Андрэй Аляксандраў атрымаў Ордэн Пагоні БРН — праз тры гады пасля прысуджэння ўзнагароды
Беларускі медыяменеджар Андрэй Аляксандраў узнагароджаны медалём Ордэну Пагоні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Ушанаванне адбылося 21 лістапада ў Лондане ў Беларускім рэлігійна-культурным цэнтры ў Marian House пры беларускай грэка-каталіцкай царкве Святога Кірылы Тураўскага і Ўсіх Святых Заступнікаў Беларусі.

Андрэй Аляксандраў на цырымоніі ўзнагароджання медалём Ордэну Пагоні Рады БНР. Лондан, 21 лістапада 2026 года. Фота: Facebook Андрэя Аляксандрава
Медаль ордэна Пагоні быў прысуджаны Андрэю Аляксандраву падчас яго зняволення ў лістападзе 2023 года «за прафесійную і гуманітарную дзейнасць нацыянальнага ўзроўню значнасці ў абставінах асабістай небяспекі, шматгадовыя заслугі перад беларускім грамадствам». Атрымаць узнагароду былы палітвязень змог толькі зараз, пасля свайго вызвалення і дэпартацыі з Беларусі, якая адбылася сёлета 16 верасня.
«Гэта вялікі гонар для мяне, і я асабліва рады атрымаць гэтую ўзнагароду менавіта тут, у сапраўдным культурным і духоўным сэрцы Беларусі замежжа, – адзначыў Андрэй Аляксандраў падчас цырымоніі. – Я добра ведаю гэты беларускі асяродак з часоў свайго навучання ў магістратуры ў Лондане.
Маё самавызначэнне дагэтуль утрымлівае два галоўных словы – беларускі медыяменеджар. Універсітэт Уэстмінстэра ў Лондане надаў шмат для другога слова ў гэтым словазлучэнні. Але Скарынаўская бібліятэка ў Лондане, размовы з айцом Аляксандрам Надсанам і спрычыненне да мясцовага беларускага асяроддзя замацавалі першую частку майго самавызначэння».
Медаль Аляксандраву ўручыў намеснік старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Мікалай Пачкаеў.

Андрэй Аляксандраў на цырымоніі ўзнагароджання медалём Ордэну Пагоні Рады БНР. Лондан, 21 лістапада 2026 года. Фота: Facebook Андрэя Аляксандрава
«Вярнуўшыся з Брытаніі, Андрэй прысвяціў сябе дзейнасці на карысць Беларусі, стаўшы адной з найважнейшых асоб незалежных медыяў краіны напрацягу многіх гадоў, – адзначыў Мікалай Пачкаеў. – А ў 2020 годзе ён паставіў сябе ў асабістую небяспеку дзеля дабра сотняў людзей, якія пацярпелі падчас рэпрэсіяў, і выконваў узятую на сябе місію да канца».
Аляксандраў прысвяціў сваю ўзнагароду палітвязням Беларусі і іх сем’ям, у прыватнасці сваім калегам. Падчас цырымоніі ён узгадаў, што за кратамі застаюцца 16 супрацоўнікаў беларускіх медыя.
Медаль ордэна Пагоні — ўзнагарода Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (у выгнанні). Медаль уручаецца ад 2022 года беларускім грамадзянам і замежнікам за асаблівыя заслугі перад беларускім народам. Падставамі для ўручэння з’яўляюцца выдатныя дасягненні на ніве змагання за волю і незалежнасць Беларусі, выбітная грамадская і культурная дзейнасць у Беларусі і сярод беларускага замежжа, а таксама даследаванні і папулярызацыя Беларусі ў свеце.
@bajmedia