• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як стварыць супольнасць, якая фінансуе медыя: досвед дацкага выдання Zetland

    Данія, разам з усёй Скандынавіяй, штогод уваходзіць у сціслы топ краін у Індэксе свабоды прэсы. Але сузаснавальнік дацкага анлайн-выдання Zet­land Якаб Моль перакананы, што юрыдычных гарантый недастаткова і рэдакцыя не можа быць па-сапраўднаму незалежнай, калі не ведае, дзе возьме грошы на наступны месяц. Zet­land паспрабаваў вырашыць гэтую праблему праз платную супольнасць.

    Данія выданне Zetland

    Фота: zetland.media

    Zet­land запусціўся 10 гадоў таму ў Капенгагене. За гэты час выданне стала прыбытковым, павялічыла рэдакцыю ў тры разы і ператварылася ў міжнародную кампанію. У 2025‑м яны стварылі фінскае адгалінаванне Uusi Jut­tu, а ў 2026‑м — нарвежскае Demo. Асноўны даход рэдакцыі прыносяць самі чытачы — кожны з прыкладна 50 тысяч падпісчыкаў плаціць па 17 еўра на месяц. Але выдаўцы шукаюць і іншыя нішы.

    Тры гады таму яны запусцілі інструмент для расшыфроўкі аўдыязапісаў Good Tape, які хутка вылучылі ў асобны прадукт. Два гады таму пачалі выпускаць кнігі: выдавецтва Zet­land Bøger публікуе нон-фікшн, а вялікую ролю ў запуску выдавецтва адыгралі падпісчыкі выдання. Сваю платформу для публікацыі кантэнту ZEPP яны таксама ліцэнзуюць.

    Цяпер выданне мае каля 50 тысяч сяброў, не размяшчае рэкламу і выпускае ўсяго некалькі матэрыялаў на дзень. На самаакупнасць, аднак, яно выходзіла тры з паловай гады і на запуск прыцягнула каля двух мільёнаў еўра інвестыцый.

    Давер, празрыстасць і трошкі шанцавання: у чым рэцэпт дацкай свабоды прэсы

    «Нам пашанцавала жыць у краіне з вельмі высокім узроўнем даверу — даверу паміж грамадзянамі, а таксама да інстытутаў», — кажа Якаб Моль. У гэтай асаблівасці дацкага грамадства ён і бачыць прычыну поспеху краіны ў рэйтынгах свабоды прэсы.

    У XX стагоддзі ў Даніі змаглі пабудаваць узважаную мадэль дзяржавы з так званымі механізмамі «стрымання і процівагі», добрасумленным кіраваннем і вельмі нізкім узроўнем карупцыі. Давер, празрыстасць і праца медыяў утвараюць замкнёную сістэму, дзе гэтыя элементы пастаянна ўзмацняюць адзін аднаго. Усё гэта стала магчымым таксама таму, што ў пэўны гістарычны момант датчанам проста пашанцавала.

    Якаб Моль

    Сузаснавальнік дацкага анлайн-выдання Zet­land Якаб Моль. Фота: з яго старонкі ў Face­book

    «Пераход ад манархіі да дэмакратыі ў Даніі адбыўся вельмі мірна — шмат у чым таму, што кароль бачыў, якія праблемы ўзніклі ў астатняй Еўропе, і, на шчасце, не быў ідыётам. Ён вырашыў ажыццявіць мірны пераход, і гэта стала добрым пачаткам для дацкай дэмакратыі», — робіць кароткі экскурс у гісторыю Моль.

    На яго думку, яшчэ з XIX стагоддзя ў краіне існуе культура дыялогу і ўмення слухаць адзін аднаго. Дзякуючы гэтаму нават таблоідная журналістыка ў Даніі застаецца больш стрыманай і якаснай у параўнанні з іншымі краінамі.

    Самае важнае — фінансавая незалежнасць

    Але адным даверам забяспечыць свабоду медыяў немагчыма. Самае важнае для незалежнай працы рэдакцыі — фінансавая незалежнасць, перакананы Якаб.

    «Фінансаванне з боку людзей, якім ты служыш — саміх грамадзян, — гэта, як мне здаецца, ідэальная бізнес-мадэль. Бо мадэль, заснаваная на рэкламе, часам можа ўспрымацца як служэнне розным гаспадарам. У цябе раптоўна з’яўляецца велізарны стымул — ледзь не любой цаной прыцягнуць як мага больш увагі аўдыторыі, і я не лічу, што гэта абавязкова здаровая сітуацыя».

    У Zet­land цалкам адсутнічае рэклама. Плацяжы карыстальнікаў, якіх тут называюць не падпісчыкамі, а сябрамі — асноўная крыніца бюджэту выдання. У апошні год значны поспех паказаў кнігавыдавецкі напрамак. Даход прыносяць таксама івэнты і мерч. Але, каб запусціць выданне і дасягнуць сённяшняга поспеху, патрэбны быў інвестыцыйны капітал.

    «Калі паглядзець на наш шлях з 2016 года, то гэта ў пэўным сэнсе традыцыйная стартап-гісторыя. Мы прыцягнулі трох прыватных інвестараў. Яны вырашылі пайсці на рызыку, бо ім падабалася тое, што мы рабілі, і яны лічылі гэта важным. У нас быў бізнес-план, згодна з якім мы мусілі выйсці на самаакупнасць праз два гады. Наш капітал упачатку складаў каля 2 мільёнаў еўра. Прыблізна адну пятую мы атрымалі як падтрымку інавацый ад урада Даніі. Было і некалькі грантаў. Але асноўная частка рэсурсаў паступіла ад прыватных інвестараў».

    Поспех, які можна было паўтарыць

    Насамрэч Zet­land спатрэбілася тры з паловай гады, каб выйсці на самаакупнасць.

    «Для мяне гэта быў няпросты час. Гэта было цікава, але складана. Мне даводзілася шукаць дадатковае фінансаванне, у тым ліку ў фондах», — тлумачыць суразмоўца.

    Затое пазней досвед Zet­land было ўжо прасцей мультыплікаваць. Рэдакцыя Uusi Jut­tu, якую Якаб запускаў па падобным прынцыпе ў Фінляндыі, выйшла на самаакупнасць менш чым за год. Але там рэдакцыя меншая. Калі ў Капенгагене зараз працуе больш за 60 чалавек, то ў фінскай рэдакцыі толькі 25 супрацоўнікаў. Хапіла 20 тысяч сяброў, каб праект пачаў акупацца.

    Якаб звяртае ўвагу, што ад пэўнага моманту выдаткі дацкай рэдакцыі ўжо не раслі істотна, а кожны новы падпісчык прыносіў новыя грошы.

    «Як толькі вы пачынаеце зарабляць у лічбавым падпісным бізнесе, у вас раптам можа з’явіцца даволі вялікі прыбытак, бо вашы выдаткі не растуць прапарцыйна. Кожныя наступныя пяць тысяч удзельнікаў дазваляюць вам выплачваць грошы інвестарам, вяртаць пазыкі і мець свабодныя сродкі для развіцця».

    Данія выданне Zetland

    Якаб Моль з калегамі. Фота: zetland.media

    У Zet­land вырашылі інвеставаць свабодныя сродкі ў свае новыя бізнесы ў Нарвегіі і Фінляндыі.

    Замест традыцыйнай падпіскі — сяброўства

    Zet­land фінансуецца чытачамі, але гэта не традыцыйная падпіска. Рэдакцыйная філасофія Zet­land заснаваная на прынцыповым адрозненні паміж сухаватым паняццем «падпісчык» і глыбейшым — «сябар/чалец супольнасці».

    Падпісчык у традыцыйнай медыямадэлі — гэта пасіўны спажывец. Журналісты здабываюць інфармацыю і перадаюць яе, а чытач проста плаціць за доступ да кантэнту. Сябар Zet­land плаціць не за «куплю навін», а за адчуванне прыналежнасці да важнай справы і супольнасці. Для яго гэта частка жыцця, якая мае глыбокі сэнс, — як падтрымка любімай спартыўнай каманды, тлумачыць Якаб.

    Сярод 50 тысяч сяброў ёсць эксперты з самых розных галін. Не дзіўна, што рэдакцыя рэгулярна звяртаецца да сяброў па дапамогу — каб зразумець, адказы на якія пытанні шукае аўдыторыя, атрымаць ідэі для будучых матэрыялаў ці проста знайсці крыніцы інфармацыі. Калі рыхтуецца цыкл матэрыялаў, напрыклад, пра сістэму аховы здароўя ў Даніі, то кожны наступны матэрыял у цыкле ствараецца з улікам фідбэку, пытанняў і меркаванняў сяброў пад папярэднім тэкстам. Пад кожнай публікацыяй ёсць эксклюзіўная секцыя для каментавання, адкрытая толькі для сяброў. Там журналісты адказваюць на ўсе каментары і пытанні сваіх чытачоў — і на гэта можа ісці да 10 % іх працоўнага часу.

    «У гэтым працэсе мы фактычна саступаем частку ўлады, і менавіта таму журналістам часам бывае няпроста — бо ў іх ёсць уласнае эга… Патрабуецца крыху іншы падыход: усведамленне таго, што мы служым супольнасці, што нам трэба выходзіць да людзей, прыслухоўвацца да іх і дазваляць ім удзельнічаць у вызначэнні таго, чым мы займаемся».

    Сябры маюць уплыў не на ўсё

    Але гэта дэмакратыя мае межы. У адрозненне ад некаторых іншых падобных медыя (напрыклад, брытанскага Bris­tol Cable, дзе падпісчыкі з’яўляюцца фактычна акцыянерамі з правым голасу), у Zet­land сябры не могуць дыктаваць выданню, што і як рабіць. Канчатковае рашэнне заўсёды застаецца за рэдакцыяй.

    У Zet­land ёсць некалькі фундаментальных прынцыпаў, яны непарушныя і на іх сябры не будуць мець уплыву. Напрыклад, рэдакцыя супрацьстаіць інфармацыйным перагрузкам, таму засяроджваецца на ключавых праблемах, а не на тым, што адбылося пяць хвілін таму. Маўляў, важна дапамагаць людзям факусавацца на складаных рэчах і тлумачыць свет, а не пастаянна спрабаваць завалодаць увагай людзей.

    Не менш важным Моль лічыць тое, што называе інтэлектуальнай сумленнасцю — унутраную культуру і каштоўнасную аснову незалежнай журналістыкі. Гэта і адданасць праўдзе незалежна ад уласных сімпатый, і здольнасць захоўваць бесстароннасць і заўважаць нюансы. Важным складнікам гэтай сумленнасці з’яўляецца празрыстасць рэдакцыі.

    Данія выданне Zetland

    Рэдакцыя Zet­land. Фота: zetland.media

    «Для нас у Zet­land важна быць празрыстымі не толькі ў тым, як мы працуем, але і наконт нашых памылак, таго, чаго мы не ведаем ці не разумеем, і адказаў, якіх у нас няма».

    Яшчэ адзін прывілей для сяброў Zet­land рэдакцыя падгледзела ў калег з нідэрландскага De Cor­re­spon­dent. Гэта шэрынг матэрыялаў без пэйволу. Для звычайных вонкавых наведнікаў сайт Zet­land закрыты, але сябры маюць права свабодна дзяліцца спасылкамі на артыкулы з любымі іншымі людзьмі. Для атрымальніка спасылкі пэйвол знікае, і ён можа прачытаць матэрыял бясплатна. Гэта асабліва важна для большых ахопаў рэзанансных матэрыялаў.

    Менш можа каштаваць больш

    Адмова ад аператыўнай гонкі за кожнай навіной і пераход да публікацыі ўсяго каля чатырох матэрыялаў у дзень — гэта свядомы выбар Zet­land. Чытачы плацяць менавіта за тое, што рэдакцыя бярэ на сябе ролю фільтра — адкідвае ўвесь інфармацыйны шум і кажа: «Калі вы хочаце сёння зробіць фокус на адной-дзвюх рэчах, каб зразумець свет, то вось яны».

    «Я заўсёды кажу, што публікаваць менш можа каштаваць больш, — тлумачыць Моль. — І найлепшае, што такі падыход робіць для нас, журналістаў, гэта тое, што ён прымушае нас думаць.

    Увесь час інтэрв’ю, званкі, навіны-навіны-навіны… Але калі ты павінен апублікаваць толькі адзін матэрыял у дзень, ты павінен спытаць самога сябе: чаму менавіта гэтая гісторыя, а не іншая? Чаму мы лічым яе каштоўнай для людзей? Ці можам мы праігнараваць іншыя? На гэтыя пытанні няма простых адказаў, але мы мусім задумвацца пра гэта і з гэтага пачынаць».

    Гэта кардынальна змяняе якасць рэдакцыйнага адбору, лічыць Моль. Калі на галоўнай старонцы звычайнага медыя змяшчаецца 60 артыкулаў, мозг чалавека не здольны іх засвоіць, і ўзаемадзеянне становіцца паверхневым. Моль параўноўвае гэта з «Tik­Tok для дарослых». А невялікая колькасць глыбокіх матэрыялаў дазваляе чытачу і слухачу сапраўдна сфакусавацца. Вядома, адмовіўшыся ад стужкі сенсацый, спорту, шоу-бізнесу і бягучых мікранавін, Zet­land страчвае велізарны аб’ём кароткачасовага трафіку і клікаў. Але робіць гэта свядома. Зрэшты, чытачы, якія шукаюць хуткія навіны, проста не будуць карыстацца такім сэрвісам, тлумачыць Моль.

    Місія рэдакцыі заўсёды вышэй за страх страціць падпісчыка, які плаціць

    Якаб Моль кажа, што лепш кідаць выклік перакананням і звычкам чытачоў, чым задобрываць іх.

    «Мы выразна акрэслілі ўмовы нашага пагаднення з сябрамі: мы не збіраемся імкнуцца да таго, каб вы былі задаволеныя — мы будзем імкнуцца да таго, каб вы разумелі свет. А гэта азначае, што нам давядзецца кідаць вам выклік».

    Пры гэтым Моль адзначае, што самі сябры супольнасці з часам пацвердзілі: яны цэняць, калі іх погляды ставяцца пад сумнеў, бо разумець ідэі і людзей, з якімі ты не пагаджаешся — гэта каштоўнасць сама па сабе. Вядома, ёсць і тыя, каго гэта можа раздражняць.

    Любімы прыклад Якаба — серыя матэрыялаў пра арганічныя прадукты.

    «Сярод дацкага сярэдняга класа існуе такое меркаванне: маўляў, калі ты купляеш арганічныя прадукты, то ўсё добра. Можна мець вялікі аўтамабіль і лятаць у Барселону на выхадныя (што неэкалагічна) ці нават біць жонку, бо ты ж робіш такую ​​выдатную справу. Але насамрэч гэта не зусім так.

    Арганічныя прадукты часам не самыя карысныя для клімату, ды і свінні, якіх гадуюць паводле арганічных стандартаў, могуць жыць у жудасных умовах. Гэта складаная, неадназначная тэма, і мы вырашылі паказаць яе нашым чытачам. Маўляў, ты не трапіш у рай толькі дзякуючы куплі арганічных прадуктаў. Гэта, безумоўна, раздражняе некаторых чытачоў, але мы ўсё роўна робім такія матэрыялы».

    Данія выданне Zetland

    У рэдакцыі Zet­land. Фота: zetland.media

    Іншы прыклад: у многіх сяброў Zet­land было зафіксаванае ўстойлівае меркаванне, што ядзерная энергетыка — гэта адназначнае зло. Рэдакцыя ж падрыхтавала матэрыялы, якія разбуралі гэты стэрэатып і прымушалі перагледзець погляды. Выпрабаваннем для рэдакцыі стала асвятленне падзей у Газе. У вайне ва Украіне роля Уладзіміра Пуціна як адназначнага агрэсара відавочная, а ў апісанні падзей 7 кастрычніка і іх наступстваў у Газе значна больш нюансаў. І размова пра гэта выклікае моцныя эмацыйныя супярэчнасці сярод сяброў супольнасці.

    Такія матэрыялы могуць прыводзіць да страты часткі падпісчыкаў. Але Моль лічыць, што місія рэдакцыі — рабіць свет разумнейшым, а грамадства здольным прымаць узважаныя рашэнні — заўсёды стаіць вышэй за страх страціць падпісчыка, які плаціць.

    Самую ўдалую ідэю падказала супольнасць

    Пераход да аўдыяфармату быў для Zet­land адным з найбольш паспяховых рэдакцыйных рашэнняў, якое цалкам змяніла характар карыстання іх медыя. І гэтую ідэю рэдакцыі падказала супольнасць.

    Спачатку рэдакцыя заўважыла адток сябраў і пачала высвятляць прычыны. Высветлілася, што нават калі людзям падабаецца журналістыка Zet­land, у іх проста не стае часу чытаць доўгія артыкулы. Менавіта самі сябры падказалі рашэнне, прапанаваўшы зрабіць аўдыяверсіі тэкстаў, каб іх можна было слухаць падчас язды на ровары ці прыбірання дома.

    Рэдакцыя пачала тэсціраваць аўдыя, запусціла яго і ўжо праз паўгода па спосабе спажывання выданне ператварыліся пераважна ў аўдыяпрадукт. Пры гэтым для агучвання не запрашаюць прафесійных дыктараў.

    «Мы прынялі некалькі ўдалых рашэнняў, і адным з іх было дазволіць самім журналістам агучваць гісторыі, бо менавіта так нараджаецца давер. Людзі больш не давяраем інстытуцыям — асабліва тым, што звязаны з журналістыкай, — але, умоўна, я пачну давяраць вам пасля таго, як мы асабіста сустрэліся на канферэнцыі і паразмаўлялі. У фармаце аўдыя гэта значна прасцей: мы лепш адчуваем адно аднаго, калі чуем галасы суразмоўцаў, чым калі чытаем тэкст».

    Нікому не трэба яшчэ больш навін

    Былі ў Zet­land і правалы. Сярод іх — спроба прадаваць «танную журналістыку». Рэдакцыя патраціла шмат часу на маркетынгавыя кампаніі пад лозунгам «Купіце нашу выдатную журналістыку па добрай цане».

    Гэта суцэльна правалілася, а ў Zet­land усвядомілі: ніхто не шукае яшчэ больш навін у сваім жыцці — людзі шукаюць дапамогі ў асэнсаванні складаных выклікаў сучаснасці.

    «Ніхто не прачынаецца раніцай з думкай: «Я хацеў бы мець доступ да яшчэ большай колькасці навін», — кажа Моль. Таму прапановы набыць артыкулы са зніжкай ужо не працуюць. Зрэшты, сябры Zet­land маюць магчымасць плаціць штомесяц менш за стандартную суму ў 17 еўра, калі захочуць эканоміць. «Але большасць людзей можа сабе дазволіць плаціць 17 еўра. Чалавечая ўвага — вось сапраўды абмежаваны рэсурс».

    Спроба ўвесці відэафармат і адаптавацца да трэндаў кароткіх відэа за апошнія паўтара года стала для Zet­land важным урокам таго, як нельга запускаць новыя прадукты ў медыя, якое будуецца на супольнасці. Каманда хацела пратэставаць відэа, каб заставацца актуальнымі для маладзейшых карыстальнікаў. Якаб прызнае, што ў гэтым выпадку яны скаціліся да «старога мыслення»: «Мы не асабліва пыталіся ў сяброў супольнасці і не ўлучалі іх у працэс. Мы проста прынялі большасць рашэнняў самі ў кабінеце, а потым выскачылі і паказалі гэтую новую рэч. І гэта быў кепскі працэс».

    Калі Zet­land раптоўна прэзентаваў відэа, гэта выклікала хвалю абурэння і скепсісу, асабліва з боку даўніх сяброў супольнасці. Чытачы палічылі гэта нерацыянальным выкарыстаннем іх сродкаў.

    «Навошта вы робіце відэа? Відэа ж і так паўсюль! Асабліва старыя сябры былі суперскептычнымі і казалі: «Вы што, ператвараецеся ў Tik­Tok? Што вы робіце?», — успамінае Моль.

    Што рабіць, калі аўдыторыя сыходзіць

    Каб разумець прычыны адтоку сяброў супольнасці, Zet­land спалучае аналіз дадзеных і асабісты чалавечы кантакт. У працэсе адмовы ад падпіскі карыстальніку прапануецца запоўніць невялікі апытальнік. Дзякуючы даверліваму тону выдання прыблізна палова карыстальнікаў, якія сыходзяць, пакідаюць падрабязны фідбэк пра свае прычыны.

    У апытальнік уключана пытанне: «Ці можам мы вам патэлефанаваць?». СЕО Zet­land штотыдзень асабіста тэлефануе аднаму з чытачоў, якія адмянілі сяброўства. Гэта каля 50 розных размоў у год, што дазваляе кіраўніцтву наўпрост бачыць патэрны: ці матэрыялы падаліся сумнымі, ці кантэнту занадта шмат ці занадта мала і г. д.

    «Я думаю, што наша найбольшая праблема ў карыстальніцкім шляху палягае ў тым, што мы губляем занадта шмат сяброў супольнасці ў першыя тры месяцы. Яны прыходзяць, нешта плацяць, каб пачаць, спампоўваюць дадатак… А потым занадта шмат хто з іх вырашае: «О, гэта не для мяне». Гэта канкрэтная рэч, на якой мы зараз сфакусаваныя. І адна з гіпотэз палягае ў тым, што першыя два тыдні надзвычай важныя: трэба даць ім прынамсі некалькі добрых уражанняў, а потым дапамагчы ім пачаць фарміраваць звычку з нашым штодзённым прадуктам», — разважае Моль.

    Данія выданне Zetland

    Рэдакцыя Zet­land. Фота: zetland.media

    У Zet­land працуе толькі адзін аналітык даных.

    Паколькі выданне публікуе ўсяго каля 4 матэрыялаў у дзень і не мае рэкламы, аналізаваць даныя значна прасцей, а матэрыялы лёгка супастаўляць паміж сабой. Моль лічыць важным, што паказчыкі прыцягнення чытачоў, эфектыўнасці маркетынгавых і амбасадарскіх кампаній аналізуюцца разам з усёй рэдакцыяй, уключаючы журналістаў.

    Гэта дапамагло зняць бар’ер, калі журналісты адмаўляюцца глядзець на бізнес-лічбы, бо гэта, маўляў, не іх справа, і стварыла здаровую культуру адказнасці за прадукт ва ўсёй каманды.

    «Думаю, цяпер адбываецца нешта цікавае: сфера аналізу даных вось-вось пяройдзе ў плоскасць штучнага інтэлекту, і мы — раней, чым здаецца, — зможам наўпрост задаваць пытанні даным. Гэта акажа істотны ўплыў на прагрэсіўныя рэдакцыі, і я спадзяюся, што мы апынёмся ў ліку першых, хто гэта асвоіць. Уявіце: можна будзе спытаць, напрыклад, што агульнага ў матэрыялаў, напісаных за мінулы год, якія паказалі найлепшыя вынікі. Гэта значыць весці дыялог з данымі, а не чакаць, пакуль нехта наладзіць для вас дашборд. Як на мяне, гэта неверагодна захапляльная перспектыва» — думае пра будучыню аналітыкі суразмоўца.

    Як будаваць супольнасць беларускім медыя ў выгнанні?

    Мы спыталіся ў Якаба Моля пра тры парады, якія ён мог бы даць беларускім медыя ў эміграцыі, якія хацелі б будаваць вакол сябе супольнасць, якая іх фінансава падтрымлівае.

    1. Расказваць уласную глыбокую і пераканаўчую гісторыю. Якаб здагадваецца, што ў беларускай дыяспары павінен быць эмацыйны імпульс падтрымліваць барацьбу за свабодную радзіму. Таму журналістам варта прапаноўваць чытачам не толькі навіны пра Беларусь, але і гісторыю пра саміх сябе — хто вы такія, што вамі рухае, з якімі цяжкасцямі вы сутыкаецеся і чаму ваша праца вартая падтрымкі.

    Для гэтага карысна паказваць каманду праз відэа ды іншыя фарматы, робячы журналісцкі працэс адкрытым для супольнасці. «Калі вы зможаце пераканаць мяне, што робіце ўсё магчымае ў гэтых надзвычай складаных умовах, і я пазнаёмлюся з вамі, зразумею, што вамі рухае і наколькі гэта цяжка — я лічу, гэта найбольш важная гісторыя, якую вы можаце пераканаўча расказаць».

    2. Будаваць давер праз «чалавечнасць» і празрыстасць, а не толькі праз сухія факты. У сістэме татальнай дэзінфармацыі давер не фармуецца адной толькі падачай фактаў. Ён пачынаецца з простага чалавечага кантакту — празрыстасці, адкрытасці сваіх матывацый і паказвання сябе як жывых людзей. Заваяванне даверу сярод чытачоў з’яўляецца нават больш важнай і складанай задачай, чым стварэнне самага лепшага расследавання.

    «Быць праактыўна празрыстымі, паказваць сябе паўнавартаснымі жывымі людзьмі… паказваць тое, што вас супольна расчароўвае і матывуе — гэта можа быць лепшым пачаткам для таго, каб вас прызналі і пачулі, чым магутны, але сухі артыкул».

    3. Задзейнічаць аўдыяфарматы з жывым чалавечым голасам. Аўдыя з’яўляецца адным з найбольш эфектыўных інструментаў для фармавання даверу, утрымання фокусу і тлумачэння складаных тэм. Важна, каб журналісты гучалі натуральна, па-чалавечы і заставаліся сабой, бо менавіта жывы голас будуе найбольш трывалую сувязь з карыстальнікамі. «Аўдыяфарматы, дзе людзі гучаць як жывыя людзі, цудоўныя для многіх рэчаў, уключаючы давер, фокус і тлумачэнне рэчаў па-чалавечы. Пакуль вы гучыце як вы самі, а не як «фармальны журналіст» — бо асабліва моладзь не будзе слухаць гэтую сухамятку».

    Якаб Моль тлумачыць, што ў свеце, затопленым прапагандай і дэзінфармацыяй, людзі больш не давяраюць бязлікім інстытутам ці проста сухім фактам (якія ўлады могуць лёгка абвясціць «фэйкамі»). Давер пачынаецца з эмпатыі да канкрэтнага чалавека. Простая чалавечая дэталь — напрыклад, тое, што ў журналіста ёсць сабака, свае хатнія клопаты, радасці ці перажыванні — робіць яго ў вачах чытача жывым чалавекам, з якім лёгка суадносіць сябе.

    «Гэта такая смешная рэч, але часам да чалавека, у якога ёсць сабака, прасцей прасякнуцца эмпатыяй, чым да таго, хто робіць расследаванні, нават калі гэта адзін і той жа чалавек. Давер пачынаецца з іншых рэчаў, з таго, каб паказаць сябе паўнавартасным жывым чалавекам. І той факт, што ў вас ёсць сабака, можа быць лепшым пачаткам для таго, каб вас прызналі і пачулі, чым гучнае расследаванне».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.