• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Невінаватыя людзі апынаюцца ў турме». Алег Агееў — пра справы за «распальванне варожасці»

    За антываенны каментар – у турму. Беларусь не ваюе з Украінай. Але за словы спачування Украіне людзей саджаюць у турму. Ці можа сёння грамадзянін Беларусі абараніць свае элементарныя правы? Ці засталіся ў краіне механізмы іх абароны?

    Фота: Tow­fiqu barb­huiya / pexels.com

    Справа грамадзяніна Беларусі, 50-гадовага работніка банку МТБ Аляксандра Семіглазава, выклікала чарговую дыскусію ў сацыяльных сетках. Менскі гарадскі суд асудзіў яго за крытыку дзеянняў Расеі ў вайне супраць Украіны. «Наша Ніва» паведаміла, што мужчына ў сацыяльных сетках называў расейскіх вайскоўцаў «акупантамі», а расейскую ўладу – «фашысцкай». Суд кваліфікаваў гэта як распальванне варожасці паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу. Дакладна невядома, які быў прысуд. Артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, арышту, абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўлення волі на такі ж тэрмін.

    Справа Семіглазава сталася адной з дзясяткаў падобных, калі людзей караюць за выказванне свайго меркавання пра вайну. Афіцыйнай публічнай інфармацыі пра колькасць такіх справаў няма, бо Вярхоўны суд не публікуе падрабязнай статыстыкі наконт большасці палітычна матываваных артыкулаў.

    Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляў, што з 2020-га да 2023 год у Беларусі былі асуджаныя не менш за 447 чалавек паводле арт. 130 КК. З іх 113 чалавек судзілі выключна паводле гэтага артыкулу, без іншых абвінавачанняў, што маглі паўплываць на пакаранне. База The Detained станам на 10 верасня 2026 года налічвае 294 дакументаваныя справы, у якіх людзям выстаўлялі абвінавачанне паводле арт. 130. Гэта толькі тыя справы, якія былі апублікаваныя і дакументаваныя. У 196 выпадках яны скончыліся рэальным пазбаўленнем волі. Human Con­stan­ta паведамляла, што толькі за першыя тры месяцы гэтага года 29 чалавек былі залучаныя ў пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.

    Грамадзянаў Беларусі пачалі судзіць за антываенныя выказванні і спачуванне Украіне адразу пасля поўнамаштабнага расейскага ўварвання. Самае масавае затрыманне было 27 і 28 лютага 2022-га. У краіне тады паводле звестак «Вясны» затрымалі не менш за 1575 чалавек. Большасць з іх арыштавалі на розныя тэрміны, а супраць 56 асобаў распачалі крымінальныя справы. Потым людзей затрымлівалі за плакаты «Не вайне», публічныя выказванні і нават за ўкраінскую сімволіку. Паводле звестак ПАРЕ, людзей затрымлівалі таксама за выкананне гімну Украіны. Антываенная пазіцыя спыняецца ўладамі і кваліфікуецца як распальванне варожасці.

    Алег Агееў, кіраўнік Прававога цэнтру БАЖ, мяркуе, што ў Беларусі практыка ўжывання артыкулу 130 супярэчыць не толькі прававым нормам, але і здароваму сэнсу.

    Алег Агееў на канферэнцыі «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Вільня, 18 верасня 2026 года. Фота: БАЖ

    «На старонцы БАЖ можна ўбачыць некалькі дзясяткаў дакументаваных злачынстваў дзяржаўнай прапаганды, дзе аргументавана і кваліфікавана разбіраюцца крытэрыі – як з гледзішча міжнародных стандартаў, так і таго, як гэта мусіць правільна ўжывацца на нацыянальным узроўні. Гэта канкрэтныя матэрыялы і канкрэтныя выказванні беларускіх прапагандыстаў.

    Але дзяржаўныя органы крымінальнага прымусу бяздзейнічаюць і ігнаруюць гэта. Затое прыцягваюць да адказнасці людзей, якія негатыўна выказваюцца пра прадстаўнікоў улады або прадстаўнікоў розных дзяржаўных органаў. Трактуюць гэта як распальванне варожасці, і людзі атрымліваюць рэальнае пазбаўленне волі», – кажа Агееў.

    Алег Агееў мяркуе, што сілавікі выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі з ужываннем штучнага інтэлекту, каб знаходзіць людзей, супраць якіх будуць распачынацца крымінальныя справы. На ягоную думку, усё гэта робіцца з мэтаю запалохвання насельніцтва і абмежавання грамадскай дыскусіі.

    Агееў перакананы, што ў будучыні, на этапе аднаўленчага правасуддзя, тыя асобы, якія вінаватыя ў стварэнні сітуацыі, калі невінаватых саджалі ў турмы за рэалізацыю сваіх правоў, а тых, хто здзяйсняў злачынствы, ігнаравалі, будуць прыцягваць да адказнасці.

    «Следчыя – гэта даўно не самастойныя фігуры і толькі выконваюць загад. Яны перасталі абцяжарваць сябе неабходнасцю даказваць склад злачынства. Фактычна людзей караюць за іншадумства. Важныя не дзеянні, а толькі фразы, якія ўжыў чалавек. Маркерам служаць ягоныя выказванні, што адрозніваюцца ад дзяржаўнай палітыкі ў разуменні асобы, якая афармляе палітычна матываваную справу. Невінаватыя людзі апынаюцца ў турме», – сказаў Агееў «Белсату».

    «Ацэнка палітычнай сітуацыі грамадзянінам не павінна нідзе цягнуць за сабой ніякага пакарання. Гэта нармальная грамадская дыскусія. Толькі так фармуецца здаровае грамадства», – дадаў ён.

    Алег Агееў мяркуе, што сёння ў Беларусі няма ніякіх механізмаў абароны правоў грамадзянаў. Адсутнічаюць інстытуты, якія маглі б абараніць хоць адно парушанае права. У большасці краінаў гэта суды, омбудсманы, пракуратура. У Беларусі яны не выконваюць сваіх функцыяў. Суды, якія мусяць абараняць правы грамадзянаў, ёсць звёнамі палітычна матываваных рэпрэсіяў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.