Беларускія ўлады абвесцілі «экстрэмісцкім» сайт найстарэйшай эстонскай газеты Postimees
Міністэрства інфармацыі Беларусі 11 жніўня чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Скрыншот сайта эстонскай газеты Postimees
Інтэрнэт-рэсурс з назвай Postimees (ідэнтыфікатар https://www.postimees.ee) быў уключаны ў гэты пералік у адпаведнасці з рашэннем суда Горацкага раёна Магілёўскай вобласці ад 6 жніўня 2026 года. Суд прызнаў сайт эстонскага выдання «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».
Postimees (у перакладзе з эстонскай — «Паштальён») — гэта найстарэйшая (створана ў 1857 г.), самая буйная і адна з найбольш уплывовых штодзённых газет у Эстоніі. У газеце ўздымаюцца самыя разнастайныя тэмы — ад навін унутры краіны да падзей міжнароднай палітыкі.
У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі і некалькі Telegram-ботаў, з дапамогай якіх у час пратэстаў 2020 года і на працягу некалькіх наступных гадоў распаўсюджваўся самвыдат. Гэта:
- Telegram-бот «Листовки бот» (ідэнтыфікатар https://t.me/listovki97_bot);
- Telegram-бот «Дистрибьютор бот» (ідэнтыфікатар https://t.me/distributorby_bot);
- Telegram-бот «Бот ByProsvet» (ідэнтыфікатар https://t.me/by_prosvet_bot).
Рашэнне лічыць кантэнт гэтых інтэрнэт-рэсурсаў «экстрэмісцкім» прыняў 6 жніўня 2026 года суд Ленінскага раёна Гродна.
Усе тры Telegram-боты звязаныя з медыяпраектам «БайПрасвет» і ініцыятывай «Честные люди». У Беларусі інтэрнэт-рэсурсы праекта прызнаныя часткай «экстрэмісцкага» фармавання «Вестники»: яны згадваюцца ў адпаведным рашэнні Міністэрства ўнутраных спраў ад 9 снежня 2022 года.
@bajmedia