Анджэй Пачобут вярнуўся з Беларусі ў Польшчу
У аўторак, 15 верасня, журналіст і актывіст Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут перасек мяжу ў Кузніцы на Падляшшы і бяспечна вярнуўся ў Польшчу, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Пачобут прыбыў у Кузніцу да 10‑й гадзіны раніцы і перасек мяжу прыкладна праз гадзіну, пішуць польскія медыя. На пераходзе яго чакалі калегі з Gazeta Wyborcza.
Напярэдадні пра намер Пачобута вярнуцца ў Беларусь 15 верасня казала старшыня Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс. Па яе словах, візіт журналіста ў Беларусь прайшоў «мірна».
Нагадаем, Анджэй Пачобут прыехаў у Беларусь 8 верасня. У Гродне ён сустрэўся з бацькамі і іншымі блізкімі, а 9 верасня наведаў офіс Саюза палякаў (СПБ). Асабліва кранальнай, паводле Борыс, стала сустрэча са сталымі жанчынамі, якія насілі Пачобуту перадачы ў турму: яны абдымалі яго і плакалі.
За тыдзень, які журналіст правёў у краіне, ён заехаў у некалькі гарадоў, у тым ліку ў Мінск і Ваўкавыск, наведаў месцы памяці польскай гісторыі, сустрэўся з актывістамі Саюза палякаў.
Паводле Анжалікі Борыс, СПБ разлічвае, што Пачобут будзе прадстаўляць у Польшчы інтарэсы польскай меншасці ў Беларусі. Ён, між іншым, уваходзіць у Кансультатыўную раду польскай дыяспары пры маршалку Сената Польшчы.
— Мы ўсведамляем, што Анджэй будзе нашым голасам у Польшчы, — сказала кіраўніца СПБ.
Пасля вяртання з Беларусі Анджэй Пачобут плануе паехаць у ЗША і Канаду для сустрэч з прадстаўнікамі ўладаў і польскай дыяспары.
@bajmedia