• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд на Мальце апраўдаў бізнесмена, якога вінавіцілі ў арганізацыі забойства самай вядомай журналісткі краіны

    Суд прысяжных на Мальце апраўдаў мясцовага бізнесмена Ёргена Фенека, якога абвінавачвалі ў арганізацыі забойства мясцовай журналісткі Дафны Каруаны Галіцыі ў 2017 годзе.

    Партрэт Дафны Каруаны Галіцыі на акцыі пратэсту з патрабаваннем адстаўкі прэм’ер-міністра Мальты Джозэфа Муската — фігуранта аднаго з расследаванняў журналісткі. Фота: Gugliel­mo Man­gia­pane / Reuters / Scan­pix / LETA

    Ёрган Фенек — уладальнік кампаніі, праз якую высокапастаўленыя палітыкі, што фігуравалі ў расследаваннях Каруаны Галіцыі, меркавана выводзілі грошы ў афшоры, — быў арыштаваны ў 2019 годзе. Пракуратура сцвярджала, што ён быў арганізатарам забойства, аддаў загад на яго непасрэднае здзяйсненне і аплаціў яго, піша «Медуза» са спасылкай на Asso­ci­at­ed Press.

    У 2021 годзе Фенеку афіцыйна прад’явілі абвінавачанні ў саўдзеле ў злачыннай змове. Бізнесмен сваёй віны не прызнаваў.

    Дафна Каруана Галіцыя, якую называлі самай вядомай журналісткай Мальты, спецыялізавалася на расследаваннях карупцыі. Яна выкрывала злачынствы на самым высокім узроўні, праліваючы святло на непразрыстыя сувязі паміж дзелавымі і палітычнымі элітамі Мальты. У яе расследаваннях фігуравалі людзі з бліжэйшага атачэння тагачаснага прэм’ер-міністра Джозэфа Муската. Яна таксама ўважліва вывучала дзейнасць прадстаўнікоў апазіцыі і кіраўнікоў мальтыйскага бізнесу.

    У 2017 годзе журналістку ўзарвалі ва ўласным аўтамабілі — праз некалькі месяцаў пасля публікацыі расследавання пра панамскія афшоры прэм’ер-міністра краіны Джозэфа Муската.

    У 2019 годзе арышт Фенека, вядомага сваімі сувязямі з высокапастаўленымі чыноўнікамі і палітыкамі, прывёў да палітычнага крызісу на Мальце і масавых пратэстаў, пасля якіх прэм’ер-міністр Мускат быў вымушаны сысці ў адстаўку.

    Фенек быў апошнім абвінавачаным па справе аб забойстве Каруаны Галіцыі. Да яго пяцёра чалавек, у тым ліку непасрэдныя выканаўцы забойства, атрымалі турэмныя тэрміны — ад 15 гадоў да пажыццёвага зняволення.

    «Сігнал тым, хто нападае на журналістаў»

    Пасля выраку суда сям’я Каруаны Галіцыі заявіла ў сваім звароце, што апраўданне Фенека «пазбаўляе яе правасуддзя, якога яна заслугоўвае», піша Euranews. Яе сын Мэцью Каруана Галіцыя назваў вердыкт прысяжных «жахлівым рашэннем… наступствы якога наша краіна, магчыма, ніколі не зможа пераадолець».

    Еўрапейскі цэнтр свабоды прэсы і медыя (ECPMF) заявіў, што гэты прысуд пасылае «трывожны сігнал тым, хто нападае на журналістаў і забівае іх».

    Праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) абвясціла, што «абураная да крайнасці».

    «Прысуд азначае, што амаль праз дзевяць гадоў пасля забойства Дафны Каруаны Галіцыі мальтыйскія ўлады так і не змаглі выявіць і асудзіць яго арганізатара. Неабходна дамагчыся поўнага правасуддзя, а ўлады Мальты нарэшце павінны ўкараніць даўно наспелыя меры па абароне журналістаў і свабоды медыя», — дадалі ў арганізацыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.