• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сустрэча з лаўрэатамі прэміі «Голас пакалення свабоды-26» (7 лістапада, Гданьск)

    7 лістапада 2026 года ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску а 18:00 адбудзецца сустрэча з лаўрэатамі прэміі «Голас пакалення свабоды-26» у межах мерапрыемстваў вакол 15‑й літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця. Падчас сустрэчы будзе прадстаўленая аднаіменная кніга — зборнік інтэрв’ю з лаўрэатамі прэміі.

    Прэміяй «Голас пакалення свабоды» сёлета былі ўганараваныя дзевяць выбітных прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускай літаратурнай, журналісцкай і праваабарончай супольнасці, якія пасля 2020 года былі вымушаныя пакінуць краіну, але працягваюць творчасць і грамадскую дзейнасць у выгнанні.

    Госці сустрэчы з лаўрэатамі прэміі ў Гданьску: Наталля Бордак — паэтка і мастачка; Аляксандр Манцэвіч – журналіст, грамадскі дзеяч; Алесь Лозка — фалькларыст, грамадскі дзеяч; Соф’я Савелава — педагог, адукатарка.

    Беларуская і польская літаратурныя супольнасці — пісьменнікі, перакладчыкі, выдаўцы, рэцэнзенты і чытачы — збяруцца ў Гданьску на Свята беларускай літаратуры 7 лістапада 2026 года. У цэнтры ўвагі будуць новая беларуская проза, пытанні перакладу і кнігавыдання, творчасць пісьменніц, жыццё і праца ў эміграцыі, а таксама развіццё беларускай літаратуры па-за межамі радзімы.

    Удзельнікі ўбачаць прэм’еры буктрэйлераў шасці кніг-фіналістаў, пачуюць словы журы і даведаюцца імёны лаўрэатаў прэміі Гедройця 2026. Падзея прымеркаваная да ўручэння прэміі імя Ежы Гедройця — самай значнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі. Завяршэннем вечара стане музычны выступ спецыяльнага госця — Лявона Вольскага разам з гітарыстам Паўлам Трыпуцем.

    Поўная праграма мерапрыемстваў тут.

    Арганізатары прэміі «Голас пакалення Свабоды»: Беларускі ПЭН у партнёрстве з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Прэс-клубам Беларусь, фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» і Фондам Алеся Бяляцкага. Праект фінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.