У Вільні стартаваў новы цыкл праекта «Журфак па суботах»
«Тыя, хто скончыў папярэднія курсы, кажуць, што атрымалі больш тэорыі і практыкі, чым за пяць гадоў на журфаку ў Беларусі. Не здзіўляюся, бо на нашым журфаку выкладаюць найлепшыя беларускія журналісты, рэдактары і менеджары», — зазначыў на адкрыцці курсаў 10 кастрычніка ў Вільні старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец падчас адкрыцця новага цыкла адукацыйнага праекта «Журфак па суботах». Фота: БАЖ
«Журфак па суботах» — гэта сумесны праект Кааліцыі за ўстойлівы беларускі інавацыйны кантэнт (КУБІК/COCOFAB), які рэалізуецца кансорцыумам Free Press for Eastern Europe, Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Press Club Belarus пры суфінансаванні з боку Еўрапейскай Камісіі.
«Журфак па суботах» — праграма для тых, хто хоча пачаць працаваць у журналістыцы або стаць мацнейшым журналістам у сваёй рэдакцыі.
«Галоўная задача гэтых курсаў — падрыхтоўка кадраў для незалежных беларускіх медыя. Зараз, канешне, не найлепшы час для СМІ ў выгнанні, але кадравы голад адчуваюць усе беларускія рэдакцыі. А хтосьці можа падумаць і пра свой медыйны праект», — сказаў падчас адкрыцця курса старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.
Выпускнікі мінулых курсаў казалі, што «атрымалі больш ведаў, тэарэтычных і практычных, чым за пяць гадоў на журфаку ў Беларусі, некаторыя пачалі стала працаваць у медыя».
«І я гэтаму не здзіўляюся, бо, на маю думку, на «Журфаку па суботах» выкладаюць найлепшыя беларускія журналісты, рэдактары, менеджары», — дадаў Андрэй Бастунец.

Першыя заданні. Фота: БАЖ
Пасля прадстаўлення ўдзельнікаў — праз творчае заданне, якое 19 навучэнцаў атрымалі ў канвертах, Наста Роўда, дырэктарка выдання «Наша Ніва» і вядоўца папулярнага шоу «Ток», пачынае курсы практычным інтэрактывам «Гульня ў ньюзрум». Навучэнцам прыйшлося дынамічна, без падрыхтоўкі акунуцца ў працу рэальнай рэдакцыі з усімі яе аддзеламі.

Трэнерка Наста Роўда. Фота: БАЖ
Чаго чакаюць студэнты?
Аляксандр «Кусь» Клачко, былы беларускі добраахвотнік, кажа, што прыйшоў на курс, каб асвоіць прафесійныя журналісцкія інструменты для прасоўвання ў інфармацыйнай прасторы важнай для яго тэматыкі — падтрымкі ветэранаў, добраахвотнікаў і іх сем’яў. Ён рэгулярна арганізуе вечарыны памяці бою пад Лісічанскам і мае патрэбу ў якаснай відэафіксацыі ўспамінаў пабрацімаў.

Аляксандр Клачко. Фота: БАЖ
«Для мяне вельмі важна навучыцца тэхніцы інтэрв’ю, задаваць правільныя пытанні. Ведаеце, вось прыклад з нядаўняй практыкі: дзяўчына, якая была парамедыкам батальёна Каліноўскага, кажа мне, што застаецца непублічнай, бо ёй важна давяраць таму, каму яна дае інтэрв’ю. І мне яна гатовая распавесці пра многае, але мне самому трэба навучыцца раскрываць чалавека, задаваць важныя пытанні правільна і даносіць гэтую інфармацыю ў зразумелай форме для беларусаў», — кажа Аляксандр Клачко.
Студэнтка факультэта «Медыя і камунікацыі» ЕГУ Вера мяркуе, што «Журфак па суботах» можа дадаць шмат практычнага да таго, што яна атрымлівае на акадэмічных занятках.
«Выкладчыкі працуюць у рэдакцыях штодзённа, гэта людзі, якія дакладна ведаюць, як і што сёння на медыйным рынку. Да таго ж, не буду хаваць, можа быць, «Журфак па суботах» паспрыяе ў пошуках працы, дазволіць зразумець, за чым перавага і што ў маіх уменнях патрабуе ўдасканалення», — кажа Вера.
Сяргей даўно працуе ў медыя: «Сёння на інтэрактыве я адмовіўся ад пасады галоўнага рэдактара, бо хачу выпрабаваць сябе ў іншай якасці. На занятку я стаў шараговым журналістам, які працуе з сацсеткамі. Насамрэч, сацсеткі — гэта якраз тое, чаго я заўсёды пазбягаў у сваёй рэальнай працы. Хочацца ўсё ж зразумець, як гэта ўсё працуе».

Першы занятак. Фота: БАЖ
Ганна Севярынец, вядучая сацсетак правабарончай арганізацыі «Наш дом», навучаецца на першым курсе праграмы «Права» ў ЕГУ. Яе мэта — здабыць сістэмную медыяадукацыю:
«Я працую з навінамі, але хочацца больш адукацыі ў сферы медыя. Хочацца больш папрацаваць з тэкстамі, навучыцца гэта рабіць самастойна, бо, напрыклад, складанне сцэнароў для мяне сёння праблема».

Ганна Севярынец. Фота: БАЖ
Актывістка, фрылансерка Алена Ляхновіч прайшла ў 2025–2026 гадах другі і трэці модуль «Журфака па суботах»:
«Так атрымалася, што прапусціла першы. То-бок я прыйшла за базавымі ведамі, якія магла прапусціць. У мяне як у фрылансеркі шмат ідэй, але не ўсе яны падыходзяць тым медыя, з якімі я ўжо супрацоўнічала. Хачу навучыцца прафесійна пітчыць свае ідэі рэдактарам іншых незалежных медыя. Хочацца паразмаўляць з рэдактарамі іншых выданняў і знайсці пункты сутыкнення».

Алена Ляхновіч. Фота: БАЖ
Што будзе цягам цыкла?
Заняткі пройдуць афлайн у Вільнюсе і Варшаве па суботах дзесяць тыдняў запар: ад кастрычніка да сярэдзіны снежня.
Навучэнцы пазнаёмяцца з сістэмай, паводле якой працуюць заходнія медыя. Навучацца крэатыўна працаваць з ідэямі, інфармацыяй і аўдыторыяй. Атрымаюць больш грунтоўныя навыкі па AI, SEO, пабудове cупольнасці вакол медыя. Папрацуюць над складанымі этычнымі кейсамі.

Першы занятак. Фота: БАЖ
Кожны ўдзельнік пройдзе праз поўны цыкл працы над журналісцкім матэрыялам — ад ідэі да гатовай публікацыі і распаўсюду.
Таксама будуць вывучацца тэмы:
- АІ
- User needs 2.0
- Журналісцкая этыка
- OCCRP guidelines
- Як не выгараць журналістам
- Праца з супольнасцю
- SMM
- Мультымедыйнае планаванне
- SEO-аптымізацыя
Сярод трэнераў — практыкуючыя журналісты і рэдактары, якія маюць трэнерскую адукацыю. У Вільнюсе гэта: дырэктарка «Нашай Нівы», вядоўца «ТОК» Наста Роўда, галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота, рэдактарка, медыяменеджарка Ірына Новік, прадстаўніца «Зялёнага партала» Яніна Мельнікава, менеджарка PALATNO Media Зоя Хруцкая, сузаснавальнік «Бюро Медыя» Аляксандр Ярашэвіч.
Праграму адмыслова для «Журфака» распрацавала выбітная ўкраінская журналістка і медыяменеджарка, медыякансультантка Каця Гарчынская, якая супрацоўнічае з The Wall Street Journal, The Financial Times, The Kiyv Post.
@bajmedia