З сайта МУС знікла анлайн-праверка забароны на выезд з Беларусі. Як зараз спраўдзіць?
З асабістага кабінета на сайце МУС знік сэрвіс, з дапамогай якога можна было праверыць, ці дзейнічае ў дачыненні да чалавека часовае абмежаванне на выезд з Беларусі, заўважыў Onlíner.
Паводле выдання, гэта звязана не з тэхнічным збоем, а са змяненнем парадку функцыянавання банка даных.

Будынак МУС у Мінску. Фота: Міхаіл Сандыраў / Яндэкс Карты
Раней у МУС паведамлялі пра новы ўказ, які ўдасканальвае работу банка даных аб грамадзянах Беларусі, чыё права на выезд з краіны часова абмежавана.
Дакумент рэгулюе абмен інфармацыяй паміж МУС і іншымі дзяржаўнымі органамі, якія могуць прымаць рашэнні аб часовым абмежаванні права на выезд. Акрамя таго, указ устанаўлівае новыя патрабаванні да абароны інфармацыі, якая змяшчаецца ў банку даных.
У банку даных, як і раней, захоўваюцца звесткі пра грамадзян, якім часова забаронены выезд з краіны, пра прыпыненне або скасаванне такіх абмежаванняў, а таксама інфармацыя, звязаная з парадкам выезду непаўналетніх за мяжу паводле судовых рашэнняў.
Разам з тым звыклая анлайн-праверка на сайце МУС больш недаступная. Цяпер даведацца, ці існуюць абмежаванні на выезд, можна толькі пры асабістым звароце ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства.
Паводле інфармацыі МУС, такую інфармацыю павінны прадаставіць на працягу аднаго працоўнага дня.
@bajmedia