У Анджэя Пачобута ў Беларусі патрабавалі тэлефон на праверку, а дадому прыходзілі сілавікі
Беларускія сілавікі спрабавалі праверыць тэлефон былога палітвязня, дзеяча польскай меншасці Анджэя Пачобута, калі той вяртаўся з Польшчы ў Беларусь. Затым да яго дадому прыходзіў міліцыянер і «запрашаў» у аддзяленне, але пазней міліцыя адмяніла візіт. Пра тое, як прайшла паездка ў Беларусь, Пачобут распавёў у эфіры Kanał Zero.

Анджэй Пачобут каля помніку Элізе Ажэшка ў Гродне. Фота: яго старонка ў Facebook
Паводле слоў былога палітвязня, памежнікі адразу праявілі да яго павышаную ўвагу.
— Калі [памежнікі] ўвялі дадзеныя [ў сістэму], загарэліся ўсе чырвоныя лямпачкі, — апісаў Пачобут.
Пасля гэтага да яго падышоў супрацоўнік Памежнага камітэта ў званні капітана і запрасіў прайсці «на размову», узяўшы з сабой тэлефон. На гэта былы палітвязень адказаў, што тэлефон у яго пры сабе, але прылада заблакаваная і ён «не зможа яе разблакаваць».
Супрацоўнік некалькі разоў выходзіў з кабінета і размаўляў з кімсьці па тэлефоне
На «размове» прысутнічалі трое сілавікоў: двое ў форме Памежнага камітэта, адзін — у цывільным.
— Было пытанне, калі я выязджаю. Здаецца, гэта было першае пытанне. Я кажу: «Гэта дзіўнае пытанне, таму што я толькі прыехаў. У прынцыпе, я прыехаў назаўсёды», — распавёў Анджэй Пачобут.
Супрацоўнікі зноў папрасілі даць тэлефон для праверкі. Пачобут адмовіўся.
— Я сказаў, што добраахвотна не аддам тэлефон, але яны могуць яго ў мяне забраць, выконваючы працэсуальныя прынцыпы, прадугледжаныя законам. І што добраахвотна не буду разблакаваць тэлефон, — распавёў Пачобут.
Адзін з супрацоўнікаў некалькі разоў выходзіў з кабінета, размаўляючы з кімсьці па тэлефоне. Пасля гэтага Пачобуту сказалі, што ён можа ўехаць у краіну. Уся «размова», паводле яго слоў, доўжылася каля дзесяці хвілін.
Яшчэ не распакаваў валізкі, як прыйшоў міліцыянер з відэарэгістратарам
Калі Анджэй Пачобут прыйшоў у сваю кватэру ў Гродне — «вельмі хутка, я яшчэ не распакаваў валізкі», — у яго дзверы пастукаў супрацоўнік міліцыі з уключаным відэарэгістратарам.
— Ён пачаў мяне распытваць, зноў жа, калі я выеду. Я кажу: «Хвілінку, я толькі прыехаў, куды я павінен выязджаць?» Па-другое, іх цікавіла, дзе я працую, які ў мяне нумар тэлефона — былі пытанні такога кшталту. Ён мне сказаў, што абыходзіць усіх жыхароў і што гэта [яго візіт] нельга разглядаць персанальна, — распавёў Пачобут.
Міліцыянер выйшаў на вуліцу, сеў у прыпаркаваны аўтамабіль, дзе былі два супрацоўнікі ў цывільным. Пасля размовы з імі праз некалькі хвілін ён зноў прыйшоў да Пачобута.
— Ужо не было ўключанага рэгістратара, і ён мне кажа, што я павінен прыйсці ў чацвер (размова была ў аўторак) у аддзяленне міліцыі ў дванаццаць гадзін. [Сказаў], што там хочуць са мной пагаварыць. Я кажу: ну што ж, добра — буду ў чацвер а дванаццатай, — узгадвае Пачобут.
Візіт адмянілі
Але візіт нечакана адмяніла сама міліцыя. Раніцай у сераду Анджэй Пачобут пайшоў у польскае консульства, дзе сустрэўся з консулам, а калі вярнуўся, жонка паведаміла, што з міліцыі тэлефанавалі на хатні тэлефон і сказалі, што Анджэю не трэба прыходзіць.
Пасля гэтага сілавікі не спрабавалі кантактаваць з Пачобутам ні непасрэдна, ні ўскосна. Таксама былы палітвязень распавёў, што падчас паездак па Беларусі не заўважыў за сабой сачэння.
Анджэй Пачобут — журналіст польскага выдання Gazeta Wyborcza і дзеяч Саюза палякаў у Беларусі. Ён знаходзіўся ў беларускіх турмах з сакавіка 2021 года да красавіка 2026 года, быў вызвалены падчас абмену зняволенымі на польска-беларускай мяжы. Прэзідэнт Польшчы ўручыў Пачобуту вышэйшую дзяржаўную ўзнагароду — ордэн Белага Арла, а яго справа прыцягвала ўвагу польскай грамадскасці і палітыкаў. 8 верасня Пачобут выехаў у Беларусь, дзе сустрэўся з бацькамі і актывістамі Саюза палякаў, наведаў памятныя месцы. 15 верасня ён вярнуўся ў Польшчу.
@bajmedia