Андрэй Аляксандраў на Free Media Awards 2026: Працягваем сваю працу, бо верым, што свабоднае слова жыццёва важнае
На цырымоніі ў Музеі Мунка ў Осла былы палітвязень прысвяціў узнагароду калегам, якія працягваюць працаваць у выгнанні або знаходзяцца за кратамі. Ён нагадаў, што ў Беларусі па-ранейшаму застаюцца ў зняволенні 15 прадстаўнікоў медыясферы.

Андрэй Аляксандраў падчас цырымоніі Free Media Awards. Осла, 29 верасня 2026 года. Фота: «Позірк»
29 верасня ў Осла адбылася цырымонія ўзнагароджання прэміяй на Free Media Awards 2026. Нядаўна вызвалены палітычны зняволены, журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў асабіста прыняў узнагароду.
Незалежная журналістыка ў апошнія гады «фактычна выцясняецца з Беларусі», сказаў Андрэй Аляксандраў, як перадае «Позірк».
Паводле экс-палітвязня, прадстаўнікі незалежных СМІ «аказваюцца альбо ў зняволенні, альбо ў выгнанні», але «мы працягваем сваю працу, таму што верым, што свабоднае слова жыццёва важнае і неабходнае для грамадства».
Андрэй Аляксандраў прысвяціў прэмію «ўсім мужным калегам, якія не здаюцца, нягледзячы на цяжкія ўмовы».
Паводле лаўрэата, інфармацыя пра прысуджэнне яму прэміі (ён атрымаў яе яшчэ падчас зняволення), стала «велізарнай эмацыйнай падтрымкай»:
«Пазітыўныя эмоцыі асабліва каштоўныя, калі чалавек знаходзіцца ва ўмовах, далёкіх ад нармальнага чалавечага жыцця».
Паводле Аляксандрава, як журналіст ён прывык абапірацца «перш за ўсё на факты, а не на эмоцыі». Таму, калі даведаўся пра наданне ўзнагароды, ён спачатку вырашыў, што «атрымлівае яе за журналістыку, хоць апошнія шэсць гадоў практычна не займаўся журналісцкай працай»: «Але потым я падумаў: добра, давайце вернемся да фактаў. Што такое журналістыка?».
Яна «заключаецца ў тым, каб збіраць і правяраць факты, адрозніваць іх ад прапаганды і дапамагаць аўдыторыі рабіць тое ж самае». Журналісты, падкрэсліў Аляксандраў, «павінны рабіць усё магчымае, каб людзі заставаліся інфармаванымі».

Андрэй Аляксандраў і Аляксандр Класкоўскі ў Осла. 29 верасня 2026 года. Фота: з асабістай старонкі ў Facebook Аляксандра Класкоўскага
Менавіта гэтым, упэўнены лаўрэат, працягваюць займацца беларускія журналісты ў выгнанні і тыя, хто знаходзіцца ў зняволенні:
«Працягваюць расказваць людзям пра тое, што адбываецца, і збіраць нават невялікія фрагменты даступнай інфармацыі, каб складаць з іх заснаваную на фактах карціну рэальнасці, якую аўтарытарныя рэжымы так ненавідзяць».
Аляксандраў асобна падзякаваў калегам з інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, якое ў Беларусі ў 2021 годзе было прызнана «экстрэмісцкім фармаваннем» — частка каманды працуе з‑за мяжы як «Позірк».
А таксама сваім калегам, якіх назваў «саўдзельнікамі»: Ірыне Леўшынай, Дзмітрыю Наважылаву і жонцы Ірыне Злобінай.
Адзначыўшы, што жонка прысутнічае на цырымоніі разам з ім, Аляксандраў нагадаў, што яны абодва былі вызвалены толькі два тыдні таму і падзякаваў усім, хто выступае ў падтрымку вызвалення палітвязняў.
Пра тое, што Аляксандраў абвешчаны лаўрэатам прэміі Free Media Awards 2026 года, стала вядома 4 верасня.
На той момант палітзняволены быў абраны прэтэндэнтам на прэмію «за сваю мужнасць і адданасць свабодзе прэсы і свабодзе выказвання меркаванняў ва ўмовах усё больш рэпрэсіўнага рэжыму».
«Дзякуючы сваёй працы ў незалежным беларускім інфармацыйным агенцтве БелаПАН і Беларускай асацыяцыі журналістаў, ён дапамог умацаваць прафесійныя стандарты журналістыкі, падтрымаць незалежныя СМІ і пабудаваць міжнародныя сеткі журналістаў і праваабаронцаў», — зазначыў аргкамітэт прэміі.
Разам з беларусам узнагароду атрымаюць кіраўнік аддзела журналісцкіх расследаванняў «Украінскай праўды» Міхайла Ткач, грузінскае выданне iFact, ерэванскі тэлеканал Factor TV і расійскае незалежнае анлайн-выданне «Вёрстка».
Хто такі Андрэй Аляксандраў
Ён нарадзіўся ў 1978 годзе ў расійскім Ніжнім Тагіле ў сям’і вайскоўца, але з дзяцінства жыў у Паставах на Віцебшчыне. Пасля школы скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, але ўрэшце засяродзіўся на журналістыцы. Кар’еру пачынаў у наваполацкай газеце «Хімік», дарос да намесніка дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Цягам 2009–2012 гадоў быў у кіраўніцтве Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Атрымаў і міжнародны досвед: мае ступень магістра медыяменеджменту Вэстмінстэрскага ўніверсітэта ў Лондане, працаваў у праваабарончых арганізацыях Index on Censorship і Article 19. Нягледзячы на добрыя перспектывы за мяжой, вярнуўся ў Беларусь, цягам 2015–2018 гадоў быў у дырэктараце БелаПАН, затым перайшоў на дамову як медыякансультант.
Андрэй Аляксандраў быў арыштаваны за сваю працу ў 2021 годзе. 6 кастрычніка 2022 года суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка у закрытым рэжыме прызначыў медыяменеджару 14 гадоў пазбаўлення волі і штраф памерам больш за 10 тысяч долараў у эквіваленце. Журналіст прызнаны палітычным вязнем.

Ірына Злобіна і Андрэй Аляксандраў 16 верасня 2026 года. Фота: Спецпасланніца МЗС Літвы па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю Аста Андрыяўскене апублікавала на сваёй старонцы ў Facebook першыя фота палітвязняў з мяжы
Што такое Free Media Awards
Прэмія Free Media Awards — гэта нямецка-нарвежская ўзнагарода для журналістаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Яе заснавалі фонды Fritt Ord і ZEIT-Stiftung Ebelin und Gerd Bucerius. У многіх краінах Усходняй Еўропы СМІ зазнаюць вялікі ціск. З дапамогай гэтай прэміі фонды хочуць заахвоціць журналістаў і сродкі масавай інфармацыі працягваць сваю працу і ўмацаваць іх волю не паддавацца запалохванню цэнзурай і супрацьстаяць самацэнзуры. Ад трох да шасці ўзнагарод штогод уручаюць журналістам і рэдакцыям, якія ўзмацняюць незалежную журналістыку і дапамагаюць грамадству атрымліваць дакладную інфармацыю нават ва ўмовах ціску і цэнзуры.
У розныя гады прэмію атрымлівалі беларускія выданні: «Брестский курьер», «Белорусская деловая газета», «Народная воля», «Белорусы и рынок», Intex-press, «Витебский курьер», «Салідарнасць», «Наша Ніва», CDMag, «Газета Слонімская», «Ежедневник», «Новы час», «Борисовские новости», «Беларускі партызан», Reform, інфармагенцтва БелаПАН, партал TUT. by, Беларускі расcледавальніцкі цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў. А таксама лаўрэатамі станавіліся айчынныя журналісты Святлана Калінкіна, Марына Коктыш, Валер Карбалевіч, Аляксандр Класкоўскі, Кацярына Барысевіч, Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова, Наталля Лубнеўская, Ларыса Шчыракова.
@bajmedia