«Падляшша недаацэненае новымі эмігрантамі». Беларус стварае фотапраект, прысвечаны аканіцам хат на польскім памежжы
Амаль кожныя выходныя Сяргей Пехцераў едзе цягніком з Варшавы да Беластока, а пасля перасаджваецца на ровар, каб праехацца па вёсках Падляшша. Усё дзеля таго, каб сфатаграфаваць вокны і аканіцы хат, што стаяць на польска-беларускай мяжы.
У яго архіве ўжо больш за сотню такіх аканіц. MOST даведаўся ў Сяргея, навошта яму гэтыя кадры.

Сяргей Пехцераў. Крыніца фота: MOST
«Як беларус адчуваю адказнасць за тое, што на мяжы пабудавалі плот»
Зімой Сяргей падаў дакументы на міжнародную абарону — падчас разгляду справы пакідаць Польшчу нельга. Беларуса гэта не засмуціла: ён ведаў, што на Падляшшы захавалася старая драўляная архітэктура, адрозная ад той, якую можна пабачыць у іншых частках краіны, але часткова падобная да беларускай. Ведаў Сяргей і пра «Краіну адчыненых аканіц» — вёскі, якія прывабліваюць турыстаў маляўнічымі фасадамі.
— Вырашыў, што хачу аб’ехаць усё Падляшша — тым самым я сублімую недахоп маёй роднай вёскі, прыроды. Плюс хацеў зрабіць штосьці карыснае для гэтага рэгіёну, бо як беларус трошкі адчуваю адказнасць за тое, што на мяжы пабудавалі плот і з‑за гэтага [польскі] турыстычны бізнес пайшоў уніз, — кажа Сяргей.

Фота з падарожжа Сяргея. Крыніца: trip.akanicy.pl
Мужчыну засмучала, што турысты абіраюць горы або мора, але не звяртаюць увагі на памежны рэгіён.
— Там ёсць, што паглядзець: зубры, пушча з адзіным лесам, які ўваходзіць у спіс ЮНЭСКА, сапраўды цікавыя вёскі з добразычлівымі людзьмі, якія могуць пачаставаць грушамі, — тлумачыць сваю зацікаўленасць Падляшшам Сяргей.
Спіс вёсак браў з дзяржаўнага рэестра
Спачатку беларус хацеў проста бліжэй пазнаёміцца з рэгіёнам. Але пасля прыдумаў сабе місію — зрабіць экспедыцыю па аканіцах. Чым больш ён паглыбляўся ў тэму вясковых падляшскіх хат, тым мацней маштабавалася ідэя будучага праекта.
— Спачатку з сайта дзяржаўнага рэестра браў спіс вёсак, пасля кожную з іх праглядаў на Google Maps. Аказалася, што больш за 300 вёсак маюць падобныя аканіцы. Мне стала цікава: якіх тыпаў і колераў яны бываюць, у якім стане дамы, — кажа Сяргей.

Фота з падарожжа Сяргея. Крыніца: trip.akanicy.pl
Два месяцы ў яго пайшло на тое, каб праглядзець здымкі вёсак на Google Maps. Кожную з хат з аканіцамі Сяргей фіксаваў і ўносіў у спецыяльную табліцу. А з надыходам цяпла перайшоў да непасрэднага здзяйснення экспедыцый.
— Па сутнасці, я зрабіў дзве вялікія вандроўкі. Першую — анлайн, а другую — фізічна, бо мне хочацца праехацца амаль усюды, — усміхаецца суразмоўца.
«Усё, больш не паеду»
Перад паездкай малады чалавек распрацоўвае маршрут — імкнецца за адну паездку ахапіць як мага больш вёсак. Працэс не хуткі, бо трэба ўлічваць расклад цягнікоў, рамонт дарог і стан трасы — гэта займае ў Сяргея каля гадзіны.
Пасля, часцей за ўсё ў выходныя, беларус дабіраецца з Варшавы да Беластока або Седліц цягніком. Ужо адтуль, у залежнасці ад маршруту, роварам або рэгіянальным цягніком едзе да патрэбных кропак. За некалькі месяцаў працы над праектам малады чалавек паспеў зрабіць 14 экспедыцый.
— Дзве з іх зрабіў на машыне, бо, калі едзеш роварам, вельмі важна паспець на цягнік. Але на Падляшшы ёсць вёскі, дзе вельмі шмат дамоў — я наўпрост разумеў, што мне не хопіць часу.

Фота з падарожжа Сяргея. Крыніца: trip.akanicy.pl
Спачатку беларус планаваў маршруты на 50–60 кіламетраў, але пазней іх працягласць павялічылася да 100 кіламетраў.
— Бывае, што, каб дабрацца да вёсак, трэба ехаць праз лес — і там замест дарогі пясок. Ехаць вельмі цяжка, стамляешся. Таксама гэта рэгіён, дзе не заўсёды бывае інтэрнэт. Прыязджаеш на чыгунку і думаеш: «Усё, больш не паеду», — прызнаецца суразмоўца.

Фота з падарожжа Сяргея. Крыніца: trip.akanicy.pl
«Мяне натхняе гісторыя Напалеона Орды»
Абавязковая ўмова кожнага падарожжа Сяргея — сфатаграфаваць дамы з аканіцамі.
— Мяне натхняе гісторыя Напалеона Орды, які ездзіў і маляваў замкі ды фальваркі. У пэўны момант я падумаў: а чым я горшы? Бо, калі нешта ствараеш, цікавей жыць, — разважае ён.
З кожнага падарожжа малады чалавек робіць асобны анлайн-альбом — туды трапляюць здымкі аканіц, агульныя краявіды вёсак і прырода Падляшша.
— Па кожным доме ў мяне ёсць адзначаная лакацыя, здымак з Google Maps і здымак, які зрабіў я. Пасля планую класіфікаваць хаты па колерах аканіц, каб геаграфічна можна было зразумець, які майстар над імі працаваў.

Фота з падарожжа Сяргея. Крыніца: trip.akanicy.pl
Падчас падарожжаў здараюцца нечаканасці. Часам бывае, што хату ўжо знеслі або ўладары замест арыгінальных аканіц паставілі больш сучасныя. Але прыемныя сюрпрызы таксама бываюць.
— Прыязджаеш у вёску і бачыш, што аканіцы дабудавалі. І так у кожнай вандроўцы: прывожу на 10–15 здымкаў больш, чым планаваў. Таму гісторыя з аканіцамі — жывая, — кажа Сяргей.
«Асабісты атлас Беластока». Гродзенскі фатограф выдаў у Польшчы кнігу пра жыццё ў эміграцыі
«Дакладна праехаў больш за палову з таго, што планаваў»
Сяргей вядзе спецыяльны візуалізаваны ўлік вёсак с аканіцамі. Аналізуючы яго, беларус прыйшоў да высновы, што больш за ўсё такія хаты сканцэнтраваныя ў зоне паміж Белавежскай пушчай і Бельскам-Падляшскім.
Пакуль малады чалавек не паспеў наведаць Сувалкскі рэгіён, але мае надзею даехаць і туды. У планах — яшчэ дзве вандроўкі па 100 кіламетраў.
— Я дакладна ўжо праехаў больш за палову з таго, што планаваў. Калі здымкамі запаўняю базу з дадзенымі, думаю, як класна я скатаўся, — кажа Сяргей.
Канчаткова экспедыцыі скончацца ў лістападзе — пасля ездзіць на ровары будзе нязручна.

Фота з падарожжа Сяргея. Крыніца: trip.akanicy.pl
«Падляшша недаацэненае новымі эмігрантамі»
Праект Сяргея на гэтым не закрыецца. Беларус плануе стварыць спецыяльную анлайн-мапу з маршрутамі і здымкамі для падарожнікаў, дзе пазначаная інфармацыя будзе дубліравацца на польскай, беларускай і ўкраінскай мовах.
Другая частка праекта будзе рэалізаваная афлайн — Сяргей хоча выдаць альбом з фотаздымкамі падляшскіх аканіц. У зборнік ён таксама плануе дадаць інфаграфіку.
— У альбоме не хачу рабіць аніякіх высноў, а наўпрост хачу паказаць, як было раней, як цяпер і што чакае ў будучыні, — дадае Сяргей.
Разважаючы пра лёс невялікіх мястэчак, ён прыгадвае родную вёску ў Гомельскай вобласці. Калі Сяргей быў яшчэ падлеткам, яна яшчэ жыла, але імкліва знікла цягам пяці гадоў.
— І я вельмі цешуся, што гісторыя Падляшша жывая, што людзі надалей набываюць тут хаты, а некаторыя будуюць на гэтым бізнес — хацелася б гэта захаваць. Лічу, што рэгіён пакуль трошкі недаацэнены новымі эмігрантамі, спадзяюся, яны таксама даведаюцца пра гісторыю Падляшша.
@bajmedia