«Размовы беларусаў пра сваё». Алесь Кіркевіч – пра новы праект на Белсаце «А хто там ідзе?»
«А хто там ідзе?..» – так называецца новая дыскусійная праграма на «Белсаце», прэм’ера якой адбылася 20 верасня. Круглы празрысты стол, за ім – тры ўдзельнікі, якія пачынаюць спрачацца пра… «харошых рускіх». Хто гэта і як да іх ставіцца? Такая тэма першага выпуску. А размова перад прэм’ерай – са стваральнікам і вядоўцам праграмы Алесем Кіркевічам.

Павел Усаў, Віталь Цыганкоў, Аляксандр Кныровіч і Алесь Кіркевіч падчас здымак праграмы «А хто там ідзе?». Варшава, Польшча. 13 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Белсат»: Алесь, у чым соль твайго новага праекту на «Белсаце»?
Алесь Кіркевіч: «А хто там ідзе?» – гэта інтэлектуальныя дэбаты. Удзельнікі праграмы не проста размаўляюць – яны спрачаюцца і праз спрэчку спрабуюць дайсці да ісціны. Будзем абмяркоўваць розныя балючыя пытанні і часам – сутыкаць людзей, якія стаяць на супрацьлеглых пазіцыях. Пляшкамі адно ў аднаго апаненты кідацца не будуць, але спрэчкі – гарантуем. Ведаеш, на маю думку, у нашым беларускім сегменце людзі з рознымі поглядамі вельмі кампліментарныя адзін да аднаго, і часам трэба вывесці людзей з раўнавагі. Гэта мы і будзем рабіць.
«Пераадолець адчужанасць «Фэйсбуку»
– Слухай, але «у нашым беларускім сегменце», як кажаш, калі такія спрэчкі пачынаюць закіпаць у «Фэйсбуку», то сам ведаеш, ува што гэта выліваецца. Пра якую кампліментарнасць ты кажаш?..
– Згодны, у «Фэйсбуку» людзі часта сварацца, але гэта онлайн-сваркі. Людзі не бачаць адзін аднаго, не сутыкаюцца блізка. А тут мы будзем садзіць такіх фэйсбук-апанентаў за адзін офлайн-стол – круглы стол, каб яны маглі паглядзець адзін аднаму ў вочы і сказаць адзін аднаму тое, што думаюць. Нам самім цікава, як гэта будзе выглядаць. Нам хочацца пераадолець гэтую адчужанасць «Фэйсбуку», якая дае чамусьці прастору для абразаў і таго, што мы называем «бульбасрачам», і перавесці гэта ў культурную размову за адным сталом.
– Круглым.
– Круглым і празрыстым. Мы адзін да аднаго адкрытыя, і мы сядзім за адным сталом. Не будзе хаджэння па студыі, не будзе гасцей, якія сядзяць на крэслах і пляскаюць камусьці ў лапкі. Гэта будзе размова дарослых людзей пра тыя рэчы, пра якія варта паразмаўляць.
– А пра якія рэчы – варта?..
– Якія тычацца найперш Беларусі. Будуць тэмы і пра мінулае, і пра блізкае мінулае. Напрыклад, хто вінаваты ў тым, што ў 1994 годзе ўсё адбылося так, як адбылося. Ці была патрэбная і ці патрэбная зараз прыватызацыя? Ці патрэбная прыватная ўласнасць на зямлю? Гэта я да прыкладу. Розныя рэчы. Будзем гаварыць найперш пра сябе. Гэта размовы беларусаў пра сваё. Мы самі абмяркоўваем свае праблемы. Не рускія пра нас размаўляюць, не палякі, не літоўцы і не амерыканцы, а мы самі – пра сваё.
– Але, на момант, першы выпуск будзе прысвечаны «харошым рускім».
– Гэта будзе палітычная тэма з рускім следам. Але гэта будзе беларуская дыскусія.

Вядоўца праграмы «А хто там ідзе?» Алесь Кіркевіч. Варшава, Польшча. 13 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Як нам па дарозе не згубіць адзін аднаго»
– Назва праграмы «А хто там ідзе?..» не зусім дыскусійная, праўда? Усе ж ведаюць – хто. Чаму так назвалі?
– А вось – пытаннечка! Купала пра гэта пытаўся яшчэ больш за сто гадоў таму. Мне здаецца, гэта важная тэма, таму што мы не зразумелі насамрэч да канца – хто ж мы. Можам сказаць: «беларусы». Але так атрымліваецца, што ў гэтае слова кожны ўкладае сваё. У Краўцова гэта будуць адныя «беларусы», у Бабарыкі – другія, у Севярынца – іншыя. І так па спісе можам ісці вельмі далёка. Таму мы і будзем разбірацца, а хто там ідзе і як нам па гэтай дарозе не згубіць адзін аднаго. Ну, і кудысьці дайсці… Гэта самае галоўнае.
– Наконт дайсці. Інтэлектуальныя дэбаты ў тваёй праграме будуць даходзіць да нейкіх генеральных высноваў?
– Чыста драматургічна я раблю, зразумела, такія вельмі кароткія высновы, але кропку будуць ставіць нашыя гледачы, тыя, хто будзе глядзець і думаць. Мы не даём ніякіх рэцэптаў. Гэта не кухарская кніга беларускай палітыкі або беларускай ідэнтычнасці. Гэта, хутчэй, спроба задаць пытанні і выслухаць аргументы з аднаго і другога боку. Глядач, напэўна, будзе або выпрацоўваць сваю пазіцыю, або схіляцца да аднаго з прамоўцаў. Я бачу гэта так.
– Тры-чатыры суразмоўцы плюс ты ў якасці вядоўцы. Каго будзеш запрашаць для ўдзелу ў дэбатах?
– Палітыкі, палітолагі, эксперты, журналісты, дзеячы культуры і мастацтва – людзі, якіх пазнае глядач і якім ёсць што сказаць. Зразумела, што гэта не будуць тры-чатыры чалавекі, каторыя і так мільгаюць у СМІ. Не. Мы пастараемся падцягваць новых людзей. Галоўнае, каб яны маглі абгрунтавана данесці сваю пазіцыю. Зараз нам важна пачаць, а пасля будзем шукаць той аптымальны фармат, які будзе падабацца і нам, як стваральнікам, і гледачу, безумоўна.

Павел Усаў і Віталь Цыганкоў падчас здымак праграмы «А хто там ідзе?». Варшава, Польшча. 13 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Што чалавек сказаў – тое і застанецца ў гісторыі»
– У дыскусіі на якую тэмы ты б хацеў узяць удзел – не ў якасці вядоўцы! – у сваёй жа праграме?
– Ох, тут я не гатовы адказаць… Я б сядзеў і маўчаў, напэўна. Папрасіў бы: «Можна мне вадзічкі прынесці?» (смяецца).
– Ага, жартуеш. Добра. Хіба ў тваёй праграме можна будзе адмаўчацца?
– Не, я буду выцягваць у людзей усё. Дарэчы, маўчуноў у нас пакуль яшчэ не было ў студыі.
– Маўчанне таксама можа быць аглушальным, асабліва калі гэта прамы эфір…
– На жаль, не. Праграма будзе ісці ў запісе.
– І тады ў каментарах напішуць, што дыскусія была несапраўдная, бо «няправільныя» думкі выразалі…
– Не. Мы будзем старацца ісці максімальна па хронаметражу адзін у адзін. Калі нешта і будзе выразацца, дык максімум чыесьці пакашліванні, умоўна кажучы. Па сэнсе выразаць нічога не плануем. Што чалавек сказаў, тое і сказаў – застанецца ўжо ў гісторыі. Цэнзуры не будзе. Зрэшты, я і не ўяўляю сабе, што там можна было б цэнзураваць. Мацюкі? Або што? Расейскую мову мы цэнзураваць не будзем.

Аляксандр Кныровіч падчас здымак праграмы «А хто там ідзе?». Варшава, Польшча. 13 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«А хто там ідзе?» – першы мой праект пра сучаснасць
– Алесь, многія ведаюць цябе найперш як аўтара праектаў, прысвечаных гісторыі. Ты аўтар праграмы «Каса на камень» на «Белсаце», серыялу «Беларусь 1863» на «Будзьме» ды іншых праектаў. І раптам – звяртаешся да сучасных праблем?
– «А хто там ідзе?» – першы мой праект пра сучаснасць. Праект, не засяроджаны адно на гісторыі. Я сапраўды да гэтага дайшоў. Па-першае, мне хочацца менш пісаць, а больш размаўляць, бо звычайна я больш пішу. Па-другое, у мінулым ёсць адзін вялікі мінус: ты нічога там не можаш змяніць. Можаш па-рознаму пра гэта мінулае распавесці, але ты яго не зменіш – яно было такім, як было. А тут – вядзецца пра жывыя рэчы, жывыя матэрыі, пра тое, што адбываецца ў нашай сучаснасці, пра тое, што яшчэ можна спраграмаваць, спрагназаваць, можа быць, на будучыню.

Павел Усаў, Віталь Цыганкоў, Аляксандр Кныровіч, Алесь Кіркевіч і Кацярына Адамская падчас здымак праграмы «А хто там ідзе?». Варшава, Польшча. 13 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
– І ты верыш, што гарачыя дыскусіі ў тэлебачанні могуць змяніць нашую сучаснасць да лепшага?..
– Мне хочацца ў гэта верыць. Хочацца верыць, што людзі, якія стаяць на розных пазіцыях, сеўшы за адзін круглы стол і паглядзеўшы адзін аднаму ў вочы, могуць знайсці агульную мову. Можа, нават змяніць сваё бачанне. Але спраўдзім гэта ў праграме.
– Хвалюешся перад прэм’ерай?
– Пэўнае хваляванне ёсць, таму што гэта новы для мяне жанр, і таму цікава, як людзі гэта ўбачаць і ці падтрымаюць. Хаця да крытыкі я стаўлюся спакойна. «А хто там ідзе?..» – эксперымент. І ў працэсе яго мы будзем змяняцца і ўдасканальвацца – будзем спрабаваць пяро і ўмацоўваць сваю праграму і візію праекту.
@bajmedia