• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Рэпарцёры без межаў» падтрымалі навінавыя выданні ў справе аб парушэнні аўтарскіх правоў Microsoft і OpenAI

    Некалькі амерыканскіх навінавых выданняў цяпер судзяцца з Ope­nAI і Microsoft, абвінавачваючы тэхналагічныя кампаніі ў парушэнні аўтарскіх правоў праз капіяванне мільёнаў іх артыкулаў для навучання мадэляў штучнага інтэлекту.

    RSF штучны інтэлект

    Фота: RSF

    «Рэпарцёры без межаў» (RSF) разам з PEN Amer­i­ca, арганізацыяй Pro­tect Democ­ra­cy і навукоўцамі, якія спецыялізуюцца на Першай папраўцы да Канстытуцыі ЗША, падалі юрыдычнае заключэнне ў падтрымку пазову выданняў.

    У заключэнні сцвярджаецца, што практыка Microsoft і Ope­nAI з’яўляецца «карпаратыўным крадзяжом і пагражае эканамічнай жыццяздольнасці свабоднай прэсы».

    У аснове судовага пазову, пададзенага газетай The New York Times, — сцвярджэнне, што Ope­nAI і Microsoft парушылі аўтарскія правы выданняў, выкарыстоўваючы іх матэрыялы для навучання вялікіх моўных мадэляў (LLM), такіх як Chat­G­PT, без дазволу і выплаты кампенсацыі. Да гэтай справы таксама далучылі аналагічныя пазовы, пададзеныя газетай The New York Dai­ly News і Цэнтрам журналісцкіх расследаванняў (Cen­ter for Inves­tiga­tive Report­ing).

    Тэхналагічныя кампаніі, якіх падтрымлівае Міністэрства юстыцыі адміністрацыі Дональда Трампа, настойваюць, што навучанне мадэляў на матэрыялах з інтэрнэту падпадае пад прынцып «добрасумленнага выкарыстання» (fair use). Як паведамляе Asso­ci­at­ed Press, у сваім звароце да суда Міністэрства юстыцыі заявіла, што грамадская карысць ад навучання мадэляў ШІ на навінавых матэрыялах «значна перавышае любую шкоду канкурэнцыі».

    RSF і іншыя аўтары юрыдычнай заявы аспрэчваюць гэтую пазіцыю. Яны сцвярджаюць, што вынікі працы чат-ботаў на аснове вялікіх моўных мадэляў «ствараюць эканамічна канкурэнтаздольныя заменнікі гэтых артыкулаў». Такія чат-боты выдаюць карыстальнікам перапрацаваную інфармацыю, а часам і даслоўныя тэксты арыгінальных матэрыялаў, што стварае сур’ёзную пагрозу для эканомікі СМІ.

    У юрыдычнай заяве, пададзенай 30 кастрычніка, адзначаецца, што гэтая справа стварае рызыку «падрыву эканамічнай жыццяздольнасці навінавых СМІ пад сцягам добрасумленнага выкарыстання». Арганізацыі падалі яе, зыходзячы з таго, што Канстытуцыя ЗША прадугледжвае прыняцце законаў аб аўтарскім праве, якія «павінны падтрымліваць, а не разбураць дэмакратычныя функцыі прэсы». У дакуменце таксама апісваецца гістарычна ўзаемазалежная сувязь паміж канстытуцыйнай абаронай свабоды прэсы і абаронай інтэлектуальнай уласнасці.

    Выканаўчы дырэктар RSF у Паўночнай Амерыцы Клэйтан Уаймерс (Clay­ton Weimers) заяўляе:

    «Нельга дазваляць тэхналагічным кампаніям красці працу журналістаў і навінавых арганізацый, каб навучаць на ёй свае мадэлі ШІ, а затым зарабляць мільярды на гэтых мадэлях, якія непасрэдна канкуруюць з тымі самымі навінавымі выданнямі. Гэта не «добрасумленнае выкарыстанне», а крадзеж. Суд павінен пацвердзіць абарону аўтарскіх правоў выдаўцоў, каб тэхналагічны прагрэс не адбываўся за кошт свабоднай прэсы».

    Як адзначаецца ў юрыдычнай заяве, забараніўшы кампаніям «бясплатна карыстацца вынікамі працы аўтарытэтных журналісцкіх інстытуцый», суд атрымае магчымасць захаваць механізмы аплаты працы прэсы і падтрымаць яе ролю ў якасці пасрэдніка, які збірае і перадае грамадству навіны.

    Юрыдычная заява была пададзеная ў падтрымку хадайніцтва выданняў аб вынясенні судовага рашэння ў спрошчаным парадку — без правядзення паўнавартаснага судовага працэсу. Пазоўнікі патрабуюць ад Microsoft і Ope­nAI кампенсацыі шкоды на мільярды долараў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Сацсеткі журналіста: Паміж прафесійным інструментам і асабістымі рэфлексіямі. Плюс парады

    08.09.2026
    Акцэнты

    Гурневіч: Многія крытыкуюць «Нашу Ніву», але самі чытаюць. Бо медыя — гэта люстэрка грамадства

    У вялікай часткі беларускай грамадска-палітычнай бурбалкі ёсць адно таемнае guilty plea­sure. Яны крытыкуюць «Наша Ніву» і публічна гідзяцца ёй, абвяшчаюць ёй байкоты, але штодня працягваюць чытаць. «Нашай Нівай» абураюцца, але пасля ўпісваюць у браўзэры тыя самыя дзве літаркі. Адкуль я гэта ведаю? Бо я сам так раблю.
    05.09.2026
    Акцэнты

    У Вільні праходзіць канферэнцыя «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты»

    Падчас канферэнцыі адбудзецца ўзнагароджанне прэміяй «Вольнае слова». Гэтым разам на цырымоніі прысутнічае адзін з заснавальнікаў прэміі Андрэй Аляксандраў, які два дні таму быў вызвалены з‑за кратаў.
    18.09.2026
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.