Ціханоўская абмеркавала з кіраўніцай Еўракамісіі падтрымку беларускіх незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці
Захаванне і пашырэнне еўрапейскіх праграм падтрымкі беларускіх незалежных СМІ, праваабаронцаў, грамадзянскай супольнасці, культурных ініцыятыў, моладзі і пацярпелых ад рэпрэсій абмеркавала 12 лістапада ў Дубліне (Ірландыя) беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская са старшынёй Еўрапейскай камісіі Урсулай фон дэр Ляен.

Святлана Ціханоўская і Урсула фон дэр Ляен. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Як паведамляе прэс-служба палітыка, сустрэча адбылася перад пачаткам саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці.
Ціханоўская падзякавала Еўрасаюзу за паслядоўную падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл, а таксама за дапамогу Украіне ў супрацьстаянні расійскай агрэсіі.
“Беларускія незалежныя СМІ штогод ахопліваюць мільёны беларусаў. Яны даносяць праўду, супрацьстаяць расійскай прапагандзе і дапамагаюць людзям не губляць сувязь са свабодным светам”, — заявіла Ціханоўская.
Паводле яе, беларускія праваабаронцы “ратуюць людзей ад пераследу, дапамагаюць палітвязням і іх сем’ям, дзеячы культуры захоўваюць беларускую мову, культуру і нацыянальную ідэнтычнасць, а моладзевыя і адукацыйныя праграмы выхоўваюць новае пакаленне беларусаў, якія бачаць сваю будучыню ў Еўропе”: “Гэта тое, што дапамагае беларускаму грамадству выстаяць, захоўваць сваю еўрапейскую ідэнтычнасць і рыхтавацца да дэмакратычных перамен”.
Як паведамлялася, перад пачаткам саміту дэмлідар пагутарыла з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
@bajmedia