• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Статус «экстрэміста» і «тэрарыста» — не пажыццёвы, але чакаць давядзецца доўга. Каментар юрыста

    У Беларусі ўсё больш людзей, якіх уключылі ў «пералік асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», сутыкаюцца з цяжкасцямі працаўладкавання па вяртанні з‑за кратаў пасля палітычна матываваных прысудаў. Сярод іх нямала журналістаў і медыясупрацоўнікаў. Асноўная перашкода — «экстрэмісцкі» статус, пра які працадаўца даведваецца з анкеты, дзе ёсць пункт пра наяўнасць ці адсутнасць судзімасці. Ці можна ад гэтага статусу пазбавіцца?

    Яўген Пыльчанка

    Яўген Пыльчанка. Фота: БАЖ

    На абскарджанне — адзін месяц

    Паводле юрыста Прававога цэнтра БАЖ Яўгена Пыльчанкі, дзеючае беларускае заканадаўства прадугледжвае магчымасць абскардзіць унясенне асобы ў пералік «экстрэмістаў» або структуры — у пералік «экстрэмісцкіх фармаванняў». На гэта даецца роўна месяц.

    «Скаргу ў такім выпадку можна падаваць у Міністэрства ўнутраных спраў у пісьмовай або электроннай форме. Міністэрства абавязана яе разгледзець таксама цягам месяца. Падобны механізм прадугледжаны і для абскарджання статусу “тэрарыста” — такі пералік складае КДБ, і скаргу трэба падаваць туды.

    Але верагоднасці абскардзіць практычна няма, паколькі падстава — прысуд. Хаця, канешне, можна пагуляцца з фармулёўкамі. Напрыклад, для “тэрарыстычнага” спісу, куды ўносяць грамадзян, “у дачыненні да якіх ёсць звесткі пра іх удзел у тэрарыстычнай дзейнасці”. І тут можна казаць, што не ўсе артыкулы, паводле якіх уносяць у гэты спіс, азначаюць удзел у такой дзейнасці.

    Напрыклад, артыкул 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці) сам па сабе не з’яўляецца доказам “тэрарызму”. Таму асуджаных паводле такіх артыкулаў у гэты спіс аўтаматычна ўносіць нельга. Але ў нас пануе фармальны падыход, таму ўносяць усіх», — тлумачыць Яўген Пыльчанка.

    Праблема — і ў недасяжнасці «экстрэмісцкага» спісу

    Пералік асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», да нядаўняга часу выкладаўся на сайце МУС Беларусі і абнаўляўся амаль штотыдня. Але сёлета пасля 25 верасня на сайце ведамства перасталі размяшчаць абнаўленні гэтага рэестра. Звесткі пра так званыя «экстрэмісцкія фармаванні» таксама не абнаўляюцца з 3 верасня.

    Якраз там паведамляліся даты ўнясення асоб ці арганізацый у «экстрэмісцкія» пералікі. Цяпер яны «засакрэчаныя», як і прозвішчы «экстрэмістаў», і артыкулы, паводле якіх яны былі асуджаныя.

    Між тым, судовыя акты павінны быць дасланыя ў МУС у трохдзённы тэрмін з моманту ўступлення іх у сілу, а рашэнні КДБ — у трохдзённы тэрмін з моманту прыняцця. МУС павінна ўносіць звесткі ў адпаведны «экстрэмісцкі» спіс у той жа дзень, як атрымае дакумент (калі рашэнне прымае само МУС — яно ўносіць звесткі ў дзень прыняцця гэтага рашэння). Абноўлены спіс мусіць быць апублікаваны на афіцыйным сайце МУС на працягу пяці дзён з моманту ўнясення ў яго звестак. Але гэтыя патрабаванні беларускага заканадаўства не выконваюцца.

    Юрыст БАЖ Яўген Пыльчанка: Заканадаўства адназначна прадугледжвае публікацыю «экстрэмісцкіх» спісаў без аніякіх затрымак

    Афіцыйнае тлумачэнне сфармулявана на сайце Міністэрства ўнутраных спраў: «З тэхнічных прычын старонка часова недасяжная». Але тэрміны ліквідацыі гэтых тэхнічных прычын не пазначаныя.

    Статус «экстрэміста» і «тэрарыста» — не пажыццёвы

    «Умовы ўнясення ў “экстрэмісцкі” спіс і выдалення з яго прадугледжаныя Законам “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”. Такіх умоў зусім няшмат і яны вельмі фармальныя. Падстава для ўнясення — прысуд, вынесены ў сувязі з учыненнем дзеянняў, пералічаных у артыкуле 1 гэтага закона. Калі прысуд уступае ў сілу, чалавека ўносяць у спіс. Ніякіх іншых ці дадатковых крытэраў няма.

    Адпаведна, і выдаленне са спісу адбываецца ў выпадку адмены прысуду. Або праз пяць гадоў пасля пагашэння ці зняцця судзімасці.

    З “тэрарыстычным” спісам сітуацыя падобная. Падстава для ўнясення туды чалавека — прысуд па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса або выстаўленае абвінавачанне па тых жа артыкулах (для “экстрэмісцкага” спісу абвінавачанне не лічыцца падставай). Адпаведна, для выдалення са спісу патрэбная адмена прысуду або спыненне крымінальнага пераследу ці зняцце або пагашэнне судзімасці, але ўжо без дадатковага тэрміну пяць гадоў», — гаворыць Яўген Пыльчанка.

    Але з «тэрарыстамі», як ён адзначае, ёсць і дадатковыя варыянты. Па-першае, КДБ можа ўстанавіць, што падставы для ўнясення ў спіс адсутнічаюць (для гэтага асоба мусіць звярнуцца з адпаведнай заявай). Па-другое, падставай можа стаць «узгодненае рашэнне» старшыні КДБ, Генеральнага пракурора, Міністра ўнутраных спраў, прынятае «з улікам інтарэсаў нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь».

    Такое рашэнне можа прымацца ў тым ліку на падставе матываванага звароту асобы, унесенай у спіс. То-бок тэарэтычна для выдалення з «тэрарыстычнага» спісу падстаў больш, але трэба заўважыць, што дадатковыя падставы звязаныя з рашэннямі КДБ.

    Якая карысць дзяржаве ад гэтых спісаў?

    «Я ў гэтым бачу толькі яшчэ адзін від пакарання для тых, хто выступіў супраць уладнага рэжыму, і застрашэння для ўсіх астатніх», — перакананы юрыст Прававога цэнтра БАЖ.

    Насамрэч, выглядае, што «экстрэміст», нават адбыўшы прысуджаны тэрмін або вызваліўшыся па памілаванні, усё яшчэ застаецца надалей пакараным.

    Апрача праблем з уладкаваннем нават на самую звычайную працу, яму афіцыйна забаронена працаваць у дзяржаўных органах, структурах і на прадпрыемствах на кіраўнічых пасадах, займацца педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю, праходзіць тэрміновую або кантрактную службу, за выключэннем выпадкаў усеагульнай мабілізацыі.

    У дадатак да гэтага, людзі, якія вызваліліся пасля абвінавачанняў па «экстрэмісцкіх» артыкулах, сутыкаюцца з пастаяннай увагай з боку сілавых структур. На іх накладаецца абавязак адзначацца ў міліцыі (крымінальна-выканаўчай інспекцыі), супрацоўнікі МУС могуць прыходзіць з праверкамі дадому ў любы час сутак.

    Статус асобы, уключанай у «спіс тэрарыстаў» КДБ («Пералік арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці»), яшчэ больш жорсткі, чым «экстрэмісцкі» статус. Галоўнае адрозненне і найважнейшая праблема для чалавека на волі — гэта фактычнае пазбаўленне права на любыя легальныя фінансавыя аперацыі. Чалавек на волі губляе магчымасць адкрыць рахунак у банку або мець банкаўскую карту, адпаведна, і атрымліваць праз банк афіцыйны заробак.

    У Беларусі супраць журналісткі Кацярыны Андрэевай завялі новую крымінальную справу

    Абмежаванні на працоўную дзейнасць для «тэрарыстаў» таксама больш жорсткія. Ён не мае права рэгістравацца як індывідуальны прадпрымальнік, быць заснавальнікам або кіраўніком камерцыйных арганізацый у дадатак да забароны працаваць у дзяржаўных структурах, на кіраўнічых пасадах і ва ўстановах адукацыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.