Праваабарончая журналістыка ў выгнанні: паміж міжнародным прызнаннем і інфармацыйнай блакадай
Вымушаная рэлакацыя і абвяшчэнне праваабарончых супольнасцей «экстрэмісцкімі фармаваннямі» кардынальна змянілі праваабарончую журналістыку. Старыя метады распаўсюду інфармацыі больш не працуюць: людзі ў Беларусі баяцца выходзіць на сувязь, а дыяспара за мяжой паступова стамляецца ад плыні цяжкіх навін. Функцыя праваабарончых медыя змяняецца ад інфармавання да дакументавання на будучыню.

Ілюстрацыя створана БАЖ з выкарыстаннем Gemini
Пацверджанне запатрабаванасці беларускага кантэнту
Напрыканцы кастрычніка журналістка праваабарончага цэнтра «Вясна», стваральніца праваабарончага падкаста «Вясна прыйдзе» Кацярына Абромчык стала залатой пераможцай Мемарыяльнай прэміі імя Рыкарда Артэгі (The Ricardo Ortega Memorial Prize) у межах UNCA Awards 2026.
Узнагароду прысудзілі за выпуск падкаста пра тое, як Беларусь справаздачылася ў Камітэце ААН па правах людзей з інваліднасцю. Прызнанне на конкурсе Асацыяцыі карэспандэнтаў ААН (UNCA — гэта пул журналістаў, акрэдытаваных пры ААН і структурах ААН) стала яскравым пацверджаннем запатрабаванасці і высокага якаснага ўзроўню беларускага кантэнту.

Кацярына Абромчык. Фота: spring96.org
«Насамрэч прэмія для мяне стала абсалютнай нечаканасцю. Тым больш, што я стала менавіта залатой пераможцай. Там тры катэгорыі у розных кірунках. Другое месца заняў журналіст з Бразіліі, а трэцяе — журналістка, якая піша пра Афганістан. І сярод іх я з Беларусі, — распавядае ў гутарцы з БАЖ Кацярына Абромчык. — Калі я атрымала ліст ад UNCA, у якім паведамлялася пра маю перамогу, я была ў піцэрыі, якую адкрылі беларусы. Можа быць, яны таксама з’ехалі праз рэпрэсіі, не буду сцвярджаць, але падаецца, што так, з гэтай прычыны. Проста нейкае знакавае супадзенне.
UNCA даслала мне ліст падтрымкі на атрыманне амерыканскай візы. Спадзяюся трапіць у Нью-Ёрк. Таму што вельмі хацелася б, канешне, пабываць на гэтым урачыстым уручэнні, дзе ганаровым госцем будзе генеральны сакратар ААН Антоніо Гутэрыш, цікава пабачыцца ўжывую, скажам так. І класна, што тэма правоў чалавека ў Беларусі прагучыць з такой высокай трыбуны ў Нью-Ёрку.
Там будуць музычныя і галівудскія зоркі, якія, як ведаеце, часта робяцца амбасадарамі ААН у розных пытаннях, будуць вядомыя і ўплывовыя асобы. І гэта будзе яшчэ адна магчымасць нагадаць пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі».
«Больш наблізіць да людзей»
Кацярына Абромчык упэўненая, што праваабарончая журналістыка — цалкам адмысловы напрамак журналістыкі:
«Гэта кірунак журналістыкі, які займаецца асвятленнем парушэнняў правоў чалавека і не толькі, а таксама міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека. Вось з апошнім я зараз і працую, мне цікава асвятляць міжнародныя механізмы, што датычыцца правоў чалавека ў Беларусі. І я выбрала фармат падкасту, каб распавесці пра тое, як улады Беларусі справаздачацца. Каб паказаць і наблізіць да слухача гэты далёкі свет. Так, усё гэта транслюецца, але, шчыра кажучы, не кожны чалавек можа зайсці і праглядзець там шэсць гадзін справаздачнасці Беларусі».
Паводле журналісткі, яна вырашыла зрабіць гэта «больш прыбліжаным да як мага больш шырокага кола людзей».
«Што датычна пытання, наколькі праваабарончая адрозніваецца ад звычайнай навінавай журналістыкі — калі хтосьці піша, што кагосьці затрымалі, аштрафавалі, прыгаварылі і г. д. На маю думку, праваабарончая журналістыка яшчэ павінна ўлічваць кантэкст усяго гэтага: не проста чалавека затрымалі, а ці затрымалі яго адвольна, напрыклад, ці былі іншыя парушэнні правоў пры затрыманні, ці ўжываўся палітычна матываваны пераслед і г. д.», — кажа Кацярына Абромчык.
Але як ператварыць гэтую безліч інфармацыі, сабранай у межах маніторынгу, справаздач, хронікі, дакументавання, у журналісцкі прадукт, які будзе цікавы і зразумелы шырокай аўдыторыі. Журналістка мяркуе, што трэба шукаць баланс паміж дакументальным, насычаным юрыдычнай тэрміналогіяй, сухім расповедам і расповедам для шырокай аўдыторыі:
«Напрыклад, я пішу пра новы даклад спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нілса Муйжніекса. Шчыра скажу, калі я чытаю яго даклад на рускай мове (адна з моваў ААН), то там кожны сказ — гэта складаназалежны сказ, дзе ўсе часткі чапляюцца адно за адно, бясконцы проста. Я проста тэхнічна стараюся ператварыць гэта ў больш кароткія сказы і расставіць нейкія акцэнты. Насамрэч, мяркую, да канца складанасцяў не пазбегнуць, усё ж такі гэта юрыдычная мова. Як не пазбегнуць пэўных праблем і з перакладам з ангельскай».
Кацярына Абромчык узгадвае пра складанасці перакладу ў выпадку з «Accountability for Belarus»:
«Accountability вельмі дрэнна перакладаецца на славянскія мовы. Я ведаю, як гэта будзе па-беларуску, па-руску і па-польску. Падсправаздачнасць па-нашаму. Але гэтае слова настолькі далёкае звычайнаму чалавеку, ён можа проста не зразумець, пра што гэта ўвогуле — ну нейкая справаздача, патыхае бухгалтэрыяй ці нечым такім.
Таму я для «Вясны» напісала нават тлумачальны артыкул, што такое Accountability for Belarus. Мне ўсё гэта там тлумачыць вядомая праваабаронца Кацярына Дзяйкала. Ёсць жа яшчэ liability (адказнасць, звязаная з матэрыяльным пакрыццём шкоды) і responsibility (строга юрыдычная адказнасць за парушэнне нормы міжнароднага права).
Accountability — гэта тэрмін з самым шырокім значэннем з усіх трох. Ён дадае да responsibility аспект фокусу на ахвярах злачынстваў, іх рэабілітацыі, нармальнай працы інстытуцый для прыцягнення да адказнасці і больш шырокі абавязак парушальніка зведаць наступствы за зробленае, у тым ліку і ў сацыяльным сэнсе, а таксама абавязак тых, хто займаецца прыцягненнем да адказнасці, — зрабіць гэта эфектыўна. Гэта і працэс, і мэта, каб прыцягнуць да адказнасці. У нас жа accountability перакладаюць, паўтаруся, як падсправаздачнасць — і я разумею, што гэта трэба тлумачыць шырокаму колу чытачоў. Таму што вось такія нашы славянскія мовы, гэтае слова гучыць для слухача ці чытача проста як абсалютны нейкі бюракратычны фармалізм».
Але, як падаецца Кацярыне Абромчык, усё ж такі чытач праваабарончага цэнтра «Вясна» «больш падрыхтаваны, дасведчаны чалавек, які зробіць над сабой высілкі, каб паспрабаваць зразумець, што азначае ўся гэтая тэрміналогія»:
«Канешне, як і ў любой сферы, прафесійны ўзровень вымагае ўжо выкарыстання прафесійнай мовы, тэрміналогіі і г. д. Вось, напрыклад, вядзецца пра злачынствы супраць чалавечнасці. А што гэта такое? Гэта такія злачынствы, якія караюцца паводле міжнароднага крымінальнага права, у іх няма тэрміну даўніны і г. д. Але неабазнанаму спажыўцу трэба тлумачыць гэты ўвесь кантэкст».
Праваабарончая журналістыка траўматызуе
«Так, гэта пытанне — выгарання, траўмтызацыі — ляжыць на паверхні, але яно зусім непавярхоўнае, дакладна, — зазначае Кацярына Абромчык. — На маю думку, патрэбны комплекс мер: гэта і праца з псіхатэрапеўтам, і наяўнасць, можа быць, нейкіх фактараў падтрымкі ў тваім штодзённым жыцці, кшталту хобі ці штосьці яшчэ.
Тут варта яшчэ псіхалагічна выбудоўваць у сабе ўстойлівасць, як мне падаецца. З аднаго боку, не прапускаць занадта, не ўбіраць у сябе эмацыйны складнік, калі, напрыклад, хтосьці табе распавядае гісторыю катаванняў. З іншага боку, не станавіцца зусім чорствым і неэмпатычным. І гэта такі вось складаны баланс. І, кажучы мовай спецыялістаў, быць здольным да кантэйніравання эмоцый ці пачуццяў.
Неяк на журналісцкіх курсах я слухала адну ўкраінскую псіхалагіню, яна распавядала пра сваю працу ў крызіснай псіхалогіі. Дык вось яна раіла таксама знайсці ў сабе сваё слабае звяно і не працаваць з гэтай тэматыкай. Напрыклад, яна кажа: «У мяне ёсць малыя дзеці, таму я не магу працаваць з дзецьмі, якія зазналі, напрыклад, гвалт, бо гэта мяне трыгерыць асабіста». І калі ў вас ёсць такія трыгерныя тэмы, то дайце сабе дазвол сказаць, што з гэтай тэмай працаваць не буду. У мяне ёсць такая трыгерная тэма, з якой я працаваць не буду».
Як журналісту не згарэць ад навін, працы і жыцця ў эміграцыі: чэк-ліст ад БАЖ
Працаваць усё больш складана
Прадстаўнік беларускай рэгіянальнай праваабарончай супольнасці MAYDAY.TEAM, якая першапачаткова паўстала ў Магілёве, журналіст Н. скептычна глядзіць на цяперашні стан праваабарончай журналістыкі:
«Самае галоўнае, пра што б я сказаў наконт стану гэтага кірунку, гэта тое, што з кожным месяцам становіцца працаваць усё складаней і складаней. Поле зачышчана, людзі вельмі баяцца кантактаваць, шчыра кажучы, ніхто на сувязь з праваабаронцамі сам з месцаў ужо і не выходзіць.
Людзі пазбягаюць афіцыйных нейкіх кантактных дадзеных, вось, прыкладам, «Вясна» можа апублікаваць нашыя кантакты для сувязі, але людзі на гэтыя кантакты ўжо не выходзяць і выходзіць не будуць. Вельмі эфектыўнай аказаўся гэты прыём уладаў абвясціць «экстрэмісцкімі фармаваннямі», гэта рэальна вельмі эфектыўна працуе ўнутры Беларусі — людзі шарахаюцца ад усяго, што абвешчана «экстрэмізмам» і нават ад таго, што не абвешчана — а мала ці што».
Акрамя таго, зазначае Н., праваабарончыя сайты недасяжныя з тэрыторыі Беларусі:
«Вось выехаўшыя ў эміграцыю беларусы ўжо не заўжды разумеюць, што там, унутры краіны, зусім іншая інфапрастора, што ўсе гэтыя публікацыі, што яны робяць тут, не будуць прачытаныя ў Беларусі. Не думаю, што VPN тут дапаможа, не такая, з майго досведу стасавання з крыніцамі, у яго папулярнасць там.
І калі, напрыклад, чалавек у Беларусі пачынае шукаць кантакты праваабаронцаў, то пошукавікі не паказваюць вось гэтыя нашыя сайты, якія заблакаваныя ў краіне. Больш за тое, ёсць праблема ў тым, што штучны інтэлект унутры Беларусі больш арыентаваны там на «Яндэкс», на расійскія, кітайскія рэсурсы. Гэтыя сервісы зноў жа ігнаруюць беларускія арганізацыі і, напрыклад, могуць паказаць табе расійскі «Мемарыял», калі ты хочаш звязацца з праваабаронцамі, але ніяк не беларускія рэсурсы.
І з гэтым пакуль што няма як замагацца. Па вялікім рахунку, шмат якая інфармацыя зараз здабываецца праз асабістыя кантакты. Незнаёмыя крыніцы з табой ужо не звязваюцца, ранейшыя схемы не працуюць».
Журналіст лічыць гэта аграмаднай праблемай:
«Бо вал інфармацыі, якую мы распаўсюджваем з‑за межаў Беларусі, беларускага спажыўца ў Беларусі не знаходзіць старымі метадамі — сайты не працуюць, Telegram-каналы людзі самі выдаляюць, бо падпіска на іх занадта небяспечная і г. д.
Ізноў жа тут пад пытаннем эфектыўнасць нашай працы, бо дэ-факта атрымоўваецца, што мы працуем для замежжа па вялікім рахунку. То-бок па сутнасці можна казаць пра тое, што зараз праца журналіста-праваабаронцы зводзіцца да дакументавання на будучыню ды інфармавання замежнай супольнасці. Шырокага спажыўца не бачна, а па метрыках бачна, што ўнутры Беларусі прагляды падаюць і падаюць сур’ёзна».
Шукаць стратэгію
«Што з гэтым рабіць? На маю думку, гэта пытанне не да людзей, якія працуюць у полі. Мне падаецца, гэта пытанне да тых, хто мусіць працаваць над стратэгічным бачаннем, калі ёсць такія людзі, — разважае журналіст MAYDAY.TEAM. — Што да самога жанру праваабарончай журналістыкі, то яна ж дэ-факта стварае інфанагоды для «вялікай», так бы мовіць, журналістыкі, для папулярных грамадска-палітычных СМІ.
Праваабарончыя навіны — гэта заўжды была досыць спецыфічная інфармацыя, я бачу праваабарончую журналістыку як стварэнне інфанагод для медыя, якія мусяць ужо шырока распаўсюджваць інфармацыю. Але тыя медыя, якія зараз у выгнанні, яны маюць свайго спажыўца, пад якога адаптуюць сваю інфармацыйную палітыку.
І мне падаецца, шмат каму з аўдыторыі гэтыя вялікіх СМІ ўжо і нецікава чытаць нашыя праваабарончыя навіны, яны ніколі не былі аптымістычнымі і радаснымі, такая спецыфіка жанру. Калі людзі, напрыклад, хочуць браць польскія пашпарты, то ім, відаць, не вельмі ўжо і цікавыя кепскія навіны з беларускіх судоў ды турмаў. Калі чалавек больш не збіраецца вяртацца, хоча стоадсоткава інтэгравацца куды-небудзь, то навошта яму гэта інфармацыя? Прыярытэты мяняюцца».
***
Сучасная беларуская праваабарончая журналістыка апынулася на перакрыжаванні двух супрацьлеглых вектараў. З аднаго боку, яна дэманструе найвышэйшы прафесіяналізм, здабываючы міжнароднае прызнанне і выкарыстоўваючы глабальныя трыбуны для адвакацыі правоў чалавека.
Аднак унутры краіны эфектыўнасць традыцыйнай інфармацыйнай працы імкліва падае праз сістэмную блакаду, цэнзуру пошукавых алгарытмаў і вымушанае самаабмежаванне крыніц і спажыўцоў праз страх рэпрэсій.
У гэтых умовах праца журналістаў-праваабаронцаў усё больш набывае характар фіксацыі і дакументавання злачынстваў для будучага правасуддзя, а таксама стварэння інфанагод для замежнай супольнасці.
@bajmedia