Сайт autogrodno.by і звязаныя з ім старонкі ў сацсетках прызнаныя «экстрэмісцкімі» матэрыяламі
Пра гэта 24 лістапада паведаміў інфармацыйны рэсурс дзяржаўнага гарадскога тэлеканала «Гродна Плюс» («Гродна+») з адсылкай да Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі. Але ў гэтым спісе, абноўленым якраз учора, сайта autogrodno.by яшчэ няма на дадзены момант.

Скрыншот
Паводле дзяржаўнага інтэрнэт-рэсурса grodnoplustv.by, сайт «АвтоГродно», а таксама яго акаўнты ў TikTok, YouTube, «ВКонтакте», Viber і Telegram разам з лагатыпамі былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» матэрыяламі 24 лістапада 2026 года судом Ленінскага раёна Гродна. Адпаведная заява была пададзена ў суд пракурорам горада.
Прычынай увагі ведамства стала нібыта «размешчаная ў Instagram-акаўнце партала інфармацыйная прадукцыя з Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Сайт autogrodno.by ужо не адчыняецца: замест галоўнай старонкі на ім размешчаны зварот да чытачоў з пільнай просьбай тэрмінова адпісацца ад сацсетак і каналаў партала. А таксама, у сувязі з тым, што лагатып партала быў прызнаны «экстрэмісцкім», праверыць у сябе дома наяўнасць узнагарод, кубкаў, маек і іншай прамацыйнай прадукцыі з ужо забароненай сімволікай. «Праверце нумарныя рамкі на сваіх аўтамабілях. Таксама праверце фотагалерэі сваіх тэлефонаў: магчыма, вы ёсць у рэпартажах “АўтаГродна”, праверце фотаздымкі з фестываляў», — піша рэдакцыя партала, які праіснаваў у Гродне 20 гадоў і сабраў вакол сябе шматтысячнае кам’юніці аўтамабілістаў.
Пры гэтым стваральнікі партала спадзяюцца, што развітанне з інтэрнэт-карыстальнікамі яшчэ не канчатковае, калі ў іх «атрымаецца выправіць хібы і вярнуцца да нармальнай працы».
@bajmedia