• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вызвалілі палітзняволенага журналіста Кірыла Пазняка

    Палітзняволены Кірыл Пазняк выйшаў на волю 16 верасня 2026 года ў выніку візіту ў Мінск Джона Коўла, прадстаўніка амерыканскага прэзідэнта. Праваабаронцы заўважылі яго на здымку, апублікаваным спадаром Коўлам у сацсетцы Х.

    Вызвалілі палітзняволенага журналіста Кірыла Пазняка

    Кірыл Пазняк. Скрыншот відэа

    26 чэрвеня 2026 года Мінскі гарадскі суд вынес прысуды Кірылу Пазняку і ягонай дачцэ Яніне Пазняк. Іх прызналі вінаватымі паводле двух крымінальных артыкулаў: 361–1 КК — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» і 369–1 «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».

    Кірыла Пазняка пазбавілі волі на тры з паловай гады. Дакладны тэрмін Яніне невядомы.

    Абвінавачанне прасіла пакараць бацьку і дачку пазбаўленнем волі на тры з паловай і тры гады адпаведна. Апроч таго, Кірыл Пазняк мусіў сплаціць штраф памерам 550 базавых велічыняў (24 750 рублёў).

    Пазнякоў затрымалі 3 верасня 2025 года ў Мінску. На наступны дзень КДБ прызнаў YouTube-канал «Платформа 375», які стварыў Кірыл Пазняк, экстрэмісцкім фармаваннем. У крымінальнай справе і журналіст, і ягоная дачка прызнаныя арганізатарамі. Уся віна Яніны палягае ў тым, што яна зарэгістравала канал у Tik­Tok.

    палітвязні

    Вызваленыя 16 верасня 2026 года палітвязні. Фота: Джон Коўл

    Разгляд справы пачаўся 17 чэрвеня 2026 года. Спачатку першае пасяджэнне суда было прызначанае на 14 траўня, але праз цяжкі стан здароўя журналіста яго давялося перанесці. Пасля затрымання ў  ізалятары на Акрэсціна Кірыл Пазняк перанёс COVID-19 і цяжкую пнеўманію, якая дала ўскладненні на лёгкія. Некалькі дзён ён правёў на апараце штучнага дыхання. Кірыл праходзіў лячэнне ў турэмным шпіталі.

    YouTube-канал «Платформа 375» быў зарэгістраваны ў красавіку 2021 года. У 2021–2022 гадах канал правёў некалькі анлайн-дэбатаў паміж праўладнымі прапагандыстамі і іх апанентамі, якія вымушана з’ехалі з краіны. Апошні эфір адбыўся 3 снежня 2022 года, з боку Мінска удзел у ім прымалі Рыгор Азаронак (СТБ) і Юрый Церах («СБ. Беларусь сегодня»), з Варшавы з імі дыскутавалі Алег Талерчык (сузаснавальнік арганізацыі былых супрацоўнікаў сілавых структур ByPol) і Дзяніс Дудзінскі (тэлевядоўца, шоўмэн).

    17 верасня 2025 года праваабарончая супольнасць прызнала журналіста Кірыла Пазняка палітычным вязнем. 23 студзеня 2026 года праваабарончая супольнасць Беларусі заявіла аб прызнанні палітычнай зняволенай дачкі журналіста Яніны Пазняк.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.