«Белсат» абвясціў новы сезон. У эфір вяртаюцца і былыя палітвязні
Тэлеканал «Белсат» абвясціў пра запуск новага сезона з рэкорднай колькасцю прэм’ер. У эфіры з’явяцца новыя інфармацыйныя і аўтарскія праграмы, праекты пра беларускую гісторыю, бяспеку, прапаганду і культуру.

Восеньскі сезон на «Белсаце»
«Такога сезона на «Белсаце» яшчэ не было, — напісала на сваёй старонцы ў Facebook кіраўніца тэлеканала Аліна Коўшык. — Мы ўваходзім у восень з рэкорднай колькасцю прэм’ер: новымі праграмамі, новымі эфірамі, новымі тварамі і вельмі важнымі вяртаннямі».
У эфір вяртаюцца трое журналістаў, якія яшчэ нядаўна былі палітычнымі зняволенымі.
Так журналістка Кацярына Андрэева зробіцца адной з вядоўцаў вечаровай праграмы «Студыя «Белсат» у новым сезоне тэлеканала.

Кацярына Андрэева. Скрыншот з цізера «Белсат»
Да вечаровага эфіру далучаецца экс-працаўнік Белтэлерадыёкампаніі Дзмітрый Семчанка. Акрамя таго, па суботах ён будзе весці аўтарскую праграму «Дэкодар з Семчанкам» пра прапаганду і інфармацыйныя маніпуляцыі.

Дзмітрый Семчанка. Скрыншот з цізера «Белсат»
Журналіст і грамадскі дзеяч Павел Мажэйка з «Белсатам» ад самага пачатку яго заснавання. Цяпер ён будзе весці аўтарскую праграму «Беларускі след» пра малавядомыя падзеі XX стагоддзя, а таксама браць удзел у спецыяльных праектах канала і развіваць супрацу «Белсата» з партнёрамі.
«Асабліва цешуся вяртанню Паўла Мажэйкі, чалавека, які стаяў ля вытокаў «Белсата» і, без перабольшання, стаў легендай беларускай журналістыкі. Неверагодна крута, што Павел вяртаецца да нас са сваім новым аўтарскім праектам», — падкрэсліла Аліна Коўшык.

Павел Мажэйка. Скрыншот з цізера «Белсат»
Якія яшчэ прэм’еры?
«Высновы» Віталя Цыганкова — «трапная аналітыка, пільны погляд дасведчанага журналіста і тлумачэнне таго, што насамрэч стаіць за навінамі».
Па буднях а 14‑й паводле беларускага часу выходзіць «Наш дзень», новы інфармацыйны эфір пра «навіны, блізкія людзям». Весці яго будуць Валер Руселік і Антон Бяляеў.
«Нацыянальны інтарэс» Сяргея Пелясы і Змітра Міцкевіча раскажа пра бяспеку Беларусі, геапалітыку, дачыненні з суседзямі і нашае месца ў Еўропе.
У «Калыханцы для дарослых» Дзяніс Дудзінскі будзе раскрываць вядомых гасцей з нечаканых бакоў.

Дзяніс Дудзінскі. Скрыншот з цізера «Белсат»
«А хто там ідзе?» з Алесем Кіркевічам — «інтэлектуальныя дэбаты пра важныя для нас як народа сэнсы: кім мы ёсць, што нас яднае, на якіх каштоўнасцях можа будавацца наша будучыня і як беларусам захаваць сябе ў часы вялікіх узрушэнняў». Алесь разам з вядомымі прадстаўнікамі беларускай думкі, культуры і палітыкі будзе разбураць звыклыя міфы, пераасэнсоўваць урокі гісторыі і шукаць адказы на складаныя пытанні сучаснасці.
«Талака» прапануе новы, эксперыментальны для «Белсата» фармат. Гэта дакументальны серыял-назіранне за жыццём беларускай пары, якая спрабуе пабудаваць уласны хутар на Падляшшы, знайсці сваё месца і вярнуцца да каранёў.
«Не да законаў» з Яўгенам Салянковым раскажа пра злачынствы, надзвычайныя здарэнні, рэпрэсіі, махлярства і рэальнае жыццё ўнутры Беларусі.
«Мне толькі спытаць» з Глафірай Жук прапануе вялікія і шчырыя гутаркі з вядомымі беларусамі пра актуальнае, вечнае і асабістае.

Глафіра Жук. Скрыншот з цізера «Белсат»
«Разам з новым сезонам мы запускаем і новую кампанію «Транслюем па-беларуску», распрацаваную спецыяльна для нас @bsmrtna. Яе сімвалам стаў бусел, у якім спалучаюцца гукавая хваля і сігнал трансляцыі. Ён ляціць угору, нагадвае спадарожнік і нясе беларускае слова далей, у Беларусь і свет, — абвесціла Аліна Коўшык. — Гаворым па-беларуску. Думаем па-беларуску. Пішам па-беларуску. Марым па-беларуску. Для нас гэта не проста новы візуальны стыль. Беларуская мова ёсць асновай таго, кім мы з’яўляемся і дзеля чаго працуем».
@bajmedia