Белтэлерадыёкампанія зробіцца часткаю прэс-службы Лукашэнкі? Што мяняе новы статут вяшчальніка
Дзяржаўная Белтэлерадыёкампанія 30 верасня атрымала істотна абноўлены статут, паводле якога нацыянальны вяшчальнік будзе арганізоўваць сваю працу. У дакуменце афіцыйна замацавалі існую практыку – прыярытэт асвятлення дзейнасці Аляксандра Лукашэнкі.
Акрамя таго, Нацыянальная тэлерадыёкампанія цяпер мае абавязак выконваць даручэнні ягонай прэс-сакратаркі. «Белсат» разам з экспертам разбіраўся, пра што сведчаць гэтыя змены.

Будынак Белтэлерадыёкампаніі на вуліцы Макаёнка, 9 у Менску. Фота: прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі
Новыя «кіраўнікі» Белтэлерадыёкампаніі
Новы статут быў зацверджаны ўказам Лукашэнкі № 326 і апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. Дакумент набыў моц з моманту афіцыйнай публікацыі.
Статут Белтэлерадыёкампаніі апошні раз абнаўляўся дзесяць гадоў таму. Цяпер у дакуменце з’явіліся раздзелы, якія адлюстроўваюць змены, выкліканыя часам. Напрыклад, там істотна пашырылі і канкрэтызавалі частку пра распаўсюд інфармацыі ў інтэрнэце, прапісалі з’яўленне прадстаўніцтва не толькі ў Маскве (РФ), але і ў Пекіне (КНР).
Сярод асноўных палітычных зменаў – пашырэнне кола тых, хто можа кіраваць дзейнасцю кампаніі. Паводле старых правілаў, Белтэлерадыёкампанія «падпарадкоўваецца і падсправаздачная прэзідэнту Рэспублікі Беларусь». У новым статуце дадаецца, што дзейнасць арганізуецца ў адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, намесніка кіраўніка Адміністрацыі, які курыруе інфармацыйную палітыку, і прэс-сакратаркі Лукашэнкі.
Асобна адзначаная задача асвятляць дзейнасць кіраўніка дзяржавы, гэта ж замацавана і сярод функцыяў Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі: «Забеспячэнне абʼектыўнага асвятлення дзейнасці» Лукашэнкі, «распаўсюджванне ягоных заяваў і зваротаў».
Апроч гэтага ў новым статуце прапісаная задача «ўмацавання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў».
У дакуменце зафіксаваная яшчэ адна хіба ўжо дзейсная для беларускіх дзяржаўных СМІ норма: аўдыя- і відэазапіс, фотаздымкі грамадзянаў можна праводзіць без іхнай згоды ў месцах масавага наведвання і на масавых мерапрыемствах, а пазней і выкарыстоўваць гэтыя матэрыялы (таксама без згоды герояў).
Беларуская прапаганда перайшла з унутраных на знешніх ворагаў. Што гэта азначае для медыя?
Статут пашырае крыніцы фінансавання кампаніі за кошт спонсарскай дапамогі і замежнай бязвыплатнай дапамогі. Артыкул 8 закону «Аб СМІ» забараняе фінансаванне СМІ замежнымі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, якія не жывуць у Беларусі, – за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі. Указ, якім зацверджаны статут, і ёсць такім актам: нацыянальны вяшчальнік атрымаў выключэнне з нормы, якая для незалежных СМІ зрабілася б падставаю для пераследу.
Яшчэ адна цікавінка: Міністэрства інфармацыі цяпер не толькі не ўваходзіць у спіс арганізацыяў, якія могуць кантраляваць дзейнасць Белтэлерадыёкампаніі, але і выключанае з працэдуры ўзгаднення яе бюджэту.
З новага статуту знікла згадка пра выкананне БТ «некаторых функцыяў органу дзяржаўнага кіравання» (напрыклад, вызначэння «адзінай тэхнічнай і тэхналагічнай палітыкі ў тэлерадыёвяшчанні і кантраляванне выканання стандартаў»).
Яркая змена ў кіраванні прапагандысцкай машынай
Ацаніць змены, паводле якіх зараз будзе працаваць Белтэлерадыёкампанія, Белсат папрасіў старэйшага аналітыка Media IQ Паўлюка Быкоўскага.

Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ
«З аднаго боку, усё выглядае як нібыта проста новы статут, а па-сапраўднаму я б у гэтым убачыў даволі яркую змену канфігурацыі ў сістэме прыняцця рашэнняў у прапагандысцкай і ў ідэалагічнай машынах, якія ёсць у кіроўным рэжыме», – пракаментаваў ён новы дакумент.
Эксперт кажа, што на першы погляд статут выглядае як тэхнічная мадэрнізацыя, але калі ўлічыць, як сёлета адбываліся кадравыя перастаноўкі ў ідэалагічнай сферы і прапагандысцкай машыне і ўзгадаць кадравы дзень 28 верасня, бачнае іншае. Быкоўскі лічыць, што гэта завяршэнне перабудовы дзяржаўнай ідэалагічнай прапагандысцкай машыны, якое пачалося вясною.
«Найперш цікава, як мяняецца падпарадкаванне Белтэлерадыёкампаніі», – адзначыў Быкоўскі.
Паводле звестак эксперта, прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант і раней мела даручэнне кіраваць Белтэлерадыёкампаніяй, але не наўпрост: яшчэ ўказам ад 2017 года ёй даручалася каардынацыя дзейнасці шэрагу буйных дзяржаўных СМІ, сярод якіх было і БТ.
«Цяпер прэс-сакратарка Лукашэнкі ўпісаная непасрэдна ў статут Белтэлерадыёкампаніі, а гэта, на хвіліначку, нацыянальны беларускі вяшчальнік. І цяпер ужо не каардынацыя, а кіраванне, то бок яна будзе даваць даручэнні кампаніі, а гэта ёсць падпарадкаванне», – кажа медыяэксперт.
«Гэта выглядае абсалютна вычварна», як дадаў ён, бо ў прэс-службы Лукашэнкі і нацыянальнага вяшчальніка прынцыпова розныя функцыі: першая працуе на аднаго чалавека, нацыянальны вяшчальнік – на ўсю Беларусь.
Паўлюк Быкоўскі лічыць гэта развязаннем канфлікту, які ў красавіку прывёў да пераводу Марата Маркава з пасады міністра інфармацыі на пасаду міністра культуры. Пры Маркаве, нагадаў эксперт, Мінінфарм займаўся «неўласцівымі функцыямі», пачаў «улазіць у справы тэлебачання, якое было вотчынай Эйсмант».
«На першы погляд гэта выглядае як перамога Эйсмант над Маркавым, але я думаю, што не ўсё так проста, бо і над Мінінфармам, і над прэс-службай прэзідэнта ў значнай ступені стаіць Пярцоў [першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі. – Заўв. рэд.]», – дадаў Быкоўскі.
Да таго ж, дадаюцца і іншыя «даручэнцы»: «Замест аднаго начальніка будзе шмат начальнікаў». У гэтых умовах таксама зніжаецца роля кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі.
«І хаця сёння гаворка ідзе пра адну сям’ю Эйсмантаў [кіруе Белтэлерадыёкампаніяй муж Наталлі Эйсмант Іван. – Заўв. рэд.], але сёння гэта Эйсмант, а заўтра можа быць хтосьці іншы. Сёння гэта, напэўна, не будзе ўтвараць канфліктнай сітуацыі, а заўтра – хто яго ведае», – падкрэсліў эксперт.
«Я не Лени Рифеншталь». Что происходило на БТ в день самого массового марша в истории Беларуси
Паводле яго, Лукашэнка традыцыйна сутыкае ілбамі сілавікоў, атрымлівае інфармацыю ад розных бакоў і такім чынам стварае канкурэнцыю паміж імі. Прызначэнне генерал-маёра Паўла Муравейкі намеснікам кіраўніка Адміністрацыі з даручэннем даваць «альтэрнатыўны, канкурэнтны пункт гледжання» на армію ў абыход Мінабароны і Савету бяспекі – гэта свежы прыклад менавіта такога прыёму ў сілавой сферы.
Але цяпер, лічыць эксперт, тое ж самае робіцца і ў ідэалагічнай сферы. У той жа кадравы дзень 28 верасня дырэктарам Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў замест Алега Макарава, выхадца з Дзяржсакратарыяту Савету бяспекі, быў прызначаны Андрэй Кунцэвіч – былы намеснік кіраўніка Адміністрацыі ў справе ідэалогіі і першы намеснік міністра інфармацыі. Лукашэнка пры гэтым наўпрост сказаў, што інстытут «можа канкураваць і з прэс-службай прэзідэнта, і з Адміністрацыяй прэзідэнта ў пэўных кірунках» і мусіць зрабіцца «апорай на ідэалагічным фронце».
«Гэта тая ж схема: некалькі цэнтраў, якія даюць даручэнні, і адзін выканаўца – Белтэлерадыёкампанія. Статут замацоўвае выканаўцу, а кадравыя рашэнні памнажаюць колькасць тых, хто мае права яму загадваць», – тлумачыць Быкоўскі.
Эксперт таксама звярнуў увагу, што замацаванне за тэлерадыёкампаніяй у якасці статутнай мэты асвятлення дзейнасці кіраўніка краіны «выглядае як дзейнасць часткі прэс-службы, а не нацыянальнага вяшчальніка».
«Адчуванне, што ўсё пераблыталася. Калі правесці паралель, ёсць такі фільм «Шоу Трумана», дзе здымалі шоу пра аднаго чалавека, які не ведаў, што пра яго здымаюць шоу. А тут усё наадварот: шоу робіцца для таго, каб паказваць краіне аднаго чалавека. І гэты чалавек ведае, што ўсё робіцца для яго. І гэты чалавек – Лукашэнка», – падсумаваў Быкоўскі.
@bajmedia