TikTok праўладнага блогера з 37 тысячамі падпісчыкаў прызналі «экстрэмісцкім»
31 жніўня суд Лоеўскага раёна прызнаў «экстрэмісцкім» TikTok-акаўнт «Тот самый Белорус». Гэта акаунт праўладнага блогера з Мазырскага раёна Андрэя Нікіціна, піша «Гомельская Вясна».

Андрэй Нікіцін. Фота: Жыццё Палесся
На момант прызнання «экстрэмісцкім» у рэсурса было 37,3 тысячы падпісчыкаў і амаль 644 тысячы лайкаў, адзначае Telegram-канал «Витебск, я гуляю!» У апублікаваных роліках блогер у сваеасаблівай іранічнай манеры крытыкаваў Захад і апазіцыю, а таксама прасоўваў праўладныя наратывы, падтрымліваў Лукашэнку.
У 2024 годзе дзяржаўная «СБ. Беларусь сегодня» прысвяціла Нікіціну вялікі хвалебны матэрыял. Там яго называлі «байцом інфармацыйнага фронту», «нязломным і бескампрамісным» і распавядалі, як ён «фарміраваў інфармацыйны парадак дня». Зараз старонка, дзе размяшчаўся артыкул, пустая, але захавалася копія ў вэб-архіве. Таксама блогер даваў каментар мясцовай газеце.

Артыкул пра Андрэя Нікіціна ў выданні «СБ. Беларусь сегодня». Скрыншот: web.archive
Верагодна, у «экстрэмісцкі спіс» акаўнт Нікіціна трапіў праз саркастычныя (з пункту гледжання аўтара) загалоўкі: «Как режим Лукашенко издевается над белорусами», «Довел Лукашенко Беларусь», «Как белорусы живут в такой диктатуре». У роліках блогер распавядаў, як правіцель «здзекваецца» з беларусаў, «будуючы» ім дзіцячыя садкі, спартовыя пляцоўкі, роварныя дарожкі, «засяваючы» палі і «ствараючы» розныя іншыя даброты. Хутчэй за ўсё, суддзя не стаў адглядаць кантэнт, а вынес пастанову абапіраючыся выключна на назвы відэа.
@bajmedia