Аналагавы адкат? Чаму калаж стаў настолькі актуальным сёння ў медыя
У эпоху звышхуткага спажывання інфармацыі звычайнае фота часта праносіцца міма вока гледача і не здольнае зачапіць яго ўвагу. Да таго ж сёння беларускія незалежныя медыя сутыкаюцца з сур’ёзным выклікам — яны не могуць здымаць унутры краіны. У такіх варунках калаж становіцца самым арганічным і магутным інструментам сторытэлінгу, які дазваляе змясціць у адной валізе цэлы свет.

Ілюстрацыя створана БАЖ з выкарыстаннем Gemini
Іншая візуальная мова
Пра тое, чаму калаж сёння настолькі актуальны, размаўляем з вядомай фатографкай, а цяпер і калажысткай Ірынай А. і Уладам Рубанавым, былым калажыстам KYKY і «Еўрарадыё», аўтарам праекта @rubanau_collage і адным са стваральнікаў праекта no i spoko :).
Ірына А. доўгі час працавала ў жанры фотарэпартажу для вядомых беларускіх медыя, потым — эміграцыя, пошук новых візуальных сродкаў.
Яна прыйшла да калажу праз прафесійную і асабістую неабходнасць асэнсавання гранічнага чалавечага вопыту.
«Мой шлях да калажаў, думаю, супадае у нейкім сэнсе з агульнай тэндэнцыяй. Калаж вярнуўся ў актуальнае не толькі ж у медыя, ён стаў цікавым увогуле. І тут няма чагосьці звышновага, можам успомніць немца Хартфілда ці як калажыў у савецкай прэсе Родчанка. Можна прыгадаць шмат вядомых творцаў, якія цікавіліся і цікава працавалі ў калажы», — кажа Ірына А.
Хельмут Херцфельд амерыканізаваў свае імя і прозвішча, стаўшы Джонам Хартфілдам — такім чынам ён выказаў свой пратэст супраць германскага ваеннага патрыятызму, які захліснуў краіну пасля пачатку Першай сусветнай вайны. Стваральнік антыфашысцкага, антыімперыялістычнага фотамантажнага плаката.

«Хто чытае буржуазныя газеты, той становіцца сляпы і глухі. Прэч гэтыя атупляльныя павязкі!»

«Небяспечныя застольнікі»
Аляксандр Родчанка — адзін з заснавальнікаў канструктывізму, пачынальнік дызайну і рэкламы ў СССР, адзін з галоўных прадстаўнікоў фатаграфіі «Новага бачання».

«Крызіс»
Ірына А. заўважыла, што традыцыйныя медыя і фатаграфія сутыкаюцца з бар’ерам, калі гаворка заходзіць пра глыбокі псіхалагічны боль, вайну ці цяжкія траўмы — такія рэчы вельмі складана ілюстраваць і перадаць звычайным здымкам. Трэба іншая візуальная мова:
«Што да сённяшняга моманту, то, як мне падаецца, фатаграфія ўжо не заўжды можа ілюстраваць тое, пра што пішуць медыя. Часам ты ўжо не можаш раскрыць адной фатаграфіяй сутнасць напісанага, тэмы настолькі розныя — ад вайны да сучасных тэхналогій. Ну вось, напрыклад, у сваёй працы я вельмі моцна адчула, што калі матэрыял пра эміграцыю і герой/гераіня ананімныя, то ўжо адну валізку ты не пакажаш — колькі можна з тымі валізкамі, спажыўцу трэба больш.
Сучасны чалавек столькі ўсяго ўжо бачыў, яго трэба здзіўляць, проста добрым якасным здымкам валізак не зачэпіш яго ўвагу. З гэтай валізы трэба стварыць, не ведаю, цэлы свет, адкрыць яе з усім, што ёсць. Хуткасць інфармацыйнага спажывання прывяла да таго, што звычайнае фота можа проста пранесціся міма. Таму мне падаецца, што цяпер калаж у тым ліку праз гэта стаў такім запатрабаваным».
Калаж гістарычна ўзнік як рэакцыя на крызісы і служыў сродкам псіхалагічнай рэабілітацыі. І калаж дазваляе брацца за тэмы звышвысокай эмацыйнай складанасці.
Ілюструючы складаную і балючую справаздачу праваабарончага цэнтра «Вясна» пра гвалт у жаночай калоніі, мастачка зразумела, што перадаць гэты вопыт звычайнымі сродкамі немагчыма, а сам тэкст псіхалагічна цяжка прапусціць праз сябе. Так нарадзілася мастацкая канцэпцыя паказаць жаночую калонію як асобную планету.

Калаж Ірыны А. на тэму жаночых калоній
Да таго ж Ірына А. стварала візуальнае афармленне для аўдыякнігі Святланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва», працавала над ілюстрацыямі да тэксту пра прастытуцыю ў Аўшвіцы для Вольгі Бубіч і афармляла праекты для буйных замежных фондаў.

Калаж Ірыны А.
І прыйшоў ШІ
Ірыну А. не надта пужае імклівае пранікненне штучнага інтэлекту, у тым ліку і ў медыйны візуал:
«Я бачу, што шмат хто і з беларускіх медыя гэтым вельмі актыўна карыстаюцца. Бываюць ужо нават цэлыя майстар-класы, дзе вучаць, як рабіць калажы з дапамогай ШІ».
На думку калажысткі, штучны інтэлект не настолькі змяншае ролю мастака, як многія разважаюць:
«Мяркую, што з наяўнасцю мастацкага густу можна стварыць неблагі кантэнт праз ШІ, які будзе чапляць вока чытача. Але ШІ не адмяняе веданне кампазіцыі, колеру, спалучэнняў і г. д. Чалавек павінен, калі ён піша промпт, разумець, што ён хоча, проста «зрабі мне абстрактную ілюстрацыю на тэму такую вось» — не пройдзе.
Я ж у сваёй практыцы выкарыстоўваю ШІ, хутчэй, каб атрымаць нейкія элементы, якія могуць прыдасца мне ў калажы. Вось калаж з вачамі ў ячэйках сеткі-рабіцы — для матэрыялу «Вясны» пра сістэмы назірання, кантроль. Дык вось ШІ даў мне доступ да такіх выяў, да якіх у мяне не было доступу.
Раней я сабрала б масіў гэтых сетак-рабіц і вышуквала сярод яго менавіта патрэбны мне ракурс. У выніку сядзела б і малявала ў фоташопе поўдня. А цяпер мне проста трэба напісаць якасны промпт, закінуць вялікі масіў таго, што я знайшла ў інтэрнэце, і атрымаць тое, што мне трэба з гэтых кавалкаў. А туды ўжо накладаю тыя чалавечыя вочы. Але фон пры гэтым я заўжды раблю сама рукамі».

Калаж Ірыны А.
Улад Рубанаў, які займаўся калажамі ў KYKY і «Еўрарадыё» (многія з нас памятаюць адметныя серыі ілюстрацый на ЕРБ, «псіхадэлічныя», як ён сам іх называе), кажа, што канкурэнцыі з ШІ ўвогуле не адчувае:
«Раней, калі ўсё толькі стала з’яўляцца, вельмі турбаваўся, але цяпер неяк не думаю пра гэта — ні жадання, ні часу няма, бо справы трэба рабіць, хочацца ствараць і жыць жыццё».

Калаж Улада Рубанава для артыкула «Еўрарадыё» «Куды Ціханоўская пашле? Ці збіраюцца каліноўцы ўдзельнічаць у сілавым сцэнары»
Самастойнае журналісцкае выказванне ці ўсё ж дадатак да матэрыялу
«Залежыць ад задачы. Першапачаткова я гэта разглядала толькі як ілюстрацыю да матэрыялу, то-бок такі дадатковы элемент сторытэлінгу.
Але з часам мая практыка развілася так, што цяпер гэта можа быць, наадварот, самастойным выказваннем, пра якое могуць напісаць медыя. Напрыклад, калаж, які зараз у прэм’еркі Італіі. Я зрабіла яго для сябра — вельмі хутка, ды хвілін за шэсць, мяркую, дзесьці так. А потым усё гэта пачало жыць сваім жыццём.
І там ёсць шмат сэнсаў. Безумоўна, я першапачаткова закладала, што там будуць фонам Шабаны (раён, дзе жыў сябра) плюс жанчына з фота Яна Булгака, якая жыла за сто гадоў да з’яўленння сённяшніх Шабаноў і г. д.», — распавяла пра гісторыю адной з самых вядомых сваіх прац Ірына А.
Пазней гэты калаж быў падораны прэм’ер-міністарцы Італіі Джорджы Мелоні. Трапіўшы ў новы кантэкст, твор цалкам змяніў сваё напаўненне і аброс новымі сэнсамі. Напрыклад, у ім пачалі бачыць маніфест фемінізму і цяжкую жаночую долю жанчын Усходняй Еўропы, якія ў часы войнаў трымаюць усё на сваіх плячах. Як кажа Ірына А., гэта яскравы прыклад таго, як працуе сучаснае мастацтва — «першапачатковы імпульс быў выключна асабістым і хуткім».

Падарунак Джорджы Мелоні. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
«У медыя, на маю думку, калаж — гэта ўсё ж проста дадатковы інструмент сторытэлінгу, але ён можа быць вельмі моцным інструментам. Вось напрыклад як у гэтым матэрыяле расійскіх журналістаў пра расійскага «Доктара Зло» і катаванні ўкраінскіх ваеннапалонных, — лічыць Ірына А. — Гэта вельмі крута. Варта паглядзець, як можна зрабіць, калі ў аўтараў у лепшым выпадку ёсць доступ да нешматлікіх і няякасных фота ды нейкіх афіцыйных дакументаў судовых ці паліцэйскіх».


Калаж Ірыны А.
Пры гэтым зараз у буйных сусветных медыя «калажыст — гэта паўнавартасны сябра рэдакцыі, цэлы аддзел можа працаваць на калажы».
У беларускіх жа медыя проста няма на гэта грошай: пасля эміграцыі ў многіх рэдакцыях няма нават фотааддзелаў, фотарэдактараў і фатографаў.
«Я не вельмі шару за тэндэнцыі сучасных медыя, — кажа Улад Рубанаў. — Але, як па мне, калаж заўсёды быў часткай медыя прасторы — тых медыя, якім цікава не толькі інфармацыя, але і візуальная эстэтыка. Згадаць толькі як несліся «Батенька, да вы трансформер» або нашыя 34mag ці KYKY.
На маю думку, калаж не з’яўляецца сам па сабе нечым такім, што можа прывабіць аўдыторыю. Гэта напрамак візуальнага выказвання, сэнс у тым, хто яго робіць і што ён хоча сказаць.
Я ўвогуле доўга не асэнсоўваў, як багата інфармацыйнай чэрні праз мяне праходзіць. Пратэсты і рэпрэсіі, потым вайна. І паток штодзённых артыкулаў пра нейкі трындос, які трэба візуалізаваць. Таму, напэўна, мне вельмі часта ў гэтым варушняку дапамагала іронія — часам, як смех скрозь слёзы.
Але часцей табе нічога не застаецца, акрамя як паказаць сумную праўду, прапушчаную праз свае адчуванні. Як, напрыклад, калі былі першыя кіеўскія блэкаўты».

Калаж Улада Рубанава да артыкула пра блэкаўты ва Украіне
«Мы перагружаныя лічбай»
Што да планаў Ірыны А, то яна спадзяецца, «што ў будучыні буду рабіць такія калажы, якія можна будзе праз ШІ-акуляры глядзець: аб’ёмныя, іх можна будзе штурхаць і яны будуць рэагаваць».
«Я ўяўляю сабе, што такая будучыня можа быць. Але ведаеш, свет імчыцца так хутка, так хутка мяняецца, што калаж таксама намыліць вока чытачам/гледачам і прыйдзе штосьці новае, зменіцца на нешта іншае. І мне яшчэ падаецца, што мы настолькі перагружаныя лічбай, што настолькі хочацца вось гэтага крафта, што, можа быць, рэдакцыі пачнуць вяртацца ўвогуле да малюнкаў, — кажа Ірына А. — Паглядзім, гэта цікава. Але пакуль, мне падаецца, калаж — гэта важная частка цяпер у візуале медыя. А ў беларускіх медыя важная яшчэ і таму, што нашы СМІ зараз проста не маюць доступу да здымкаў з Беларусі.
А калі і маем, то гэта кепская якасць, праз ТГ, сацсеткі і г. д. Вось і ў гэтым яшчэ прычына. Калаж у такіх варунках — гэта проста арганічна. Было б больш грошай у нашых медыя, былі б калажы ў кожнай рэдакцыі, гэта зразумела».

Калаж Ірыны А.
Як кажа Улад Рубанаў, ягоны шлях у калажы пачаўся з усведамлення фоташопу:
«Потым, калі працаваў на KYKY, вельмі часта трэба было нейкія ілюстрацыі падабраць, але не падбіраліся, а трэба ж было праілюстраваць нейкім чынам. А «Еўрарадыё» мне проста дало свабоду, абсалютны давер і дало тэксты, якія трэба ілюстраваць.
І гэта трэба было рабіць штодня. Таму калі я перастаў працаваць у медыя, то некаторы час нават не ведаў, што я сам для сябе магу нешта рабіць. Для мяне настолькі было натуральным чакаць, калі мне замовяць, папросяць зрабіць. Але сталі знаходзіцца людзі таксама і тут, якія замаўляюць штосьці. Зараз я фрылансер».

Калаж Улада Рубанава да артыкула пра сховішчы ядзернай зброі ў Беларусі
Пасля таго як шляхі Рубанава з «Еўрарадыё» разыйшліся: «Дзякуй Трампу, хе-хе, я не вельмі сачу за тым што візуальна там адбываецца, бо і сам зразумеў, як моцна выгарэў ад патоку навін».
«Я зараз сфакусаваўся на ўласнай творчасці і нарэшце пачаў рабіць для сябе. Калі казаць пра візуальную частку маёй творчасці, то згадаў пра сваю вельмі старую любоў да плаката і пачынаю крочыць у гэтым напрамку.
У сваіх плакатах я працую цалкам з рэдзімэйдамі — фрагменты маіх фота на стужку або тэлефон, або намаляваныя формы ці сказы, — распавёў мастак. — Яшчэ з жонкай мы пачалі рабіць праект no i spoko :). Яна вяжа іншапланетнікаў (медуз з іншай галактыкі, напрыклад), а я ілюструю планету, адкуль яны прыляцелі. Калаж тут — магчымасць распавесці пра тое, як выглядаў дом іншапланетніка. Таксама раблю анімацыю ў калажным стылі пад замовы».

Калаж праекта no i spoko 🙂
«Калаж — гэта панк і пратэст»: выхад за межы ўнутраных «ГОСТаў»
Слоган праекта «Рубанаў калаж» у Instagram — «Калаж — гэта панк і пратэст» — быў напісаны Уладам «даўно на эмоцыях». Хоць мастак часам думае змяніць яго, гэты выраз выдатна перадае яго стаўленне да мастацтва як да прасторы поўнай свабоды і нежадання трапляць у чужыя чаканні.
Улад шмат разважае пра шкоду ўнутранай цэнзуры і хору рацыянальных крытыкаў у галаве, якія перашкаджаюць творчасці. Ён адзначае, што апора на правілы «як трэба рабіць» часта ламае мастака. Вызваленне ад гэтага ціску дазваляе атрымліваць асалоду ад самога працэсу стварэння сусветаў, што значна больш каштоўна, чым простае чаканне фінальнага выніку і знешняй ухвалы:
«Гэты мой слоган, ён пра свабоду перадусім. І ў нечым, вядома, так — пра нежаданне трапляць у чаканні нейкіх нарматываў. Гэтых «ГОСТаў» у галаве чалавека, які кантактуе з апісаннем (і асабліва крытыкай) іншых людзей наконт розных праяваў мастацтва, так багата, што за гэтымі галасамі амаль немагчыма пачуць свой. За рацыянальнымі довадамі як правільна, а як не — складана прыдумаць нешта сваё. Бо ўсе людзі розныя, у кожнага свой сусвет, сваё жывое, якое заслугоўвае таго, каб быць народжаным, распаведзеным і пачутым.

Калаж Улада Рубанава да артыкула пра забароненыя кнігі
Але калі спрабуеш нешта нарадзіць, апіраючыся на тое, як правільна, а як не — будзеш трапляць у пастку ўяўлянняў і чаканняў іншых. У маім выпадку гэта мяне дахалеры разоў ламала, а потым я стаміўся і вырашыў прыбраць гэтую ўнутраную цэнзуру з хору рацыянальных крытыкаў у галаве і паглядзець, куды гэта можа прывесці. І па шчырасці, гэта адно з лепшых маіх рашэнняў у жыцці. Бо гэта падарыла мне шлях».
На сценах вуліцы Сталёвая, на Празе ў Варшаве, як кажа Рубанаў, ёсць «цудоўная праца нейкага мастака, дзе напісана «All rules are made up» і «dream big»:
«Пакуль мы разважаем у межах уласнай унутранай цэнзуры, то ніколі не зможам знайсці сябе. А «правілы» мне зараз падабаецца ўспрымаць не як догмы, а як падказкі: як можна памацаць працэс і куды паглядзець, каб зрабіць у радасць для сябе. Але менавіта адчуванні і сэрца — тваё жывое — тут за стырном, а не прачытаныя недзе «факты».
Калі азірнуцца навокал, то раптоўна можна пабачыць псіхадэлічнасць самаго жыцця і тую цудоўную вандроўку, якую яно нам прапануе.

Калаж Улада Рубанава да артыкула пра эмігрантаў у Францыі
Калі Улад Рубанаў працаваў з калажом у медыя, то «ён пачынаўся з загалоўка і агулам тэксту»:
«Прапусціць праз сябе і даць візуальную рэфлексію. Калі пачаў рабіць для сябе, то ўсё стала значна цікавей, бо з‘явіўся бязмежны абшар пачуццяў, космасу, які просіцца быць народжаным. Ну і плюс знаходзімся з людзьмі, у якіх ёсць цікавыя ідэі і іх прыкольна можна візуалізаваць. Мяне вабяць такія выклікі, яны мяне вучаць. Калі не ведаеш, як нешта можна зрабіць, але глядзіш у бездань і яна табе ўсміхаецца. Гэта заўсёды пра навучэнне нечаму новаму, а настаўнік тут — сэрца і жыццё.
З чаго пачаць, калі хочацца працаваць у гэтай тэхніцы? Каму што. Пачаць глядзець, напрыклад, з Pinterest. Пашукаць мастакоў розных, адчуць іх. Калаж — гэта не самамэта, а магчымасць перадачы сваіх пачуццяў. І тады спрабуйце, проста пачынайце нешта рабіць, крок за крокам без чаканняў, і назірайце, куды вас панясе. Вось напэўна і ўсё».
Арганічны адказ на крызісныя выклікі нашага часу

На Медыякэмпе «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ
Такім чынам, рэнесанс калажу ў сучаснай медыяпрасторы — гэта не проста даніна часовай візуальнай модзе, а арганічны адказ на крызісныя выклікі нашага часу.
У тэхнічным плане сучасны калаж развіваецца ў двух кірунках, але сёння назіраецца выразны зрух у бок матэрыяльнасці.
- Лічбавы калаж з фізічнымі элементамі: Ірына часта стварае працы на камп’ютары, аднак заўсёды суправаджае іх элементамі рэальнага дотыку. Напрыклад, выкарыстоўвае капірку і пакідае на ёй адбіткі ўласных пальцаў, каб стварыць непаўторную тэкстуру фону.
- Фізічны калаж: гэта найноўшы трэнд і асноўны запыт ад сучасных замоўнікаў. Чалавечае вока стамілася ад ідэальнай камп’ютарнай графікі, зараз вельмі цэніцца выкарыстанне старой паперы, фота, газет і да т. п., знойдзеных на барахолках.
У сітуацыі, калі традыцыйная фатаграфія трапляе ў тупік праз немагчымасць перадаць складаныя абстрактныя сэнсы ці банальнай адсутнасці бяспечнага доступу да якасных здымкаў з Беларусі, менавіта калаж становіцца выратаваннем для сторытэлінгу.
Ён дазваляе збіраць разбураны свет нанава, ператвараючы нізкаякасныя файлы з Telegram ці сухія афіцыйныя дакументы ў магутныя журналісцкія і мастацкія выказванні.
Калаж запаўняе пустэчу там, дзе камера фізічна бяссільная, ствараючы цэлыя сусветы, здольныя зачапіць стомленае ад бясконцага лічбавага скролінгу вока спажыўца.
@bajmedia