• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Іспанскі журналіст-аўтар кнігі пра Лукашэнку: «Беларусь можа паказаць іншым краінам, што можа здарыцца з дэмакратыяй»

    Еўрапейскім краінам і ЗША варта ўважліва прыгледзецца да Беларусі, бо нашая краіна можа навучыць таму, што можа стацца з дэмакратыяй, калі прымаць яе як дадзенасць. Асабліва важна гэта цяпер, калі Захад перажывае дэмакратычны спад – пра гэта ў эфіры «Раніцы з Белсатам» разважае іспанскі журналіст Археміна Бара, аўтар кнігі «Бацька народу: Падарожжа ў беларускую дыктатуру». 

    Журналіст Археміна Бара

    Журналіст Археміна Бара. Фота: Pablo R. Seco / infoactualidadccinf.ucm.es

    Як у іспанца нарадзілася цікавасць да Беларусі

    У Археміна Бара даўні, глыбокі інтарэс да Беларусі, які нарадзіўся яшчэ падчас навучання ва ўніверсітэце ў Мадрыдзе. Як распавядае журналіст, яму тады пашчасціла з прафесарам гісторыі, які распавядаў пра Савецкі Саюз. Ягоныя аповеды замацавалі ва ўяўленні Бара, што гэта быў вельмі драматычны перыяд у еўрапейскай гісторыі. 

    «У спробах дасягнуць утопіі гэтая сістэма парадзіла жах, тэрор, ГУЛАГ і рэпрэсіі. Так што гэта быў вельмі цікавы парадокс паміж спробай стварыць рай на зямлі і тым вялікім злом, якое атрымалася. 

    Таму, калі я скончыў навучанне, я зразумеў, што ў Беларусі – хоць, канечне, гэта была не дакладна такая ж сістэма, не такая драматычная і экстрэмальная, як у СССР, асабліва ў сталінскія гады – але ўсё яшчэ заставаліся некаторыя элементы камунізму і камуністычныя сімвалы. І я падумаў, што было б вельмі цікава паехаць у Беларусь і на свае вочы паглядзець, як працуе, як уладкаваная аўтакратыя з пункту гледжання рэжыму і, асабліва – з пункту гледжання людзей, якія жывуць пры гэтым рэжыме», – распавядае журналіст. 

    «Памяць у імя будучыні» ці зброя супраць сучаснасці? Новыя метадычкі прапаганды пра вайну

    Упершыню Бара прыехаў у Беларусь у 2012 годзе і ў тым жа годзе яшчэ раз завітаў у нашую краіну. Наступная паездка была ў 2014 годзе. Першае падарожжа іспанскі журналіст называе самым цікавым – тады ён два тыдні падарожнічаў па Беларусі з заплечнікам – ездзіў у Горадню, Берасце, а таксама на поўдзень, у закінутую вёску каля балота недалёка ад Гомля, а потым яшчэ правёў час у Менску.

    «Я скончыў сваю паездку на плошчы Перамогі ў Менску. Быў на парадзе з Лукашэнкам і ўсімі ветэранамі Другой сусветнай вайны, якім да таго часу было ўжо пад 80, каб убачыць трохі гэтага наратыву і прапаганды. Гэта была вельмі поўная паездка. Потым я вярнуўся, каб напісаць рэпартаж, а затым у 2014 годзе – каб выступіць на канферэнцыі і напісаць яшчэ адзін матэрыял», – дзеліцца Бара. 

    «Ціснуць толькі на тое, што аказвае супраціў»: як выжываюць беларускія медыя за мяжой

    Ці бедная краіна – Беларусь?

    Іспанцу не давялося паразмаўляць з афіцыйнымі асобамі з ураду ці іншымі прадстаўнікамі ўлады, але ён камунікаваў са многім людзьмі – звычайнымі грамадзянамі на вуліцах, з усходу і захаду, з моладдзю, пажылымі людзьмі, журналістамі, а таксама з палітыкамі ад апазіцыі. Журналіст сам не хацеў афіцыйнасці і бюракратыі. Бара хацеў проста добра разгледзець краіну і вольна падарожнічаць. 

    «Гэта была хутчэй антрапалагічная паездка, чым палітычная. І рабіў я гэта для сябе – у выніку я напісаў пару артыкулаў, і частка гэтага матэрыялу, канечне, увайшла ў маю кнігу. <…>. Я разумеў, што калі ты размаўляеш з прадстаўнікамі рэжыму, які не легітымізаваны сумленнымі і свабоднымі выбарамі, гэта не мае вялікага сэнсу, бо яны працуюць не ў свабодным і празрыстым асяроддзі. 

    Я ведаю, што тое, што яны мне скажуць, будзе афіцыйнай версіяй. Дарэчы, гэтая версія мне таксама цікавая, я чытаў пра яе, чуў рыторыку рэжыму і ўсё такое, я хачу ўлічваць усё, але гэта было не так цікава. Мне хацелася гаварыць з людзьмі, якія маглі б размаўляць са мной свабодна да пэўнай ступені», – кажа Бара.

    Са словаў журналіста, ва ўяўленні еўрапейцаў Беларусь доўгі час знаходзілася ў ценю Расеі, таму многія людзі ў пэўнай ступені блыталі іх. Іспанец кажа, што перад ягоным першым падарожжам шмат хто ў Еўропе лічыў, што Беларусь вельмі бедная краіна, былая савецкая рэспубліка. Аднак сам журналіст зразумеў, што гэта проста стэрэатып, калі сам наведаў нашую краіну. 

    «Я выявіў, што яна не такая ўжо і бедная. Канечне, там былі праблемы і ўсё такое, але яна выглядала вельмі стабільнай. Гарады былі чыстымі, людзі працавалі. На той час яна была падобная да Літвы – калі вы наведвалі літоўскі або польскі горад гадоў 15 таму, розніца была невялікай».

    Бара цяпер жыве ў Злучаных Штатах Амерыкі і кажа, што там пра Беларусь ведаюць яшчэ менш. Суседняя Украіна з’яўляецца ў навінах часцей, асабліва пасля расейскага ўварвання ў 2014 і 2022 гадах. Пра Беларусь жа звычайнаму амерыканцу яшчэ вельмі шмат трэба даведацца. 

    Журналіст Археміна Бара

    Журналіст Археміна Бара. Фота: Pablo R. Seco / infoactualidadccinf.ucm.es

    Чаму Беларусь можа навучыць Захад?

    Сваёй кнігай пра Беларусь Археміна Бара хацеў дапамагчы людзям распазнаць дэмакратычны спад, які цяпер перажывае Захад. Журналіст падкрэслівае, што ў Злучаных Штатах прыклад Беларусі з 1990‑х гадоў ці нават раней можа быць вельмі карысным для разумення таго, як нехта, хто заўсёды змагаецца за ўладу, можа ўзяць пад кантроль дзяржаўныя інстытуты і, напрыклад, замяніць Вярхоўны суд сваім уласным прызначаным Вярхоўным судом, замяніць палітычныя партыі марыянетачнымі партыямі, пераследаваць апазіцыю і вымушаць іх да выгнання і рабіць усе тыя рэчы, якія мы бачылі ў многіх іншых краінах, а не толькі ў Беларусі.

    Журналіст перакананы, што Беларусь – гэта чысты прыклад, які можа дапамагчы людзям распазнаць гэтыя заканамернасці ў іншых краінах, уключаючы ЗША.

    «Мадэль тут (у ЗША – рэд.) дакладна такая ж – гэта ігнараванне Кангрэса, ігнараванне законаў, карупцыя, прызначэнне лаялістаў на ключавыя пасады і гэтак далей і да таго падобнае. Спробы праяўляць варожасць да СМІ і гэтак далей. І многія людзі не разумеюць, што адбываецца. Гледзячы на прыклады, скажам, Вугоршчыны, Орбан быў адхілены дэмакратычным шляхам, але аж да мінулай вясны ён таксама кансалідаваў уладу. Беларусь, або тая ж Расея, ці Турцыя маглі б дапамагчы зразумець гэтыя патэрны. <…>. 

     я падумаў, што наратыў Беларусі – гэта выдатны інструмент, ідэальны спосаб навучыць іншыя краіны і паказаць, што можа здарыцца з дэмакратыяй, калі вы недастаткова асцярожныя», – кажа журналіст. 

    Бара лічыць гісторыю Беларусі вельмі цікавай. У сваёй кнізе ён хацеў разгледзець, як Беларусь стала называцца Белай Руссю прадставіць звычайнаму іспанцу партрэт нашай краіны праз прызму погляду саміх беларусаў.

    Госць «Белсату» лічыць, што дэмакратыя ў Беларусі абавязкова пераможа, і дапамагчы ў гэтым можа змена пакаленняў. 

    «Калі ў 1990‑х гадах, у 1994 годзе, вы былі мужчынам ці жанчынай гадоў 60, вы азіраліся і бачылі, як абясцэньваюцца пенсіі, звальняюць людзей, а прадпрыемствы губляюць рынкі збыту, бо гэтым рынкам быў Савецкі Саюз і ўсходнееўрапейскі рэжым, то ў сярэдзіне 90‑х для вас, магчыма, мела нейкі сэнс прагаласаваць за Лукашэнку, бо ён абяцаў вяртанне ў мінулае, да стабільнасці, аднаўленне савецкіх сімвалаў, сцяга, наданне афіцыйнага статусу рускай мове і гэтак далей. <…>. Але ў 2020 годзе вы азіраецеся, глядзіце на Польшчу, на Каліфорнію і разумееце, што дэмакратыя працуе. І калі вам не падабаецца кіраўнік ураду, вы можаце змяніць яго ці яе праз чатыры гады. Да таго ж у вас ёсць сацыяльныя сеткі і інтэрнэт, а сама адукаваная папуляцыя больш маладая і размаўляе на большай колькасці моваў», – разважае журналіст. 

    Святлана Ціханоўская з партрэтам былой дырэктаркі TUT. BY Людмілы Чэкінай

    Святлана Ціханоўская з партрэтам былой дырэктаркі TUT. BY Людмілы Чэкінай на Дні Годнасці у Варшаве, які ладзіўся ў гадавіну падзей 2020 года ў Беларусі. 9 жніўня 2026 года. Look­By­Media

    Ці магла б Святлана Ціханоўская стаць сапраўднай прэзідэнткай?

    Паводле іспанца, у 2020 годзе ў самым сэрцы беларускага народу ўзнік магутны імпульс, якога не было ў 1994 годзе. І гэты імпульс вядзе да адкрытай сістэмы – да дэмакратыі. Акрамя таго, Бара лічыць цікавым, што ўсе кандыдаты ў 2020 годзе адлюстроўвалі розныя часткі электарату ў Беларусі: нехта прадстаўляў прафесіяналаў-гараджанаў і людзей з касмапалітычным мысленнем. Сяргей Ціханоўскі, напрыклад, прадстаўляў зусім іншы тып электарату ў правінцыях на ўсходзе, працоўны клас, які традыцыйна лічыўся электаратам Лукашэнкі. 

    Такім чынам, нават калі гэтыя людзі выйшлі на пратэсты, гэта азначала наяўнасць магутнага руху, хаця ён, на жаль, і быў жорстка задушаны.

    Археміна Бара мяркуе, што Святлана Ціханоўская магла б стаць сапраўднай прэзідэнткай Беларусі:

    «Гэта вельмі цікава: напрыклад, калі Лукашэнка дазволіў Ціханоўскай балатавацца, ён зрабіў гэта, бо, верагодна, верыў, што ў яе няма шанцаў, што апазіцыя, магчыма, расколатая, да таго ж у яе не было ніякага вопыту ў палітыцы – яна проста замяняла свайго арыштаванага мужа ў 2020 годзе. Ён думаў, што гэта тое, што ў нас у ЗША называюць «токенізмам» (сімвалізмам). Вы балатуецеся ў прэзідэнты і думаеце: «О, мне патрэбны лідар апазіцыі проста для бачнасці барацьбы, як пагроза», і зарэгістраваў яе. 

    ле адбылося тое, што ўся апазіцыя, іншыя лідары (Цапкала, Калеснікава, Бабарыка) аб’ядналіся вакол яе і цалкам яе падтрымалі. Гэта таксама азначала, што апазіцыя была зацікаўленая не ва ўнутранай барацьбе, а ў вылучэнні моцнага, максімальна моцнага кандыдата супраць Лукашэнкі». 

    Іспанскі журналіст перакананы, што ў 2020 годзе насельніцтва, краіна і апазіцыя былі гатовыя падтрымаць Ціханоўскую ў якасці прэзідэнта, і яна цалкам магла б стаць прэзідэнтам, калі б выбары былі свабоднымі, якімі яны не былі.

    Кніга «Бацька народу: Падарожжа ў беларускую дыктатуру» пакуль выйшла толькі на іспанскай мове і ў Іспаніі, але яе можна набыць таксама онлайн – на Ama­zon. Таксама можна купіць версію для Kin­dle, каб чытаць на планшэце. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.