• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    З беларускага мястэчка — да вяршыні амерыканскай журналістыкі: гісторыя Юджына Лаянса

    Ён прайшоў шлях ад шчырага сімпатыка краіны Саветаў да зацятага праціўніка савецкага рэжыму, напісаў шэраг кніг пра Расею і савецкі камунізм і стаў першым прэзідэнтам Амерыканскага камітэта барацьбы за вызваленне народаў Расеі, у выніку дзейнасці якога паўстала радыё «Вызваленне» — сённяшняе радыё «Свабода». Пра лёс Юджына Лаянса распавядаюць даследчыкі эміграцыі Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч.

    Юджын Лаянс

    Юджын Лаянс. Фота: з сайта budzma.org

    Хіба ў кожным спісе вядомых амерыканцаў, што паходзілі з Беларусі, можна сустрэць імя Давіда Сарнова (1891–1971), аднаго з заснавальнікаў радыё і тэлевяшчання ў ЗША. І бадай, ніколі не згадваецца імя яго стрыечнага брата — Юджына Лаянса (Eugene Lyons, 1898–1985), чыя дзейнасць палягала ў блізкім да братавага фаху, а ў дачыненні да радыё — дык, пэўна, была больш важнай для беларусаў, што адчуваецца і да сёння.

    З Узлянаў у Нью-Ёрк

    Юджын нарадзіўся 1 ліпеня 1898 года ва Узлянах Ігуменскага павету (цяпер Пухавіцкі раён). У напісанай ім пазней біяграфіі Давіда Сарнова колькі старонак прысвечана непаўторнаму свету гэтага роднага для абаіх габрэйскага мястэчка. Вось невялікі ўрывак:

    «Узляны, дзе жылі некалькі сотняў габрэйскіх сем’яў, знаходзіліся ў глыбіні Менскай губерні Расійскай імперыі. Гэта быў адзін з тых забытых Богам закуткоў, якія апісваў вялікі габрэйскі пісьменнік Шолам-Алейхем: убогі аскепак Сярэднявечча, прасякнуты галечай і набожнасцю…

    Мястэчка ўяўляла сабой не болей, як бязладнае нагрувашчанне драўляных дамоў, старых, струхлелых і пацямнелых ад часу, што стаялі абы-як уздоўж некалькіх крывых, разбітых вуліц і сцежак. У многіх дамах падлогай служыла проста ўтрамбаваная зямля; драўляная падлога, па сутнасці, была прыкметай адноснага дастатку. Частку году вуліцы патаналі ў гразі па лыткі, а падчас доўгіх і суворых расейскіх зімаў ператвараліся ў суцэльныя заторы са снегу і лёду.

    Жыццё мястэчка было адсталым і замкнёным у сабе, а звесткі пра навакольны свет даходзілі сюды толькі ў выглядзе цьмяных, неверагодных чутак. Як і ўсе падобныя паселішчы ў межах рысы аселасці — тэрыторыі, вызначанай царскім урадам для мільёнаў сваіх габрэйскіх падданых, пазбаўленых роўных правоў, — мястэчка ледзьве зводзіла канцы з канцамі дзякуючы хатнім рамёствам і дробнаму гандлю з сялянамі з навакольных вёсак. Мала хто з яго жыхароў калі-небудзь бачыў цягнік ці карабель, электрычнае святло або тэлефон; нешматлікія прымітыўныя фанографы ў дамах больш заможных гаспадароў успрымаліся як сапраўдныя цуды.

    Але жыхары Узлянаў, нягледзячы на ўсю ўбогасць і адарванасць ад свету, ганарыліся сваім мястэчкам, ягонымі традыцыямі і глыбокімі каранямі. Большасць сем’яў жыла тут стагоддзямі, пра што сведчылі надпісы на паваленых надмагіллях, якімі поўніліся старыя могілкі».

    Што праўда, Юджын не так доўжа жыў ва Узлянах. У 1907 годзе ягоныя бацькі — габрэі-сацыялісты Натан Лаянс і Міні Прывіна — эмігравалі ў Амерыку, дзе пасяліліся ў Нью-Ёрку, у раёне Ніжняга Іст-Сайду на Манхэтане, традыцыйна бедным і населеным працоўнымі эмігрантамі, як тое і адлюстравана ў вядомай кінастужцы «Аднойчы ў Амерыцы» (1984). Так што для хлопца, выхаванага на левых ідэях і ідэалах, анархіста паводле перакананняў, сімпатыі да бальшавікоў і да СССР агулам былі натуральныя і, што галоўнае, лёсавызначальныя.

    Пачатак журналісцкай кар’еры: сімпатык краіны Саветаў

    Па заканчэнні навукі ў Калумбійскім універсітэце кар’еру журналіста Юджын Лаянс распачаў у выдаваным у Амерыцы часопісе «Sovi­et Rus­sia Pic­to­r­i­al» — «graph­ic month­ly review of Russ­ian affairs» — у якасці рэдактара. Выданне было абсалютна прасавецкім і пракамуністычным, а на вокладках змяшчаліся фотапартрэты савецкіх лідараў. Праўда, у гэтым часопісе наш герой прапрацаваў усягo толькі некалькі месяцаў у 1923 годзе.

    Юджын Лаянс

    Юджын Лаянс у маладосці. Фота: з сайта budzma.org

    Наступным, і таксама параўнаўча нядоўгім, быў час яго працы ў амерыканскім офісе Тэлеграфнага агенцтва Савецкага Саюзу (ТАСС), адкуль малады сімпатык краіны Саветаў быў запрошаны ў інфармацыйнае агенцтва Unit­ed Press (UP), адно з найбуйнейшых у свеце. Гэтае агенцтва заключыла пагадненне з Расейскім тэлеграфным агенцтвам (РОСТА) аб супрацы і абмене навінамі, у выніку чаго Юджын Лаянс быў запрошаны на працу ў Маскву — натуральна, пасля праверкі і ўхвалення там адпаведнымі органамі: кандыдатура аніякіх падазрэнняў выклікаць не магла.

    Праца ў Маскве і самыя вядомыя рэпартажы

    Ехаў у Маскву ён ў лютым 1928 года разам з жонкай і дачкой ужо не толькі як журналіст, але і як аўтар кнігі «The Life and Death of Sac­co and Vanzetti» (1927), прысвечанай гісторыі Нікаля Сакка і Барталамеа Ванцэці, эмігрантаў з Італіі ў ЗША, анархістаў, актыўных удзельнікаў руху за правы рабочых, абвінавачаных ва ўзброеных нападах на машыны касіраў i забойствах.

    У выніку судовага працэсу, які выклікаў шмат нараканняў у свеце і шматлюдныя пратэсты і дэманстрацыі ў самой Амерыцы, абодва былі ўсё ж пакараныя смерцю у ноч з 22 на 23 жніўня 1927 г. Лаянс настолькі пераняўся гэтай гісторыяй, што падчас кароткатэрміновай працы ў Італіі нават наведаў родную вёску Сакка ў Пуліі і напісаў пра герояў-анархістаў кнігу.

    Юджын Лаянс

    Вокладка кнігі Юджына Лаянса «The Life and Death of Sac­co and Vanzetti» (1927). Фота: з сайта budzma.org

    У СССР, нягледзячы на анархізм згаданых актывістаў, іх абаранялі як рэвалюцянераў і прагрэсіўных дзеячаў, называлі ў iх гонар вуліцы і прадпрыемствы (і сёння шмат хто памятае алоўкі фабрыкі «Сакка і Ванцэці»). Існуе гісторыя, якой няма падставаў не верыць, што кніга Лаянса ў Маскве была перакладзеная літаральна за адну ноч і назаўтра выдадзеная: «Жизнь и смерть Сакко и Ванцетти» (1929).

    Яе аўтар адмыслова падпісаў асобнік і перадаў Сталіну (іх дочкі вучыліся ў адной школе) і быў запрошаны ў Крэмль у 1930 годзе. Юджын Лаянс у вельмі цёплых словах апісваў размову і свае ўражанні ад сустрэчы і такім чынам стаўся першым заходнім карэспандэнтам, якому Сталін даў інтэрв’ю, што было адмыслова aдзначана пазней у некралогу журналіста ў «New York Times» (10.1.1985).

    Юджын Лаянс

    Юджын Лаянс на працы. Фота: з сайта budzma.org

    Лаянс жыў і працаваў у Маскве цягам шасці гадоў: ад лютага 1928 да студзеня 1934 года. У адрозненне ад пераважнай большасці сваіх калегаў, ён не вандраваў па СССР, як, прыкладам, Марыс Гіндус, а пісаў і дасылаў свае матэрыялы з Масквы. Найбольшы розгалас здабылі два яго рэпартажы.

    Першы — пра выратаванне экспедыцыі генерала Умберта Нобіле (1885–1978), італьянскага будаўніка дырыжабляў, даследчыка Арктыкі: у 1928 годзе яго дырыжабль дасягнуў Паўночнага полюсу, але на зваротным шляху пацярпеў крушэнне. Частка экіпажу была выратавана савецкім ледаколам «Красін».

    Другі з найбольш значных рэпартажаў Лаянса — асвятленне ходу так званага «Шахцінскага працэсу».

    Афіцыйна працэс называўся «Справа аб эканамічнай контррэвалюцыі на Данбасе» і ішоў ён цягам некалькі месяцаў у 1928 г.: 53 кіраўнікі і спецыялісты вугальнай прамысловасці былі абвінавачаныя ў шкодніцтве і сабатажы. Фактычна гэта была першая «шкодніцкая» судовая справа ў СССР, што прыцягнула ўвагу прэсы; яна ж па сутнасці ўвяла і замацавала ў савецкім лексіконе тэрміны «шкоднік», «шкодніцтва».

    У рэпартажы ў газеце «New Britain dai­ly Her­ald» (28.06.1928) Юджын Лаянс фармуляваў сваё стаўленне да падсудных вельмі блізкім да агульнасавецкай думкі: пісаў пра іх як людзей, што кіраваліся выключна ўласнымі дробнымі эгаістычнымі інтарэсамі. А вось судовая сістэма СССР, наадварот, выклікала ўхвалу, бо, маўляў, абвінавачаныя мелі ўсе магчымасці выказваць свой пункт гледжання і абараняцца.

    Трэба адзначыць, што не толькі Лаянс, а наогул пераважная частка заходніх карэспандэнтаў у той час з сімпатыяй ставіліся і да самога савецкага рэжыму, і да яго змагання з «ворагамі». Дый не толькі журналісты. СССР вабіла заходніх інтэлектуалаў, пісьменнікаў, якія ездзілі, жылі, назіралі, а па вяртанні публікавалі свае травелогі. От толькі высновы былі розныя, часам — супрацьлеглыя. Прыкладам, Ліон Фейхтвангер, наведаўшы савецкую краіну ўзімку 1936–1937 гг., напісаў вельмі пазітыўную справаздачу пад назваю «Масква 1937». Затое кніга лаўрэата Нобелеўскай прэміі Андрэ Жыда «Вяртанне з СССР» атрымалася рэзка крытычнай.

    Вяртанне ў ЗША і змена поглядаў на СССР

    У 1934 годзе Юджын Лаянс вярнуўся ў ЗША, а праз тры гады надрукаваў кнігу «Assign­ment in Utopia» («Камандзіроўка ва Утопію»), у якой перагледзеў не толькі сам Шахцінскі працэс, але і ўласныя ідэалагічныя погляды і бачанне СССР наогул. Тут ён салідаразываўся з Андрэ Жыдам, не Фейхтвангерам.

    Юджын Лаянс

    Вокладка кнігі Юджына Лаянса «Assign­ment in Utopia» (1937). Фота: з сайта budzma.org

    Гэтую працу высока ацаніў Леў Троцкі, а Джордж Оруэл, які таксама напісаў водгук на кнігу Юджына Лаянса, для ўласнага раману «1984» пазычыў адтуль назву пятнаццатага раздзелу: «2+2=5».

    Юджын Лаянс

    Плакат Якава Гумінера (1931), які натхніў Юджына Лаянса на назву аднаго з раздзелаў яго кнігі «Assign­ment in Utopia» (1937). Фота: з сайта budzma.org

    Змена поглядаў Юджына Лаянса не выглядала гэтулькі неардынарнаю з’яваю на тыя часы. Што важна — якія формы гэтая змена набыла. І ідзецца тут не толькі пра антыкамуністычныя кнігі.

    Першы прэзідэнт Амерыканскага камітэта барацьбы за вызваленне народаў Расеі

    У 1951 годзе Лаянс, на той час супрацоўнік часопіса «The Rider’s Digest», заняў пасаду першага прэзідэнта Амерыканскага камітэта барацьбы за вызваленне народаў Расеі (пазней Амерыканскі камітэт вызвалення ад бальшавізму). Гэта была грамадская арганізацыя, створаная для дапамогі палітычнай, антыкамуністычнай эміграцыі з Савецкага Саюзу, мэта якой — змаганне з савецкім рэжымам. На той час, гарачы час xалоднай вайны, на тэрыторыі Заходняй Нямеччыны атабарыліся дзясяткі тысячаў так званых Ды-Пі (ад dis­placed per­sons — перамешчаныя асобы) — былых савецкіх грамадзянаў розных нацыянальнасцей, якія, хоць і былі ўцекачамі з аднае краіны і мелі нібыта падобныя мэты ў сваім змаганні, але дзейнічалі паасобку і не маглі не толькі паразумецца паміж сабой, а часта варагавалі. Камітэт, у ідэале, меўся пааяднаць іх, стацца каардынуючым цэнтрам ды стварыць адзіны агульны фронт у змаганні з бальшавізмам.

    Шмат чаго зрабіць не ўдалося: амерыканская пэўная палітычная наіўнасць ды прарасейскія погляды не толькі не дазволілі дасягнуць адзінства прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, але ў немалой ступені паспрыялі закалотам унутры некаторых нацыянальных групаў, у тым ліку беларускай. Тут хіба не месца для больш дэталёвага разбору дзейнасці Камітэту: зацікаўленых скіроўваем да нашай кнігі «Рада БНР (1947–1970): Падзеі. Дакументы. Асобы» (Менск, 2013). Але варта зазначыць, што першы прэзідэнт Камітэту Юджын Лаянс на фоне русафільства большасці амерыканскіх дзеячаў хіба з паразуменнем ставіўся да ўласна беларускіх праблемаў і сустракаўся з прэзідэнтам Рады БНР Міколам Абрамчыкам, пра што захаваліся дакументальныя сведчанні.

    Няхай дзейнасць Камітэту і не апраўдала ўсіх спадзяванняў, аднак у выніку яе паўсталі дзве надзвычай важныя як для эміграцыі, у тым ліку і беларускай, установы. Гэта Мюнхенскі Інстытут для вывучэння СССР і радыё «Вызваленне» (цяперашняе радыё «Свабода»).

    Юджын Лаянс

    Юджын Лаянс. 1953 г. Фота: з сайта budzma.org

    Вяртанне да журналістыкі

    Юджын Лаянс нядоўга прапрацаваў на пасадзе прэзідэнта Камітэта: у красавіку 1952 г. яго змяніў адмірал Алан Кірк. Сам жа ён вярнуўся да журналістыкі, доўгі час быў галоўным рэдактарам таго самага часопіса «The Rider’s Digest», дзе працаваў раней, напісаў яшчэ некалькі кніг, прысвечаных Расеі і савецкаму камунізму, а таксама біяграфічных: пра былога прэзідэнта ЗША Герберта Гувера і ўжо цытаваную вышэй пра свайго стрыечнага брата Давіда Сарнова (David Sarnoff: A Biog­ra­phy. New York: Harp­er & Row, 1966).

    Юджын Лаянс

    Кніга Юджына Лаянса «David Sarnoff: A Biog­ra­phy» (1966). Фота: з сайта budzma.org

    Вядома, што Юджын Лаянс яшчэ ў 1960‑х кантактаваў з беларускімі эмігрантамі. Захаваліся згадкі пра спатканні з ім у лістах таго ж прэзідэнта БНР Міколы Абрамчыка, а таксама Антона Адамовіча і Янкі Запрудніка. Апошні сачыў за творчасцю Лаянса, выказваўся пра яго кнігі.

    Юджын Лаянс

    Некаторыя іншыя кнігі Юджына Лаянса. Фота: з сайта budzma.org

    Юджын Лаянс памёр 7 студзеня 1985 года ў Нью-Ёрку. Ён, безумоўна, мала ведаў Беларусь, але сённяшнім слухачам і чытачам беларускай службы радыё «Свабода», напэўна, варта з удзячнасцю згадваць імя гэтага ўраджэнца невялікага мястэчка Узляны.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.