрэмісцкіх» матэрыялаў

    Фота: Генеральная пракуратура РБ

    Рэвізія рэгіянальнай геральдыкі

    На круглым стале абмяркоўвалі і «недапушчальнасць выкарыстання сфармаваных у 90‑я гады сімвалаў у экстрэмісцкай дзейнасці». Бо яны «былі сфармаваныя ў адрыве ад рэальнасці і без уліку дзяржаўнай ідэалогіі».

    Інакш кажучы, удзельнікі мерапрыемства гаварылі пра тое, што гістарычны падыход да стварэння геральдычных сімвалаў, выкарыстаны ў першыя гады беларускай незалежнасці, цяпер не адпавядае дзяржаўнай палітыцы і ідэалогіі. І, да прыкладу, герб «Пагоня» на афіцыйным сцягу Віцебскай вобласці, горада Магілёва, Лепельскага, Верхнядзвінскага або Рэчыцкага раёнаў ужо «могуць служыць прычынамі і ўмовамі экстрэмізму».

    Таму Алег Странькоўскі, сакратар Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, настойваў на тым, што «выкарыстанне геральдычных сімвалаў павінна быць строга рэгламентавана», каб не дапусціць іх «дыскрэдытацыі».

    А намеснік дырэктара НПЦ Генеральнай пракуратуры Алег Русецкі заявіў пра неабходнасць распрацоўкі навукова і сацыяльна абгрунтаваных падыходаў да ідэалагічнага значэння геральдычных сімвалаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Бо «яны служаць выражэннем ідэй і сэнсаў, непасрэдна ўздзейнічаюць на свядомасць і паводзіны грамадзян».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.