«Наша Ніва» як жывы працэс: місія, пераемнасць і нацыянальная ідэя праз эпохі
Гісторыя «Нашай Нівы» — гэта не проста хроніка аднаго выдання, а непарыўны працэс існавання беларускай нацыянальнай ідэі. «Місія «НН» засталася той самай», — падкрэсліваюць прадстаўнікі сённяшняй рэдакцыі найважнейшага ў летапісе краіны беларускага медыя.

Адмысловы нумар «Нашай Нівы» да юбілею. Фота: БАЖ
На выставе «Голас стагоддзя. 120 гадоў «Нашай Ніве», што адкрылася ў Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча, у вочы кідаецца фота з цытатай са звароту да чытачоў, апублікаваным у першым нумары «першай беларускай газеты з рысункамі» ад 10 (23) лістапада 1906 года. Варта ўзгадаць галоўнае з маніфеста «НН» (асаблівасці лексікі захаваныя):
«Мы будзем служыць усяму беларускаму скрыўджанаму народу, пастараемся быць люстрам жыцця, каб ад нас, як ад люстра, свет падаў у цёмнасць… Мы будзем браць усё ад усіх і, злажыўшы ў парадак, зноў аддаваць. Ведайце добра, што «Наша Ніва» газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае. Кожны мае права быць выслуханым на страніцах нашай газеты і кіраваць ёю, толькі каб было разумне. Мы з сваёй стараны будзем старацца, каб усе беларусы, што не ведаюць, хто яны ёсць, — зразумелі, что яны беларусы і людзі, каб пазналі сваё права і памаглі нам у нашай рабоце.
Не будзем пісаць громка. Будзем спакойне, цвёрда кідаць усім праўду ў вочы, пастараемся быць церпялівымі і панаваць над сабою: няхай халодны розум моцна трымае ў сваіх руках гарачае сэрца.
А цяпер прызываем усіх тых, хто разумее нашы цэлі, адчувае тое, што мы чуем, і захоча нам памагчы:
Падтрымайце нас у рабоце, што цяпер пачынаецца!».

З выставы. Фота: БАЖ
«Наша Ніва» выходзіла ў Вільні ў 1906–1915 гадах, пакуль немцы не занялі горад. Заснавалі газету дзеячы з Беларускай сацыялістычнай грамады: браты Іван і Антон Луцкевічы, Аляксандр Уласаў і Вацлаў Іваноўскі. Рэдактарамі былі Зыгмунт Вольскі, Аляксандр Уласаў, з 1914 года — Янка Купала.
У газеце, акром надзённага, друкаваліся мастацкія творы тых, хто потым увайшоў у пантэон беларускай літаратуры — Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цётка, Змітрок Бядуля, Максім Гарэцкі, Цішка Гартны, Вацлаў Ластоўскі і многія іншыя.

З выставы. Фота: БАЖ
У кастрычніку 1920 года газету аднавілі, аднак ужо праз некалькі месяцаў яна была забаронена польскай вайсковай цэнзурай.
Наступная спроба аднавіць «Нашу Ніву» адбылася толькі ў 1991 годзе. Спачатку гэта было літаратурна-філасофскае выданне, а з пачатку нулявых «Наша Ніва» паступова вярнулася ў свой пачатковы варыянт масавага, агульнаграмадскага выдання.
У сваім эсэ да стагоддзя «НН» Сяргей Дубавец, галоўны рэдактар газеты з 1991-га па 2000 год, пісаў:
«Скажу адразу, што я не ведаю, што такое «Наша Ніва». Магу толькі з пэўнасцю сказаць, што гэта — не газета. Газеты не перавыдаюцца праз сто гадоў і праз пяць эпох не чытаюцца з першапачатковым захапленнем. Газеты не даюць сваю назву эпохам, як гэта адбылося ў беларускай гісторыі, дзе пачатак дваццатага стагоддзя мы называем «нашаніўскай парой».

Сяргей Дубавец. Фота: БАЖ
Праз 20 гадоў Сяргей Дубавец тлумачыць пра ўзнаўленне выдання ў 1991 годзе ў Вільні:
«Аднавіць гэты жывы працэс, працягнуць яго існаванне — гэта і значыла для нас працягнуць само існаванне беларускай ідэі, само існаванне Беларусі ўвогуле».
«Чаму «Наша Ніва»? Чаму менавіта ў Вільні? Чаму мы гэта рабілі? Ну ўзгадайце яшчэ якую-небудзь газету такой самай вартасці, такой самай сілы, такой самай насычанасці талентамі і ідэямі, якая выходзіла б за рамкі проста сродку масавай інфармацыі. Я баюся, што такіх вы шмат не згадаеце. Дакладна», — сказаў галоўны рэдактар адноўленай «НН».
Ён узгадвае той дзень, калі прыехаў забіраць з друкарні першы нумар адноўленага тыднёвіка:
«Гэта быў вельмі радасны працэс. Я згадваю першы нумар, які выйшаў у траўні 1991-га. Выйшаў ён, між іншым, у друкарні ў горадзе Баранавічы. І ў той самы дзень горад Баранавічы ўпершыню ў сваёй гісторыі святкаваў Дзень горада. Уявіце сабе: мы прыехалі туды, там парады, там неверагодная колькасць народу, аркестры, музыка. І гэта таксама быў знак для нас — трымаць у руках першы нумар «Нашай Нівы», калі над табой ляцяць парашутысты, калі вакол праходзяць калоны, калі едуць матацыклісты, калі хары спяваюць. Ну дзіва, дзіва!».
Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, які ўваходзіў у склад рэдакцыі з першых дзён аднаўлення, быў аўтарам і мастаком, выконваў абавязкі намесніка галоўнага рэдактара, кажа пра шанцаванне:
«Нам вельмі пашанцавала. Мне прыватна з кампаніяй сяброў і ўсёй нашай камандзе пашанцавала з часам, з гэтай эпохай. Гэта быў нейкі адметны момант: распадалася імперыя, было непараўнальна куды больш свабоды, чым нават зараз у свабодным свеце. Не было гэтых межаў і ўжо не было таго кантролю, не было той дыктатуры. Было вось гэта таварыства — тыя, хто выйшаў з «Майстроўні», тыя, хто выйшаў з «Тутэйшых», была адпаведная кваліфікацыя.

Сяргей Харэўскі. Фота: БАЖ
Яшчэ не было інтэрнэту і не было мабільнікаў, што таксама, як мы сёння ацэньваем, было нашым шчасцем, бо была магчымасць рабіць шмат рукамі. І гэта былі творы ў пэўным сэнсе мастацтва — усё малявалася ўручную, гэтыя рубрыкі і макеты. І кожны экзэмпляр макета выглядаў, як сапраўдны артэфакт, які нёс у сабе гэтае чалавечае цяпло.
І, на шчасце, былі чытачы. Гэта газета, гэты праект быў актуальны, запатрабаваны, чаканы. У адным з першых нумароў Сяргей Дубавец напісаў кароткі маніфест пра тое, што мы будзем рабіць такім чынам, такім спосабам і тамсама, дзе і нашы папярэднікі».

Сяргей Дубавец, Людвіка Кардзіс, Сяргей Харэўскі. Фота: БАЖ
Акрамя таго, была і вельмі зручная геаграфія:
«Гарадзенцам ці палачанам да нас было латвей даехаць і хутчэй, чым сустракацца ў Мінску. Да нас вельмі часта прыязджалі і польскія беларусы. Ну і, канешне, віленская супольнасць беларусаў, якія нас прынялі як родных, як блізкіх».
«Такім чынам, гэта быў унікальны момант. Ні раней, ні пазней гэта магло б і не здарыцца. Гэта ў пэўным сэнсе цуд, якому, канешне, можна знайсці нейкае рацыянальнае тлумачэнне, але ён мог і не здарыцца. Але здарыўся, з чым вас усіх і віншую!», — зазначыў Сяргей Харэўскі.

Сяргей Дубавец і Сяргей Харэўскі. Фота: БАЖ
Своеасаблівую пераклічку эпох пацвярджаюць фотаздымкі… ператрусаў рэдакцыі: на здымак ператрусу ў 1910‑м адгукаюцца фотасведчанні пагрому «Нашай Нівы» ў 2021‑м у Мінску.

Фота рэдакцыі «Нашай Нівы» пасля ператрусу ў 1910‑м. Фота: БАЖ

Фота рэдакцыі «Нашай Нівы» пасля ператрусу ў 2021‑м. Фота: БАЖ
Тады ж рэдактары «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко апынуліся за кратамі.
«Бюст Луцкевіча разбіў ці амонавец, ці кадэбіст, альфавец… Там была зборная каманда. А яшчэ, калі ператрус скончыўся, нехта з іх вярнуўся і на дошцы нашага рэкламнага аддзела злосна напісаў «Наша Ніва R.I.P.». Яны думалі, што пасля гэтага выданне ўжо не адродзіцца. А «Наша Ніва» жыве! І гэты гіпсавы бюст — ён стаіць, ён зноў з намі, з усімі беларусамі», — кажа адзін з журналістаў тагачаснай мінскай рэдакцыі.
«Што да выставы, тут, па-мойму, залішняя засяроджанасць на стыгматызацыі. Стваральны пачатак «Нашай Нівы» — гэта намнога важней, чым нейкія спробы кудысьці яе загнаць, выгнаць, закрыць і гэтак далей. (…) Што да «Нашай Нівы», то ёсць час, калі ты чытаеш і натхняешся, пасля ты працуеш у ёй і робіш яе, пасля іншыя людзі робяць, ты глядзіш, як яна выходзіць. Але я, ведаеце, мару пра такі час, калі ў ёй проста не будзе патрэбы, таму што «Нашай Нівай» стануць усе беларускія медыя», — прамаўляе ягоны калега.
Дырэктарка «НН» Наста Роўда ўпэўненая, што «без «Нашай Нівы» 90‑х, з якой усё пачалося ў новы час, не было б той «Нашай Нівы», якую мы ўсе сёння ведаем»:
«Так, многія закідаюць і працягваюць закідаць, што гэта павінна быць іншая газета, мець іншую назву, — прызнае дырэктарка. — Але чаму я лічу, што сённяшняя «Наша Ніва» мае права называцца «Нашай Нівай»? Таму што місія «Нашай Нівы» засталася тая ж самая. Хацелася б, каб нам ужо не трэба было змагацца з Расіяй, каб наша незалежнасць была моцнай, каб нам не трэба было думаць пра тое, што беларуская мова можа знікнуць.
На жаль, мы ўсе працягваем думаць пра тыя самыя праблемы, пра якія думалі і пачынальнікі не толькі «Нашай Нівы», але і Беларусі. І мы працягваем з вамі тую самую працу, тую самую справу. Што б ні адбывалася, «Наша Ніва» павінна жыць! З гэтай думкай я пераймала дырэктарства «Нашай Нівы» і кіраванне ёй, калі пасадзілі ўсіх нашых рэдактараў у Беларусі».

Настасся Роўда. Фота: БАЖ
У гутарцы з БАЖ Настасся Роўда зазначае, што адчувае пераемнасць з той «Нашай Нівай»:
«І таму я не адчуваю ніякай віны, што мы сёння робім «Нашу Ніву». Больш за тое, я ўпэўненая, што сучаснікі «Нашай Нівы» пачатку XX стагоддзя таксама, напэўна, шмат за што газету крытыкавалі. Таму што адна справа — павесіць газету на сцяну ў рамку і здзьмуваць з яе пыл. Так яна ўсім будзе падабацца. Праблема ў тым, што пра яе такую вельмі хутка забудуць. Успамінаць пра яе будуць, добра калі раз на год, а часам раз на дзесяцігоддзе, а многія проста выкінуць яе з памяці.
Іншая справа — рабіць штосьці. Таму што як толькі ты пачынаеш штосьці рабіць, адразу з’яўляюцца крытыкі, адразу з’яўляюцца тыя, каму гэта не падабаецца, адразу з’яўляюцца тыя, хто лічыць, што можна было рабіць лепш, можна было рабіць інакш, бо ў кожнага ў галаве свая «Наша Ніва».
Пры гэтым я сёння перачытвала зварот айцоў-стваральнікаў «Нашай Нівы» 1906 года. І я павінна пагадзіцца: яны там вельмі добра сфармулявалі думку, што «Наша Ніва» не належыць рэдакцыі — яна належыць усяму беларускаму народу. І мне хочацца, каб людзі памяталі, што мы да гэтага вельмі адказна ставімся. Канешне, ёсць рэдакцыя, ёсць рэдакцыйная палітыка, ёсць місія выдання, але гэта тое самае, як было і тады».
Настасся Роўда падкрэслівае, што сённяшняя рэдакцыя, як і айцы-заснавальнікі, будзе адмаўляцца ад чагосьці, «таму што гэта неразумна ці непатрэбна»:
«Мы ўсё ж такі павінны быць фільтрам і праводзіць сваю стваральную палітыку для беларускага народа — тое, што будзе спрыяць і ўмацоўваць беларускі рух і працаваць на беларускую нацыянальную ідэю.
І мы гэтага трымаемся. Мы стараемся адпавядаць найлепшым узорам гістарычнай «Нашай Нівы». Пры гэтым будучы абсалютна сучасным выданнем, не прэтэндуючы на тое, каб капіяваць цалкам падыходы той першаснай «Нашай Нівы», таму што гэта проста немагчыма. Прайшло 120 гадоў, і мы б не выжылі, калі б рабілі тое самае. У любой справе ты можаш рухацца наперад толькі тады, калі рухаешся. Як толькі ты стаіш на месцы ці, тым больш, ідзеш назад, нічога ў цябе не атрымаецца. Мы павінны ісці ў нагу з часам.
І мне падаецца, што мы гэта вельмі ўдала робім. Мы зараз папулярнае выданне, у нас паўсюль ёсць паспяховыя, вядомыя прадукты. Людзі нас глядзяць, любяць, чытаюць. Але ясна, што будзе крытыка, і гэта нармальна».

Настасся Роўда. Фота: БАЖ
У любым разе «брэнд «Нашай Нівы» павінен жыць»:
«І я ў гэтым сэнсе сказала б так: сённяшняя рэдакцыя робіць так, як яна гэта бачыць, але прыйдзе пасля нас іншая рэдакцыя, будуць калісьці іншыя галоўныя рэдактары, іншыя дырэктары, іншыя выдаўцы — і яны будуць рабіць іншую «Нашу Ніву». І праз 50–100 гадоў можна будзе пабачыць і ацаніць рэальны ўплыў і рэальную ролю той «Нашай Нівы», якая ёсць сёння.
Сёння мы можам з вамі дакладна ацаніць ролю той першай «Нашай Нівы», як гэта стала зразумела праз сто гадоў: наколькі яна была важная, якую ролю адыграла ў тым, што з’явілася наша сучасная незалежная Беларусь, і які ўнёсак быў Антона Луцкевіча, Івана Луцкевіча ды іншых людзей, якія спрычыніліся і сталі нашымі героямі, класікамі, ад якіх мы адлічваем сваю гісторыю незалежнай Беларусі».
Напярэдадні юбілею ў сваёй калонцы для БАЖ журналіст Дзмітрый Гурневіч пісаў пра «Нашу Ніву» як першую беларускую сацсетку — напрыклад, за першыя тры гады «Наша Ніва» надрукавала 960 карэспандэнцый амаль з 500 вёсак і мястэчак, без ганарараў, «людзі самі браліся за пяро, пісалі ў рэдакцыю, адпраўлялі лісты, бо ўпершыню з’явілася месца, дзе іх хацелі пачуць».
Калумніст зазначае:
«Наша Ніва» не зрабіла беларусаў беларусамі. Яны існавалі і да яе. Але яна дапамагла ім убачыць адзін аднаго, пазнаць сябе ў чужых гісторыях, адчуць, што іхная мова і культура могуць мець будучыню. І гэта стала адным з імпульсаў для таго вялікага руху, які разгарнуўся ў наступныя гады.
Сто дваццаць гадоў таму беларусы стварылі сабе дом з газеты. І з яго выйшла значна больш, чым маглі ўявіць людзі, якія рыхтавалі першы нумар. У гэтым і ёсць галоўная сіла незалежнай журналістыкі. Яна не можа гарантаваць пераменаў. Але можа дапамагчы людзям знайсці адзін аднаго».
@bajmedia